Свет

Кавід, канцлагеры, эканамічны крызіс, дыпламатычны байкот і расійска-ўкраінскі канфлікт. Свет з трывогай чакае пекінскай Алімпіяды

4 лютага ў сталіцы Кітая распачнецца зімовая Алімпіяда. Ужо даўно ні ў каго не засталося ілюзій пра тое, што спорт, нібыта, па-за палітыкай. Наадварот, маштабныя спартыўныя падзеі, такія як Алімпіяда, даўно ператварыліся ў магутны дыпламатычны і палітычны інструмент, асабліва для такіх аўтарытарных краін, як Кітай. Яны намагаюцца праз правядзенне такіх прэстыжных спаборніцтваў палепшыць свой імідж на сусветнай арэне і паказаць уласнае дамінаванне. Асабліва цікавай у гэтым аспекце будзе зімовая пекінская Алімпіяда. Дыпламатычны байкот, амерыканска-кітайская гандлёвая вайна, ваенная напружанасць вакол Тайваня, канцлагеры з уйгурамі, кавід, парушэнне правоў чалавека і эканамічныя цяжкасці — Кітай будзе праводзіць сваю Алімпіяду на няпростым палітычным фоне. 

Фота: olympics.com.

А мог быць Алматы

У Пекіне Алімпіяда праходзіць ужо другі раз. Першай была летняя Алімпіяда 2008 года. Адметна, што прызначэнне Пекіна гаспадаром адбылося яшчэ да істотнага пагаршэння адносінаў Кітая з заходнім светам — у 2015 годзе.

Галоўным канкурэнтам Пекіна тады быў казахстанскі Алматы, і кітайская сталіца перамагла з вельмі невялікай перавагай галасоў (44 на 40). Цікава, як бы праходзіла Алімпіяда ва ўмовах нядаўняга палітычнага крызісу ў Казахстане?

Еўрапейскія гарады тады вырашылі асабліва не спаборнічаць за правядзенне Алімпіяды — еўрапейскія падаткаплацельшчыкі палічылі гульні вельмі дарагой неакупнай забавай. Да таго ж, алімпійскія спаборніцтвы дыскрэдытавалі сябе допінгавымі і карупцыйнымі скандаламі падчас Алімпіяды ў расійскім Сочы.

Правы чалавека

Дэмакратычныя дзяржавы і праваабарончыя групы рэгулярна абвінавачваюць Кітай і іншыя аўтарытарныя дзяржавы ў тым, што яны выкарыстоўваюць падобныя спартыўныя мерапрыемствы для адбельвання сваёй рэпутацыі. 

Праваабаронцы асцерагаюцца, што Кітай будзе выкарыстоўваць гульні, каб адцягнуць увагу ад парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да мусульман-уйгураў і ў Ганконгу, а таксама ў мэтах прапаганды свайго аўтарытарнага дзяржаўнага ладу. 

Дзеянні супраць уйгураў праваабаронцы лічаць злачынствам супраць чалавечнасці. Пытанне з правамі гэтага народа стала часткай палітычных дэбатаў у дэмакратычных краінах аб тым, як урадам варта сябе паводзіць з Кітаем.

Фота: olympics.com.

Праваабарончыя арганізацыі мяркуюць, што за апошнія некалькі гадоў больш за мільён уйгураў затрымалі і адправілі ў так званыя «лагеры перавыхавання», дзе уйгураў выкарыстоўваюць для прымусовай працы і гвалтоўна стэрылізуюць. 

Пекін таксама абвінавачваюць ў абмежаванні свабоды людзей у Ганконгу з дапамогай новага заканадаўства. Дэмакратычная сістэма Ганконга павольна дэмантуецца.

Таксама ў дэмакратычных краінах пратэстуюць супраць сітуацыі з чэмпіёнкай Кітая па тэнісе Пэн Шуай. Яна абвінаваціла ў інтэрнэце ў сэксуальным гвалце былога віцэ-прэм’ера Кітая. Пасля гэтага спартсменка нечакана на некалькі тыдняў знікла, а яе допісы з абвінавачваннямі зніклі з сацыяльных сетак. Міжнародная спартыўная супольнасць дагэтуль перажывае за лёс тэнісісткі.

У 2021 годзе Сусветны кангрэс уйгураў, кааліцыя з больш чым 180 арганізацый уйгураў у выгнанні, заклікала ўрады байкатаваць гульні праз тое, як Кітай абыходзіцца са сваімі этнічнымі меншасцямі.

Рэгулярна супраць Алімпіяды выступаюць актывісты-праваабаронцы. Напрыклад, яны, махаючы тыбецкім сцягам і транспарантам «Генацыдным гульням — не!», сарвалі цырымонію запальвання алімпійскай паходні ў Грэцыі.

Дыпламатычны байкот

Сітуацыя з правамі чалавека ў Кітаі прымусіла шэраг краін (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Літва, Косава, Аўстралія) аб'явіць дыпламатычны байкот гульням, што азначае, што іх дыпламаты і чыноўнікі не будуць прысутнічаць на Алімпіядзе (хаця самі спартсмены будуць прымаць удзел). 

У ЗША заявілі, што байкот адбыўся з-за «парушэнняў правоў чалавека і зверстваў Кітая ў Сіньцзяні».

Таксама заходнія палітыкі абвінавачваюць Кітай у тым, што ён штодня парушае паветраную прастору Тайваня (Кітай лічыць Тайвань часткай сваёй тэрыторыі).

Японія таксама заявіла, што не будзе пасылаць на гульні ніякіх міністраў, хоць японцы не сталі абвяшчаць «дыпламатычнага байкоту».

Дадаткова сталі неспакоўнымі адносіны з Канадай з-за арышту топ-менеджара кітайскага тэхналагічнага гіганта Huawei і затрымання двух канадцаў ў Кітаі. 

Урад Кітая адмаўляе ўсе абвінавачванні заходніх краін. Краіна паслядоўна адмаўляе парушэнне правоў чалавека ў Сіньцзяні і папярэджвае сваіх абвінаваўцаў не ўмешвацца ў яе «ўнутраныя справы» ў Ганконгу.

Дэманстрант у Ганконгу на антыкітайскім мітынгу.

Міністэрства замежных спраў Кітая заявіла, што ЗША «відавочна парушылі алімпійскі дух» і «заплацяць высокую цану за свае памылковыя дзеянні». 

У Міжнародным алімпійскім камітэце Кітай асабліва не крытыкуюць. Там кажуць, што, маўляў, спорт па-за палітыкай, і тое, што выбар горада для правядзення Алімпіяды зусім не азначае ўхвалення палітыкі гэтай краіны.

Фактычна, гэта першы байкот (няхай і частковы) алімпійскіх гульняў, пачынаючы з Алімпіяд 1980 і 1984 гадоў.

Шпіянаж за спартсменамі

Пекін патрабуе, каб усе спартсмены ўсталявалі праграму для смартфонаў пад назвай MY2022, каб паведамляць даныя аб стане здароўя і падарожжаў падчас знаходжання ў Кітаі. Праграма мае значныя недахопы ў шыфраванні і бяспецы, а таксама спіс цэнзуры з 2442 «незаконных слоў». Недахопы ў сістэме бяспекі закладзены спецыяльна, дазваляючы уладам атрымліваць доступ да тэлефонаў.

Тая самая праграма, якую абавяжуць запампаваць спартсменаў.

Але абавязковая мабільная праграма — гэта толькі вяршыня айсберга ў шпіянажы за спартсменамі. 

Інфармацыя, якую спартсмены падалі ў сваіх заяўках на кітайскую візу, выкарыстоўвалася для сарціроўкі спартсменаў на дзве катэгорыі: пракітайскія спартсмены, а таксама тыя, хто настроеныя крытычна, праз пытанні дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека, уйгураў, Тыбету, меншасцяў, Ганконга. 

Незалежна ад таго, у якой катэгорыі спартсмен, кітайскія ўлады будуць збіраць пра спартсменаў усе магчымыя звесткі. 

Таксама для адсочвання спартсменаў будуць выкарыстоўвацца тэхналогіі відэаназірання і распазнання твараў. Кітай з'яўляецца адным з сусветных лідараў у гэтай сферы.

Кітай будзе ўважліва сачыць і за размовамі. На працягу дзесяцігоддзяў Міністэрства дзяржаўнай і грамадскай бяспекі Кітая ўсталёўвала электронныя прылады для падслухоўвання ў гатэлях, куды часта наведваюцца замежнікі.

Таксама ўлады будуць адсочваць і публічныя выказванні спартсменаў. Апошнія гады некалькі спартсменаў вырашылі выкарыстаць свой момант на п'едэстале пераможцы, каб асвятліць палітычную ці сацыяльную праблему. 

Спартсмены, якія парушаюць «алімпійскі дух» ці кітайскія правілы, будуць пакараныя. І пра гэта афіцыйны Пекін кажа адкрыта. 

Кавід

Але самі кітайцы лічаць галоўнай праблемай Алімпіяды кавід. Афіцыйны прадстаўнік аргкамітэта Чжан Цзяньдун назваў прафілактыку эпідэмій і барацьбу з імі «самай вялікай праблемай» для правядзення мерапрыемства ў Пекіне.

Алімпіяда адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных захадаў Кітая супраць кавіду. У адрозненне ад большасці іншых краін, у Кітаі выбралі жорсткі спосаб барацьбы з кавідам, палітыку «нулявой цярпімасці», з максімальным тэставаннем і адсочваннем усіх кантактаў.

Тыя, хто бярэ ўдзел у гульнях, будуць ізаляваныя для трэніровак, спаборніцтваў, транспарту, харчавання і пражывання.

Замежныя гледачы і члены іх сем'яў не могуць прысутнічаць падчас спаборніцтваў, і ўсе ўдзельнікі павінны быць цалкам вакцынаваны.

Палітыка «нулявой цярпімасці» да кавіду вельмі дорага каштуе Кітаю, і ці зможа ён утрымаць сітуацыю пад кантролем ва ўмовах распаўсюджвання вельмі заразнага амікрона — адкрытае пытанне. 

Пекін — 2008 і Пекін — 2022

Летнія Алімпійскія Гульні 2008 года ў Пекіне паказалі адраджэнне Кітая на сусветнай арэне. Міжнародныя чыноўнікі тады прадказвалі, што Алімпійскія гульні могуць палепшыць становішча з правамі чалавека, і кітайскія палітыкі намякалі на тое самае. Але ніхто гэтыя абяцанні, вядома, не выканаў. Больш за тое, у параўнанні з 2008 годам зараз няма нават падобных чаканняў. Сітуацыя істотна пагоршала.

Кітай цяпер нашмат менш турбуецца пра свой імідж, а больш — пра татальны кантроль. І пандэмія яму ў гэтым толькі дапамагла — падчас яе можна апраўдаць любое абмежаванне. 

Сённяшні Кітай яшчэ больш далёкі ад дэмакратыі, свабоды прэсы і правоў чалавека, чым нават у 2008 годзе. Калі ў 2008 годзе ў Пекіне стварылі хаця б бутафорскую «зону для дэманстрацый», то ў 2022 няма і такой.

Перад буйнымі падзеямі ўлады Кітая часта адпраўляюць дысідэнтаў і актывістаў на «канікулы» ў родныя вёскі на час або затрымліваюць іх. Праваабаронцы кажуць, што такое адбываецца і перад Алімпіядай.

Эканамічныя праблемы і нестабільнасць вакол Тайваня

Увосень Кітай сутыкнуўся адразу з некалькімі сур'ёзнымі праблемамі: спачатку пагроза банкруцтва найбуйнейшага забудоўшчыка краіны Evergrande, што негатыўна паўплывала на ўвесь будаўнічы сектар.

Затым энергетычны крызіс і спыненне сотняў прадпрыемстваў па краіне з-за дэфіцыту электраэнергіі. Кітайскі крызіс можа дэстабілізаваць сусветную эканоміку, і як на яго паўплывае Алімпіяда — пакуль што незразумела. 

Тайвань. Фота: Max Pixel.

Таксама Кітай, хутчэй за ўсё, паспрабуе выкарыстаць гэтае мерапрыемства для актыўнай прапаганды тэрытарыяльнай прыналежнасці яму Тайваня і ідэі ўз'яднання. Тайвань кіруецца ўласнай адміністрацыяй з 1949 года. Востраў захоўвае сцяг і іншыя атрыбуты ранейшай Кітайскай Рэспублікі, якая існавала на мацерыку да прыходу да ўлады камуністаў.

Кітай лічыць Тайвань сваёй правінцыяй і апошнія гады дэманструе большую рашучасць да брутальных дзеянняў супраць непакорнага вострава. Апошнія месяцы кітайскія самалёты рэгулярна парушаюць паветраную прастору Тайваня. Небяспека патэнцыйнай ваеннай атакі Кітая на Тайвань трывожыць свет. Тайвань — хаўруснік ЗША, і адзін з галоўных сусветных вытворцаў мікрасхем, таму вайсковая агрэсія Кітая супраць Тайваня можа прывесці да непрадказальных наступстваў, ажно да амерыканска-кітайскай вайны.

Патэнцыйная расійска-ўкраінская вайна

Алімпіяда будзе праходзіць на фоне абвастрэння расійска-ўкраінскіх адносін. Знешнепалітычнае ведамства Кітая 14 студзеня нагадала, што ўсе краіны абавязаныя выконваць рэзалюцыю ААН аб алімпійскім перамір'і, якое ў старажытныя часы пачынала дзейнічаць за сем дзён да пачатку гульняў.

Падчас нядаўняй размовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін мог папрасіць яго «не ўрывацца» ва Украіну падчас Алімпійскіх гульняў у Пекіне, паведамляе Bloomberg са спасылкай на неназванага дыпламата ў сталіцы Кітая.

Пуцін плануе прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды, ён назваў будучую Алімпіяду выпрабаваннем расейскага характару.

Пуцін і кіраўнік Кітая Сі. Фота: Kremlin.ru.

У свеце баяцца Расіі падчас Алімпіяды, бо раней час правядзення гульняў супадаў з актыўнымі агрэсіўнымі дзеяннямі гэтай краіны. У 2014 годзе Расія прымала зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы, а ў гэты ж час яна рыхтавала акупацыю ўкраінскага Крыма. У 2008 годзе, падчас летняй пекінскай Алімпіяды, Расія развязала вайну супраць Грузіі. 

У свеце баяцца, што новая Алімпіяда стане часам новай агрэсіі Расіі. 

Тэхнічна, на Алімпійскіх гульнях у Пекіне будзе ўдзельнічаць не Расія, а «Алімпійская каманда Расіі». Нават расійскі сцяг афіцыйна не будзе выкарыстоўвацца — гэта наступства пакарання Расіі за допінгавыя скандалы. 

Чытайце таксама:

Кітай заявіў пра неабходнасць вярнуцца да Мінскіх пагадненняў

Кітай наймае заходніх тыктокераў за сотні тысяч даляраў для паляпшэння свайго іміджу перад Алімпіядай

Каментары

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»10

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Усе навіны →
Усе навіны

У пад'ездзе віцебскай шматпавярхоўкі на людзей кідаюцца пацукі1

Лукашэнка падпісаў праўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Што мяняецца?1

Новы міністр Чарнецкі збіраецца паляваць на ворагаў у беларускай культуры10

Марзалюк: Калі хто кажа, што Мураўёў ледзь не стваральнік беларускай дзяржавы, то гэта поўная лухта25

У Магілёве сілавікі наведваюць адрасы прапіскі тых, хто выехаў з Беларусі

Вядомы гомельскі сілавік судзіцца з УУС і МУС1

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй44

Былая жонка Камісаранкі: Я працавала ў масажным салоне эратычнага характару14

Ізраіль знішчыў вайсковы флот Сірыі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»10

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Галоўнае
Усе навіны →