Лукашэнка падпісаў указ аб развіцці СМІ. Дзяржаўныя медыя будуць цяпер карміцца са збору ад рэкламадаўцаў
Агенцтва БелТА паведамляе, што «дакумент прыняты ў мэтах забеспячэння ўстойлівага эканамічнага становішча нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі, вытворчасці ў неабходным аб'ёме якаснага беларускага кантэнту».
Указам устанаўліваецца збор за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце ў памеры 10%. У іншых выпадках плаціцца 20% ад кошту паслуг па распаўсюджванні рэкламы.
Збор будзе выплачвацца рэкламадаўцамі і накіроўвацца на падтрымку дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
Акрамя таго, указам змененая стаўка падатку на даданую вартасць пры аказанні паслуг перадачы дадзеных з 25% да 26%.
Нагадаем, раней Лукашэнка заявіў, што падпіша указ, каб прымусіць кампаніі размяшчаць у дзяржСМІ рэкламу.
«Я глыбока перакананы, што нам трэба займацца аптымізацыяй на каналах. Трэба пакідаць тых людзей, у якіх вы абсалютна ўпэўненыя, тады і заробак будзе», — заявіў тады ён.
Таксама Лукашэнка даручаў падрыхтаваць «прамалінейны і незавуаляваны» ўказ, які прымусіць размяшчаць рэкламу на «патрыятычных прадзяржаўных каналах, якія абараняюць дзяржаву, захоўваюць мір і спакой у краіне».
Каментары