Грамадства

«Світары раскупілі за дзень». Беларуская дызайнерка расказала пра бізнэс у Вільні і ўкраінскую калекцыю

Дызайнерка Аляксандра Жук вырасла ў Полацку. У 2020 годзе яна, як і многія беларусы, удзельнічала ў пратэстах і трапіла пад рэпрэсіі. Пасля чаго з’ехала ў Вільню, дзе адкрыла свой шоўрум. Яе брэнд 10motifs многім вядомы па чырвоных сэрцах. «Наша Ніва» паразмаўляла з дызайнеркай пра бізнэс у Літве і калекцыю ў падтрымку Украіны.

Пра Мінск, пратэсты і цэнзуру. «Людзі са сферы культуры — гэта патрыёты»

За ўдзел у дваровым маршы Аляксандра атрымала 10 сутак. Час у ізалятары яны амаль не ўспамінае.

«Чаканне і рэальнасць зусім не такія, як сабе ўяўляеш. Мая калега, з якой мы апынуліся ў адной камеры, напісала ліст, каб захаваць гэты час. Бо першае, што хочацца зрабіць, гэта ўзяць тэлефон і сфатаграфаваць тое, што адбываецца. Апісаць гэта вельмі складана. Умовы кепскія.

Збольшага я старалася неяк змяніць рэальнасць, уявіць, што мы знаходзімся ў паходзе і трэба проста выжыць.

Я адчувала сябе, як чалавек без пэўнага месца жыхарства. Тыя, хто жыве на вуліцы. Прыкладна так, але толькі ў зняволенні», — кажа яна.

З’яджаць з краіны дызайнерка вырашыла яшчэ да таго, як трапіла за краты. Аляксандра разумела, што ў бліжэйшы час нічога не зменіцца. 

«Я ўдзельнічала ў шматлікіх ініцыятывах, подпісы збірала. Людзі, якія выходзілі з сутак, адчувалі невялікае расчараванне. Падавалася, што ты ў меншасці. І абараняць няма каму. Выходзіш — і жадання працягваць змагацца проста няма», — кажа яна. 

Увогуле, творчым людзям цяжка працаваць у атмасферы несвабоды. Яны перастаюць бачыць сэнс у сваёй працы. Так адбылося і ў Аляксандры. 

«Было нельга працаваць у пэўных каляровых напрамках, выкарыстоўваць некаторыя словы. Як правіла, раней мы ездзілі за мяжу, працавалі там, вярталіся назад і разумелі, што ў нашай краіне нешта працуе не так. У 2010 годзе Беларусь нармальна пачала развівацца ў сферы моды, былі зробленыя нейкія элементарныя выставы, конкурсы, мы маглі супрацоўнічаць з Еўропай. Цяпер усё пайшло не так. Многія бізнэсы закрываюцца.

У цэлым, думаю, што людзі са сферы культуры — гэта патрыёты. Для іх важныя карані, мова. І для мяне таксама. У Вільні мы не маем якіх-небудзь абмежаванняў, таму працягваем ствараць адзенне тут.

Мне ў плане традыцый падабаюцца французы. Яны востра і дбайна абараняюць сваю культуру, каштоўнасці. Ведаюць, што калі памяняюць, дык знікне іх аснова. Еўрапейскія краіны нас заўсёды падтрымлівалі ў плане развіцця нашай ўнікальнай культуры. Можна было вучыцца ў іх і гэты досвед прывозіць у Беларусь. І на ім развіваць нашу культуру», — дзеліцца дзяўчына.

Пра шоўрумы і каштоўнасці брэнда. «Сама ідэя нашай калекцыі з сэрцам у тым, каб у кожнага беларуса быў свой кавалачак радзімы»

Яшчэ перад пачаткам пандэміі Аляксандра вырашыла, что хоча не проста ствараць аддзенне, каб закрываць патрэбы жанчын, але і быць карыснай грамадству. Тады яна прыдумала свой брэнд, назва якого адлюстроўвае асноўныя мэты, якія хоча дасягаць каманда. 

«Лічба 10 — дата майго нараджэння, да яе я падабрала матывы, то-бок задачы. Першы — не проста адзенне, а эмоцыі. Тут маем на ўвазе салідарнасць. Цяпер мы нашы сэрцы афарбоўваем у сінія і жоўтыя колеры, падтрымліваем Украіну.

Другі матыў — папулярызацыя беларускай культуры. У кожным вырабе прысутнічае ручная праца, шмат вязаных рэчаў.

Таксама мы рабілі тэматычную калекцыю, прысвячалі яе тром гераіням: Марыі Калеснікавай, Ніне Багінскай і Марыне Золатавай. Хтосьці з іх знаходзіцца не на волі, Ніна рэдка размаўляе праз інтэрнэт. У маёй калекцыі атрымалася, што ўсе гераіні могуць «гаварыць».

Трэці матыў — экалагічнасць. Пасля вырабу ў нас застаюцца кавалачкі тканіны — мы вырашылі, што будзем тэрмічна іх апрацоўваць і выкладваць з іх малюнкі. Чацвёрты — дапамога маладым талентам.

У будучыні наша каманда будзе расці, і матывы разам з намі. З запланаванага — адкрыццё крамы ў Парыжы. Мы нават аб'явілі на яе збор. Кожны жадаючы можа купіць «сэрца дабра», сродкі пойдуць на адкрыццё крамы. Пасля на сцяне мы напішам імёны людзей, якія ў гэтым удзельнічалі, а таксама запросім на адкрыццё», — кажа Аляксандра. 

У Вільні дызайнерка адкрыла шоўрум. Спачатку яна збіралася часам ездзіць у Мінск і там працягваць выраб аддзення, але хутка прыйшло ўсведамленне, што пачынаць трэба на новым месцы.

«Не баяліся, што не атрымаецца. У мяне і майго дырэктара ёсць пэўны досвед. Тут не канкурэнцыя, проста ўсё інакш. Самае складанае было выбрацца з беларуска-расійскай рэальнасці. Канечне, Беларусь за апошнія некалькі гадоў схапіла шмат, як і Украіна. Але мы ўсё роўна застаемся закрытай краінай, не можам пераняць сусветныя тэхналогіі.

Складана выходзіць за рамкі абмежаванняў, таму што нам заўсёды казалі не выдзяляцца. Увесь свет адкрыты, і трэба было навучыцца быць такім жа. Сама ідэя нашай калекцыі з сэрцам у тым, каб у кожнага беларуса быў свой кавалачак радзімы, памяць пра дом.

Калі бачыш на вуліцы чалавека з такім сэрцам, адразу разумееш, што ў гэтым ёсць нешта беларускае. Паколькі беларусы раз'ехаліся па ўсім свеце, мне хацелася іх такім чынам аб'яднаць, ідэнтыфікаваць», — кажа яна.

Шоўрум, які быў у Аляксандры ў Мінску, застаўся. Ён працуе як творчая майстэрня для сустрэч з кліентамі, прымерак.

«Там было наша культурнае, сацыяльнае жыццё. У такім фармаце крама працуе і цяпер. Вытворчасць для мінскага шоўрума ў Мінску, а для віленскага — у Літве. Вядома, у Мінску цяпер імкнёмся падбіраць іншую каляровую гаму. Хаця бела-чырвона-белыя колеры мы заўсёды выкарыстоўвалі не як знак апазіцыі, а як знак салідарнасці.

Я асабіста выходзіла не супраць Лукашэнкі, а з-за таго, што адбывалася. Ішла не з кімсьці змагацца, а таму што многае не задавальняла.

Вось, напрыклад, Вольга Кучарэнка — мая калега, а Раман Бандарэнка — яе брат. Я б не змагла глядзець Волі ў вочы, седзячы дома і робячы выгляд, што нічога не адбылося», — прызнаецца яна. 

Пра бізнэс, густы літоўцаў і калекцыю ў падтрымку Украіны. «Літоўцы шануюць працу і гатовыя плаціць за яе столькі, колькі яна каштуе»

Па словах Аляксандры, адкрыць сваю справу ў Літве нескладана. Проста патрэбны час, каб разабрацца ў заканадаўстве. Калі ёсць праблемы, у вырашэнні іх дапамогуць кансультанты. 

«Усё працуе ў электронным фармаце, празрыста і адкрыта, — кажа яна. — Калі ёсць нейкае пытанне, ты можаш прыйсці ў любы муніцыпалітэт і задаць яго.

У Беларусі з адміністрацыяй у мяне былі нацягнутыя адносіны. Мне падаецца, што ў Літве прасцей весці бізнэс.

Нават тыя ж падаткі. Можна зайсці на сайт і паглядзець усе дэкларацыі, запазычанасці, калі яны ёсць. Магу сказаць, што падаткі меншыя, чым у Беларусі. І яны вылічваюцца з чыстага прыбытку. У Беларусі такой магчымасці няма. Там трэба заўжды плаціць падатак ад свайго даходу. Не залежыць, ёсць ён у цябе ці не. Напрыклад, тут сума ў памеры 460 еўра не абкладаецца падаткам. Вышэй — так. За што тут чалавек плаціць грошы? Падаткі ідуць на медыцыну, добраўпарадкаванне, улады думаюць, чым людзі будуць займацца на выхадных. Арганізоўваюць для іх мерапрыемствы за кошт бюджэту».

Геаграфія даставак у Аляксандры вялікая — ЗША, В'етнам, Карэлія, краіны Еўрасаюза. Аддзенне замаўляюць не толькі беларусы. 

«Больш з’явілася пакупнікоў, калі мы сталі працаваць з Вільні. Значна прасцей замовіць, аплаціць, даставіць», — заўважае дзяўчына.

У Вільні Аляксандра знаходзіцца ўжо год. За гэты час яна заўважыла, што густы літоўцаў значна адрозніваюцца ад беларускіх. 

«Яны больш любяць натуральныя колеры спакойнай гамы. Але мы іх цікавім тым, што выдзяляемся на гэтым фоне. Ім падабаецца якасць нашых рэчаў, каштоўнасці.

Літоўцы шануюць працу і гатовыя плаціць за яе столькі, колькі яна каштуе. Нас, беларусаў, звычайна заганялі ў рамкі, што нельга ставіць вялікую цану.

Тут ты не адчуваеш няёмкасці за тое, што просіш годную аплату сваёй працы. Важна паставіць такую цану, каб хацелася працаваць яшчэ», — кажа яна. 

Пасля пачатку вайны Аляксандра выпусціла калекцыю ў знак салідарнасці з Украінай, частка грошай ад продажу якой пойдзе на гуманітарную дапамогу ўкраінцам. Світары раскупілі ў першы дзень.

«Мы зрабілі жоўта-сінія сэрцы, напісалі слова «Разам». Вырашылі рабіць, што можам.

Наогул, у Літве вітаецца, калі ты рэагуеш на нейкія падзеі. Напрыклад, сцяг вывесіць на балконе — гэта ўжо нешта. Для нас было лагічна зрабіць такую ​​калекцыю, выказаць сваё меркаванне, падтрымаць Украіну.

Многія брэнды выкладвалі пасты ў сацыяльных сетках са сцягам. Мы таксама гэта зрабілі, бо мы з усім светам і жадаем падтрымліваць Украіну. Выпусцілі невялікую лінейку, якая спадабалася людзям і разляцелася. Цяпер будзем рабіць яшчэ вырабы, бо на іх ёсць попыт.

Думаю, што адзенне з добрай справай застанецца ў гісторыі, будзе людзям нагадваць пра гэты час.

Дарэчы, першую медыцынскую дапамогу мы ўжо даставілі ў Варшаву. Цяпер збіраем патрэбныя прадукты харчавання, рэчы для дзяцей», — кажа яна.

Пра культурны код і вяртанне ў Беларусь. «Я хутчэй думаю не пра тое, калі ўлада зменіцца, а калі людзі»

Аляксандра ўпэўненая, што асабісты культуры код у беларусаў ёсць. Проста ён не раскрыты.

«У 2020 годзе перад выбарамі была выстава, якая гэтаму была прысвечаная. Там паказвалі, як праз нашу гісторыю праходзіць чырвоны колер. У кожным стагоддзі нешта было. Проста ў нас не даюць культурны код папулярызаваць.

Цяпер, калі бачу, што нехта размаўляе на беларускай мове, адразу разумею, што гэта інтэлектуал. Відаць, да якога культурнага пласта адносіцца чалавек. Мяне цяпер вельмі натхняе, што ўкраінцы размаўляюць на сваёй мове. Асабліва блогеры, якія раней пісалі на рускай», — кажа Аляксандра. 

Магчымасць свайго вяртання ў Беларусь яна пакуль не разгялядае. Ёй камфортна жыць у Вільні.

«Я баюся, што ў Беларусі мне будзе цяжка сутыкацца з няветлівасцю, грубіянствам, непрыстойнасцю, адсутнасцю сваёй прасторы. Баюся, што там засталося мала людзей, якія мне блізкія па каштоўнасцях.

Я хутчэй думаю не пра тое, калі ўлада зменіцца, а калі людзі. Трэба навучыцца абараняць адно аднаго, шанаваць чалавечае жыццё, прасоўваць сябе як нацыю, размаўляць на адной мове.

Без розніцы, хто там будзе ва ўладзе. Раней нам было ўсё роўна, калі нас ніхто не чапаў. Улада стала звяртаць увагу на людзей — мы сталі датыкацца адзін да аднаго. Мне б хацелася, каб у грамадстве мы знаходзіліся ў камфорце».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Каментары

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні5

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Усе навіны →
Усе навіны

Упершыню за паўстагоддзя вучоныя зрабілі прарыў у лекаванні астмы і хранічнага бранхіту

У Вялікабрытаніі судзяць групу грамадзян Балгарыі, якіх падазраюць у шпіянажы на Расію

Калі ў Заходняй Еўропе не крызіс, то што такое крызіс?69

Лакалізавалі дакладнае месца знаходжання расійскага фільтрацыйнага лагера ў Нароўлі, у якім катавалі ўкраінскіх палонных15

Някляеў: Вельмі шмат было зроблена памылак — і ўладай, і апазіцыяй20

Расійскія ваенкары пішуць пра «крах абароны» расійска-сірыйскіх сілаў пад Алепа. Асад спешна вылецеў у Маскву17

У Магілёве прадаюць 23-гадовы VW Golf 4 за 9000 даляраў. Што ў ім такога?1

Стала вядома, колькі сёлета давядзецца заплаціць за натуральную навагоднюю ялінку1

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні5

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Галоўнае
Усе навіны →