Грамадства

«Лепей адседжу, але ўцякаць не буду». Анжаліка Агурбаш расказала пра «футравы іск» на $82 000 і новую крымінальную справу

«Праўладныя тэлеграм-каналы павярнулі сітуацыю так, што нібыта я, бессаромная хлуслівая зладзейка, наўмысна падтрымала беларускую рэвалюцыю, каб выкруціцца з крымінальнага пераследу». Заслужаная артыстка Беларусі, беларуская і расійская спявачка і грамадская дзяячка Анжаліка Агурбаш расказала «Свабодзе Прэміум» пра новую крымінальную справу, заведзеную супраць яе ў Беларусі, а таксама пра тое, як пераслед беларускіх уладаў уплывае на яе жыццё і працу ў Расіі.

«Я цудоўна разумею, чаму гэта зроблена»

— Я найперш папрасіла б вас пракаментаваць інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ, пра тое, што пасля судовага іску «Белкаапсаюзу» з вас у Расіі збіраюцца спагнаць 6,1 мільёна расійскіх рублёў (амаль 82 тысячы даляраў). Такі рахунак выставіла Федэральная служба судовых прыставаў Расіі, і квітанцыя на аплату з'явілася ў базе судовых вядзенняў.

— Усім вядомая гучная справа пра футры, звязаная з маім імем, якая перарасла ў хадзячы анекдот. Я цярпліва маўчала, не рэагавала на правакацыі і гучныя загалоўкі прапагандыстаў кшталту «Зладзейка, вярні футры», на троляў, якія прыходзілі паўсюль, у тым ліку ў мае сацсеткі. Я цудоўна разумею, чаму гэта зроблена. Былі два запыты на маю экстрадыцыю ў Беларусь, Расія адмовілася гэта зрабіць. Як грамадзянка Расіі, я ў бяспецы, бо Расійская Федэрацыя не выдае сваіх грамадзян.

Але гэта ўсё нішто ў параўнанні з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, з людзьмі, якія сядзяць у турмах у нечалавечых умовах, у холадзе і голадзе. У мяне яшчэ лайтовая сітуацыя на гэтым фоне.

Прычапіцца да мяне не было да чаго — ані рэпутацыйна, ані юрыдычна. Дакументы, якія прыслалі ў Генеральную пракуратуру Расіі, гэтая аграмадная справа была нікчэмная, не было ніякай доказнай базы. Мае некалькі выхадаў да амбасады Беларусі ў Маскве не маюць дачынення да тых страшных абвінавачанняў і артыкулаў, якія мне выставілі.

«Чытаеш, што «будуць дапушчаныя дыпламаты і адвакаты» і «не будуць прымяняць катаванні і псіхатропныя прэпараты»

— Расія неаднаразова выдавала ўладам Беларусі грамадзян Беларусі, якія знаходзіліся ў Расіі. Калі ў вас захавалася беларускае грамадзянства, то менавіта яно прызнаецца беларускімі ўладамі. Ці перакананыя вы ў цяперашняй, неадназначнай сітуацыі ў Расіі, што вас не выдадуць?

— У мяне ёсць беларускі пашпарт серыі РР, і я стаю на ўліку ў амбасадзе. Я не магу сказаць, што я абсалютна спакойная. Усё непрадказальна ў гэтым свеце. Я разумею, што не проста так Лукашэнка даў указанне распачаць дзве крымінальныя справы. Мяне абмежавалі ў маіх перасоўваннях, мяне абмежавалі ў маёй працы, бо я не маю магчымасці выязджаць за тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. Пакуль я знаходжуся ў Расіі, я ў адноснай бяспецы. Калі не будзе ніякіх дыверсій… Канечне, гэта ўсё выбівае з жыцця, бʼе па нервах.

Я адважная, харахоруся, але, канечне, гэта ўсё няпроста. У тым ліку паходы ў Генпракуратуру, іншыя органы, тлумачэнні, так званыя допыты, натуральна, у паважлівай, лёгкай форме. У мяне бездакорная рэпутацыя. Я ў Расіі жыву ўжо 20 гадоў. У мяне тут напрацаваны статус, імідж, павага ў грамадстве. Я ніколі не была датычная да палітычных арганізацый, партый, ніколі не ўдзельнічала ў перадвыбарчых кампаніях. Прычапіцца не было да чаго.

Але фармулёўкі ўражвалі. Калі чытаеш, што патрабуюць твайго арышту ў Расіі і перадачы ў СІЗА № 1 у Мінску, на «Валадарку», з рэмаркай, што «будуць дапушчаныя дыпламаты і адвакаты» і «не будуць прымяняць катаванні і псіхатропныя прэпараты», то цябе пачынае «падкалочваць». Мы ж разумеем, што адбываецца ў Беларусі, што там абсалютнае беззаконне і няма ніякага сэнсу абараняць сябе ў судах. Гэта тычыцца і справы пра футры.

«Са мной доўга вялі перамовы, і я пагадзілася, бо праект быў цікавы, маштабны, дзяржаўны — беларускае футра, беларуская вытворчасць, беларускі дызайнер»

— Давайце пяройдзем да гэтай справы, якая з'явілася неўзабаве пасля вашых публічных заяваў пра сітуацыю ў Беларусі. З чаго ўсё пачалося?

— Усім зразумела, што гэта палітычная замова. Я даведалася з сацсетак пра тое, што эканамічны суд Мінска абавязаў мяне вярнуць калекцыю. Гэта было ў чэрвені 2021 года. Паседжанне суда было прызначанае на 10 гадзіну, а ў 10 гадзін 21 хвіліну, калі суд яшчэ працягваўся і рашэнне не было вынесенае, вядома якія тэлеграм-каналы ўжо напісалі: «Зладзейка, вярні футры». У мяне быў культурны шок. Я спрабавала датэлефанавацца да кіраўніцтва «Белкаапзнешгандлю», мне адказалі толькі на наступны дзень. «Вы што творыце», — запыталася. «Анжаліка Анатолеўна, — мне адказалі. — Вы ж разумееце, гэта ўказанне зверху, мы нічога не можам зрабіць».

Гэтая гісторыя, якая павінна была мець прыгожую перспектыву, пачалася восенню 2018 года. Я прыехала ганаровай госцяй на адкрыццё выставы «Белагра». Прэмʼер адкрываў выставу, а я спявала песню «Белая Русь», далей дэлегацыяй пайшлі па стэндах. Адзін з іх быў кампаніі GNL, якая займаецца вырабамі з футра і ўваходзіць у склад «Белкаапзнешгандлю». Мяне запрасілі прымераць беларускія футры. Якасць футравіны была выключная. Мне расказалі пра пушны саюз, пра новыя тэхналогіі, па якіх у нас вырошчваюць норку.

Я кажу: што ж дызайн такі, мякка кажучы, састарэлы, футры чорныя і карычневыя? Вам патрэбны добры дызайнер, нешта сучаснае, каб прасунуць пушную галіну Беларусі ў свеце. І мне прапанавалі стварыць калекцыю. Са мной доўга вялі перамовы, і я пагадзілася, бо праект быў цікавы, маштабны, дзяржаўны. Беларускае футра, беларуская вытворчасць, беларускі дызайнер.

Валерый Іваноў тады ўзначальваў «Белкаапсаюз». У рамках нашых дамоўленасцяў было прынятае рашэнне, што «Белкаапсаюз» і «Белкаапзнешгандаль» бяруць на сябе ўсю адказнасць за стварэнне першай капсульнай, прадстаўнічай калекцыі, а я бяру на сябе абавязальніцтвы і адказнасць па дызайне, аўтарскім наглядзе за калекцыяй. Паколькі я публічная, вядомая асоба, вырашылі, што я буду і прасоўваць гэтую калекцыю. Мог бы сумеснымі намаганнямі атрымацца прыстойны праект, які дазволіў бы Беларусі выйсці на сусветны ўзровень. І ўсё б атрымалася, калі б не цяперашняя сітуацыя ў Беларусі. Як толькі я выказала сваю грамадзянскую пазіцыю… Я калекцыю захавала, і перакананая, што так і адбудзецца ў будучыні.

Мы заключылі пагадненне аб намерах аб супрацоўніцтве. Наступным этапам павінна было быць заключэнне афіцыйнай дамовы аб супрацоўніцтве паміж мной і «Белкаапсаюзам» ды «Белкаапзнешгандлем» і дамовы аб выкарыстанні майго імя ў рамках брэнда «GNL by ANGELICA». Мы стварылі гэты брэнд, я прыдумала і распрацавала калекцыю. Мы яе пашылі, я зрабіла аўтарскі нагляд. Валерый Іваноў тады пацвердзіў, што будуць выкананыя ўсе абавязкі з боку «Белкаапсаюза», пачынаючы ад маіх камандзіровачных, якія павінны былі мне аплаціць, калі я прыяжджала на фабрыку, на адбор футравіны. У выніку зрабілі з мяне «зладзейку»… А я выканала ўсе свае абавязальніцтвы.

Афіцыйныя дамовы даручылі скласці юрыдычным аддзелам «Белкаапзнешгандлю». І да гэтага моманту ўсё рабілася на даверы, дамовы не падпісваліся, бо мянялася кіраўніцтва ў «Белкаапзнешгандлі», ішлі нейкія праверкі, потым юрыдычныя аддзелы не маглі заключыць дамову са мной як з грамадзянкай Расіі. Тады я замовіла юрыдычнай кампаніі ў Расіі дамову, якая была б дзейсная для грамадзянкі Расіі і дзяржаўных структур Беларусі, адпраўляла ім на ўзгадненне і дапрацоўку. Тым часам калекцыя ўжо была пашытая, бо мы яе стваралі паралельна, нягледзячы ні на што, на поўным даверы.

Рабілі ўсё з вялікім энтузіязмам і шчырай любоўю. Мая задача была не толькі стварыць калекцыю, якая была б канкурэнтаздольная на еўрапейскім рынку, але для мяне было абавязкова ўдыхнуць туды беларускі каларыт. Былі створаныя выдатныя футравыя клатчы з выкарыстаннем беларускага арнаменту, бомберы з бусламі…

Калекцыя была створаная, дамовы ўсё не заключаліся, а ў мяне ўжо былі абавязальніцтвы ў Расіі — калекцыю павінны былі прадставіць на конкурсе «Місіс Масква». Калекцыю не шылі на продаж. Гэта капсульная, дэманстрацыйная калекцыя. Наступным этапам яе прасоўвання на рынку павінны былі быць замовы на вытворчасць, шыццё на фабрыцы, павінна была пачацца камерцыйная вытворчасць. І ніякіх дамоўленасцяў пра тое, што я буду прадаваць футры, не было. Я была запрошаным дызайнерам і, як вядомая асоба, тры гады паспяхова прасоўвала гэты прадукт.

«Гэта рабілася на абсалютным даверы, мне і ў галаву не магло прыйсці, што потым гэтым скарыстаюцца»

— Атрымліваецца, што ўвесь гэты час ніякіх афіцыйных дамоваў з «Белкаапсаюзам» у вас не было?

— Калі калекцыю трэба было вывезці на конкурс «Місіс Масква», а афіцыйнай дамовы аб супрацоўніцтве не было, мне прапанавалі (паколькі ў мяне ёсьць ІП) зрабіць дамову на рэалізацыю — толькі для таго, каб вывезці яе ў Расію. Як бы я ўзяла ў «Белкаапзнешгандлю» вырабы на рэалізацыю. Гэта рабілася на абсалютным даверы. Мне і ў галаву не магло прыйсці, што потым гэтым скарыстаюцца, што і адбылося. Яны ўчапіліся за гэта. Немагчыма ўявіць, што я гандлярка, якая ўзяла на рэалізацыю вырабы, якія павінна была прадаць у Маскве. Вельмі смешна.

Я павінна была іх прадстаўляць, рэкламаваць і набіраць замовы, што я і рабіла. У Лондане больш за 40 вырабаў чакалі, дэманстрацыйныя мадэлі былі прадстаўленыя на вітрынах у многіх буціках Масквы, каб прыходзілі кліенты і мы атрымлівалі замовы. Калекцыя была прызнаная брэндам года ў Расіі, была на вокладках модных часопісаў. Гэта ўсё можна лёгка прагугліць.

«Як толькі я выказала сваю грамадзянскую пазіцыю, мне патэлефанавалі і запатрабавалі вярнуць калекцыю»

— А ці памятаеце вы, на якім этапе спыніўся кантакт з вамі ў беларускага боку? Ці выклікалі вас у суд? Ці інфармавалі?

— Як толькі я выказала сваю грамадзянскую пазіцыю, як толькі мяне некалькі разоў пабачылі ля амбасады Беларусі ў Маскве, як толькі я падтрымала народ і выступіла супраць рэжыму Лукашэнкі і сістэмы, мне патэлефанавалі і запатрабавалі вярнуць калекцыю. Я ўсё зразумела і сказала, што вярну калекцыю, але разлічыцеся са мной за маю працу за тры гады, за дызайн, за распрацоўку калекцыі, за ўсе камандзіроўкі. Мне адказваюць: Анжаліка Анатолеўна, у нас з вамі няма дамоваў, па якіх мы будзем з вамі разлічвацца.

— Дык, атрымліваецца, вы ўсё рабілі бясплатна?

— Так, бясплатна, у выніку аказалася яшчэ і зладзейкай, якая скрала футры. Я патраціла шмат часу, рэсурсаў, магчымасцяў, грошай на захоўванне і на прадстаўленне калекцыі. Але паколькі не было афіцыйных дамоваў на стварэнне, то калекцыя належыць мне як дызайнеру. Адзінае, што яны зачапіліся за ўмоўную дамову пра рэалізацыю і падалі ў суд, які абавязаў мяне вярнуць калекцыю.

— Якім вы бачыце магчымае вырашэнне гэтай сітуацыі?

— Я маўчала, калі прапагандысты крычалі: «Зладзейка, вярні футры». Я разумела, што мне трэба захоўваць спакой. Я разумела, што прыехаць у Беларусь і абараняць сябе ў судзе я не магу, бо адразу траплю за краты. Знайсці адваката і юрыста ў Беларусі практычна немагчыма цяпер. Мне пашанцавала, я знайшла сумленных і смелых людзей, якія пагадзіліся проста прадставіць мае інтарэсы паводле дамовы, хаця б прыйсці і забраць рашэнне суда. Я прапаноўвала тры варыянты. Першы — заплаціць мне за працу, і я вяртаю калекцыю. Другі — яны аддаюць мне палову калекцыі. Трэці — яны робяць зніжку, і я выкупляю калекцыю.

«Я думаю, яны ўсё гэта прыдумалі, каб абмежаваць мой выезд з Расіі»

— Як вы глядзіце цяпер на сітуацыю ў Беларусі, на тое, што вы можаце зрабіць у гэтых абставінах?

— Я спакойная, як вы бачыце. Я думаю, яны ўсё гэта прыдумалі, каб абмежаваць мой выезд з Расіі. Калі адбыўся першы суд і мяне абавязалі вярнуць калекцыю, і я напісала, што я яе не вярну, то адзінае выйсце для мяне было, каб памянялі рашэнне суда. І яго змянілі. Цяпер я па рашэнні суда павінна па меры сваіх магчымасцяў вяртаць грошы за калекцыю, якую я сама і стварыла. Нічога не зробіш. Такая сітуацыя, іншага варыянту няма. Першы транш перад новым годам я адправіла ў «Белкаапзнешгандаль». Напісала ім ліст, што буду разлічвацца за калекцыю, каб яны былі спакойныя, каб мне далі спакойна жыць і працаваць.

Пакуль сітуацыя ў Беларусі не стабілізуецца, я не магу сябе абараняць у прававым полі Беларусі. Я магу сябе абараняць толькі ў прававым полі Расіі, і я буду гэта рабіць. Я працую з адвакатамі і юрыстамі. У мяне ёсць усе правы, каб падаць сустрэчныя іскі на кампенсацыю маёй працы і маёй шкоды і маіх выдаткаў. Але я цудоўна разумею, што цяпер гэта не мае сэнсу. Мяне абавязалі вяртаць грошы, і я іх вяртаю.

Але гэтага аказалася мала. Юрыста, майго прадстаўніка, некалькі разоў выклікалі ў Следчы камітэт. Супраць мяне завялі яшчэ адну крымінальную справу аб крадзяжы і махлярстве ўсё па тых жа футрах. Юрыстка дала падпіску аб неразгалошванні, таму яна мне не можа да канца сказаць, што там робіцца. Я не ведаю, чым гэта ўсё скончыцца, але захоўваю спакой. Я разумею, што мне баяцца няма чаго, хавацца мне няма ад каго, уцякаць мне няма куды.

Калі было першае патрабаванне аб маёй экстрадыцыі з Расіі ў Беларусь, мне шмат тэлефанавалі — прапаноўвалі адкрыць візы, незнаёмыя людзі з Амерыкі казалі, што прышлюць самалёт і, пакуль ёсьць магчымасць, вывезуць мяне, званілі сябры з Грузіі, прапаноўвалі на прыватным самалёце забраць з Расіі, каб са мной нічога не здарылася.

Я прыняла рашэнне, што нічога рабіць не буду, што я ўцякаць не буду, бо я нічога дрэннага не рабіла. Я толькі падтрымала свой народ, выказала сваё стаўленне да сітуацыі, да рэпрэсій, выказала сваё стаўленне да Лукашэнкі. Я маю на гэта абсалютнае грамадзянскае і канстытуцыйнае права. Ніякіх законаў я не парушала. Статус уцякачкі — гэта не мой статус. Статус палітуцякачкі — таксама не мой. Я вырашыла, што лепей адседжу ў турме, але не буду нікуды ўцякаць. Я не мяняла сваёй грамадзянскай пазіцыі, якую выказала яшчэ да выбараў.

Калі было другое рашэнне Мінскага эканамічнага суда, што я мушу вярнуць грошы, а не калекцыю, праўладныя тэлеграм-каналы напісалі, што нібыта я, такая нягодніца, зладзейка без сумлення і сораму, скарысталася сітуацыяй з рэвалюцыяй і спецыяльна падтрымала беларускі народ, каб выкруціцца з сітуацыі з футрамі і не вяртаць ані футры, ані грошы.

Я не каментавала, бо калі б я зрэагавала на «зладзейка, вярні футры», я б дала ім нагоду развіваць гэтую гісторыю і тэму. Дзякуй, што запрасілі на інтэрв'ю, я ўсё ж вырашыла выкласці сваю пазіцыю, бо на мяне пайшла атака і з боку расійскіх СМІ, каб я пракаментавала сітуацыю, бо многім яна невядомая.

Дзякуй богу, што тут судовыя прыставы разумеюць, што гэта палітычная замова, што гэта палітычная справа. Я спраўлюся з гэтай сітуацыяй і буду захоўваць спакой. І я ўсіх заклікаю захоўваць спакой і берагчы сябе найперш, захоўваць сябе, каб потым было каму аднаўляць нашу любую Беларусь.

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →