Беларускія гераіні12

Марына Лобач: як дзяўчынка са Смалявіч стала нашай першай алімпійскай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы

Заслужаны майстар спорту, шматразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы, «залатая» алімпійская чэмпіёнка, якая мае ўласную школу і міжнародны турнір свайго імя, суддзя міжнароднай катэгорыі… Калі нехта пералічвае ўсе рэгаліі Марыны Лобач, здаецца, ёй хочацца сціпла схавацца. Гэтаксама ёй хацелася схавацца ад многіх эпізодаў у біяграфіі, калі было вельмі цяжка і страшна. Аднак гімнастыка не адпусціла яе ні тады, ні цяпер.

Разам з Samsung Galaxy S9|S9+ працягваем знаёміць вас з паспяховымі, смелымі і прагрэсіўнымі зямлячкамі ў нашым цыкле «Беларускія гераіні». У межах праекта мы ўжо расказвалі пра лёс Эміліі Плятэр, Веры Харужай, Ларысы Геніюш, Алаізы Пашкевіч, Алены Кіш і Жанны Капуснікавай. Сёння ж звяртаемся да тэмы спорту. Марына Лобач — беларуска, якая першай прывезла з Алімпійскіх гульняў у Беларусь залаты медаль па мастацкай гімнастыцы.

Драўляныя булавы, пабітыя люстэркі…

На сайце Смалявіцкага райвыканкама імя Марыны Лобач ідзе другім у пяцёрцы ганаровых грамадзян райцэнтра. Марына нарадзілася ў 1970 годзе ў сям’і сталяра-станочніка і кандытаркі. З трох дачок Марына была трэцяй, малодшай.

Спачатку яе сям’я жыла ва ўласным драўляным доме, а пазней пераехала ў першы ў Смалявічах пяціпавярховік, што на Савецкай. Цяпер там жыве толькі сястра. Бацькоў ужо няма, Марына ж перабралася ў Мінск яшчэ ў 10-гадовым узросце.

Дзяўчына вучылася ў звычайнай школе. Невядома, як склаўся б яе лёс, калі б аднойчы да іх не завітала трэнерка з дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Прапанавала запісацца ў секцыю і пазнаёміцца з мастацкай гімнастыкай — можа, спадабаецца.

Марыне было 7 гадоў, калі яна разам з аднакласніцамі прыйшла на першыя заняткі: да гэтага многія нават не ведалі, што гэта за від спорту такі.

Большасць аднакласніц крыху пахадзілі ў спартыўную школу, як на экскурсію, і кінулі. Марыне ж адразу прыйшліся даспадобы і танцы пад грампласцінкі насупраць люстэрка, і сам невялікі зал з матамі на падлозе, з якога яна не выходзіла, пакуль, нарэшце, целу не паддаваўся новы элемент ці звязка са стужкай і булавамі. Усе заняткі ўспрымаліся Марынай як канцэрт, як спектакль, дзе яна грае галоўную ролю, і таму павінна валодаць ёй дасканала.

Першыя булавы для Марыны вырабіў яе бацька: праз складанасці з набыццём экіпіроўкі ў Смалявічах, ды і ў цэлым у Беларусі, выкручваліся, як маглі.

Вікенцій Лобач проста браў і выточваў на станку патрэбныя формы з дрэва. Ніхто не ведаў, якімі яны павінны быць, таму булавы атрымаліся вельмі цяжкімі, займацца з імі было складана. Тады тата Марыны абраў для новага вырабу больш лёгкае дрэва. Працэс заняткаў стаў больш прадуктыўным.

У дэфіцытныя савецкія гады даводзілася праяўляць фантазію і ў здабыцці іншага абмундзіравання: палачкі, на якія мацаваліся стужкі, вырабляліся з тронкаў вуд, а стужкі размалёўваліся фламастарамі.

Сучасныя булавы вырабляюцца з гумы або пластыку.

Марына згадвае, што менавіта булавы прынеслі і ёй, і бацькам найбольш клопатаў: яны не паддаваліся, раз-пораз выскоквалі з рук і разбівалі люстэркі. Але ніхто не сварыўся за такія казусы. Наадварот, бацькі і сёстры стараліся ва ўсім яе падтрымліваць. І нават калі Марына хацела збегчы назад у родны дом з чужога ёй Мінска, менавіта сям’я падтрымала: «Вярнуцца ты заўсёды паспееш».

Смалявічы — Мінск — Масква

Далейшая біяграфія Марыны складвалася амаль кіношным чынам. Першая трэнерка будучай чэмпіёнкі сышла ў дэкрэтны адпачынак. Здавалася, на гэтым з гімнастыкай будзе скончана. Але амаль у той жа момант у Смалявічы па размеркаванні прыехала працаваць Ірына Ляпарская (сёння яна — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы).

Ірына па заслугах ацаніла здольнасці Марыны і, калі адпрацоўка скончылася, не забылася пра вучаніцу: запрасіла на трэніроўкі ў Мінск. Так Марына Лобач трапіла пад апеку заслужанага майстра спорту Галіны Крыленка.

Першы час дзяўчына ездзіла на заняткі ў Мінск толькі па суботах, але хутка пачаліся штодзённыя трэніроўкі. Электрычкі туды-назад шалёна вымотвалі. У адным з інтэрв’ю Марына згадвала той перыяд: «З мамай ці татам сядалі ў электрычку ў Мінск. Я займалася, бацькі чакалі мяне некалькі гадзін — і дадому. Так, напэўна, прайшло два-тры месяцы. Потым пачаліся штодзённыя трэніроўкі, на якія я ездзіла ўжо сама, а тата сустракаў на станцыі. У электрычцы заўсёды спала, часам нават магла праспаць сваю станцыю. І тату даводзілася чакаць, пакуль я вярнуся ў Смалявічы».

Жыццё на два гарады дзіка стамляла. Усе разумелі, што Марына так доўга не працягне. Урэшце прынялі рашэнне паступаць у Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Так у 10 год Марына пераехала ў Мінск.

«Прыехала ў сталіцу і размаўляла на трасянцы»

Спачатку ёй пастаянна хацелася збегчы дадому. Акрамя суму па бацьках і сёстрах, страхаў перад вялікім горадам, ногі і дух «падкошвалі» здзекі іншых дзяцей, з якімі спартсменка жыла разам у інтэрнаце цягам 7 год. У гутарцы з намі Марына без энтузіязму згадвае тыя непрыемныя сітуацыі. Кажа: «Што было, тое прайшло».

«Я ж размаўляла тады на трасянцы — з вёскі амаль прыехала. Для тых, хто гаварыў чыста, мая і не беларуская, і не руская мова гучала смешна і непрыемна, відаць. З мяне жартавалі, недзе проста выпраўлялі. Разам з канкурэнцыяй сярод дзяцей гэта стварала вельмі нялёгкую атмасферу», — дзеліцца ўспамінамі Марына.

Вытрымаць такі псіхалагічны фон атрымалася толькі дзякуючы падтрымцы сям’і і пастаянным напамінам трэнера: «Ты ж прыехала займацца спортам!»

Здзекі і смяшкі спыніліся, калі дзяўчына пачала дэманстраваць першыя моцныя вынікі.

Пасля выступу на спартакіядзе народаў СССР яе, 12-гадовую, запрасілі ў нацыянальную каманду. Яна пачынае займаць першыя месцы ў індывідуальных выступах на чэмпіянатах свету і Еўропы, становіцца шматразовай уладальніцай срэбных і залатых медалёў на Гульнях добрай волі.

На фота злева Марыне 15 год. Яна — уладальніца Кубка СССР па мастацкай гімнастыцы.

Яна хоча быць лепшай, чым учора, бо інакш не ўмее. У 1980 годзе мастацкую гімнастыку ўключаюць у праграму Алімпійскіх гульняў, у савецкіх і іншых спартсменаў-гімнастаў з’яўляецца новая мэта.

Праўда, першая барацьба за медалі праходзіць без СССР. Савецкая зборная ў адказ на байкот Алімпіяды-1980 праігнаравала гульні 1984 года, што праходзілі ў Лос-Анджэлесе. Замест гэтага сацыялістычныя краіны правялі ўласныя спаборніцтвы «Дружба-1984». Алімпійскае золата па мастацкай гімнастыцы заваёўвае канадка Лоры Фанг.

Марына Лобач у гэты час трэніруецца то ў Мінску, то ў Маскве, і яшчэ не ведае, што на наступныя Алімпійскія гульні — 1988 прадстаўляць сваю краіну адправіцца яна.

Узлёт і пераасэнсаванне

Ад СССР на турнір накіроўваюць яе і спартсменку Аляксандру Цімашэнка. Старанна рыхтуючыся да такой важнай падзеі, 18-гадовая Марына за тыдзень да ад’езду ў Сеул на кантрольнай трэніроўцы нечакана падварочвае нагу. Само сабой, яна моцна расстроілася. Праўда, у траўмпункце тады абнадзеілі: «Гэта ўсё хутка пройдзе». Паскорыць працэс павінны былі іголкаўколванне і іншыя працэдуры.

Нягледзячы на тое, што боль у назе не сціхаў, у Сеуле Марына забылася на яго і настроілася рабіць усё ўпэўнена, нібыта нічога і не адбылося.

У 80-я гады ХХ стагоддзя галоўнымі фаварыткамі ў мастацкай гімнастыцы лічыліся балгаркі, ім і прарочылі перамогу. Але ў выніку толькі Лобач змагла выканаць кожны від праграмы без памылак, атрымаўшы максімальныя 40 балаў. Каб нічога не перашкаджала яе целу, яна выступала басанож. Касцюм, сшыты ў Фінляндыі спецыяльна да гульняў, быў заменены на звыклы і больш камфортны. Яна старалася гнаць прэч усе думкі пра медаль і перамогу. Галоўнае — правільна выканаць практыкаванне, не згубіць булаву, абруч, стужку, мяч…

Сеул, 1988 год.

Дарэчы, калі сёння ў распараджэнні гімнастак — разнастайны выбар запісанай музыкі, то тады спартсменка выступала пад жывы акампанемент.

«У зале ставілі раяль ці піяніна. Акампаніятар імправізаваў, падбіраў нешта пад мой характар, я пачынала пад гэта рухацца, і мне вельмі падабалася, калі мы маглі знайсці ўзаемаразуменне. Калі абое лавілі агульны настрой і маглі данесці яго гледачу».

З Паўднёвай Карэі Марына вярталася абсалютнай чэмпіёнкай. Перад тым, як прыехаць у Мінск, ёй прыйшлося затрымацца ў Маскве аж на тыдзень: так шмат было тых, хто хацеў павіншаваць яе, хто хацеў яшчэ раз убачыць спартоўку, хай сабе і на паказальных выступах. Акрамя шматлікіх букетаў і слоў падзякі, Марына атрымала і матэрыяльную ўзнагароду — алімпійскія прызавыя грошы. За іх яна набыла мэблю ў аднушку, якую ёй выдалі яшчэ да Алімпіяды (жыць дзяўчыне не было дзе, на паўгода яе нават давялося прытуліць трэнерцы). Той гістарычны мэблевы гарнітур да гэтага часу служыць сям’і Лобач.

Здавалася, усё, што з ёй адбылося ў 1988 годзе, — толькі старт, іншыя перамогі будуць наперадзе. Але літаральна праз год пасля свайго фантастычнага выступу ў Сеуле Марына заявіла, што завяршае спартыўную кар’еру.

Лічыцца, што такое рашэнне гімнастка прыняла адразу пасля Чэмпіянату СССР, калі адчула, што яе мэтанакіравана засудзілі, каб правесці наперад іншага чалавека. Але, відаць, нават калі б той сітуацыі і не здарылася, яна ўсё адно развіталася б з вялікім спортам.

«У мяне, канечне, не было вельмі жорсткіх траўмаў, але фізічная стомленасць назапасілася: здаралася, падварочваліся ногі, часта балела спіна. Акрамя гэтага, пасля перамогі на Алімпіядзе складана было знайсці новую мэту, я стамілася маральна, таму і прыняла рашэнне застацца той, кім я ёсць, не падаць уніз», — згадвае спартсменка.

Яна абрубіла канцы рэзка: «Пасля мастацкай гімнастыкі — ніякай мастацкай гімнастыкі». Спрабавала змяніць від дзейнасці і нават паступіць у Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва на актрысу. Аднак, адпачнуўшы ад гімнастыкі некалькі год, зразумела, што без яе не зможа. Марына вярнулася ў спорт, праўда, ужо ў якасці трэнера. Два гады яна займала пасаду дзяржаўнага трэнера ў Спарткамітэце Беларускай ССР. Праца, якая прадугледжвала шмат папяровай цягамоціны, не прыносіла задавальнення. Так Марына вырашыла вярнуцца ў залу і стала займацца сапраўды любімай справай — вучыць гімнастыцы дзетак.

Сям’я — перш за ўсё

У 1992 годзе Марына выйшла замуж за Дзмітрыя Багданава. Згадвае, што пазнаёміліся яны ў цягніку «Масква — Мінск», калі Марына вярталася на радзіму пасля ўдзелу ў спартыўным шоу са спартсменамі «Дынама».

За год да гэтага распаўся СССР, будаваць сям’ю ў новых сацыяльна-эканамічных умовах было няпроста, але яны справіліся.

(Пытаюся, ці ёсць у яе настальгія па тых часах, як у многіх, хто нарадзіўся пры Саветах.

«Настальгіі няма. Але многія рэчы, якія дысцыплінавалі, любоў да Радзімы, да свайго віду спорту — усё гэта з’явілася менавіта тады і ішло са мной праз усё жыццё», — адказвае Марына).

Яна амаль ніколі не расказвае пра сям’ю ў інтэрв’ю, бо заўсёды падзяляе асабістае і прафесійнае. Бачна толькі, як радуецца за поспехі дачок: старэйшая, Ірына, працуе праграмісткай, а Надзея займаецца настольным тэнісам, уваходзіць у нацыянальную зборную.

У 2004 годзе ў Марыны з’явілася яшчэ больш выхаванцаў: на базе прадстаўніцтва Мінскай вобласці Нацыянальнага алімпійскага камітэта адкрылася школа яе імя. Наведваць яе могуць дзеці ад 4 да 8 год, без абмежаванняў па вазе ці росце. Ідэя ў тым, каб гімнастыка не была прывілеяванай і адкрывалася ўсім, хто хоча з ёй пазнаёміцца, нават калі гэта дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, напрыклад. Заняткі з мячыкамі, праца з пластыкай і расцяжкай усім ідуць на карысць. У самых здольных ёсць магчымасць адсюль трапіць у школу алімпійскага рэзерву.

У школу імя Лобач можа прыйсці любая дзяўчынка. Раней тут займаліся і хлопчыкі.

Сёння школа працуе амаль аўтаномна ад той, у гонар якой названая. Марына ж праводзіць большасць часу ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы на праспекце Пераможцаў, што нядаўна адчыніўся. Каля ўваходу кожнага тут сустракае скульптура з адбіткам рукі алімпійскай чэмпіёнкі і надпісам: «Мары спраўджваюцца! Тут будуць нараджацца чэмпіёны і загартоўвацца характары!»

Марына «загартоўвае» ў гэтых сценах дзяўчат ад 12 да 18 год, выступае як суддзя на спаборніцтвах. Сама пра сябе кажа, што трэнер яна не жорсткі, але справядлівы.

Марына Лобач каля Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы.

«Бывае, мы ў гэтых сценах праводзім і па 12 гадзін. Колькі трэба, столькі тут і жывём. Калі набліжаюцца спаборніцтвы, то без святаў і выходных. Трэнерская праца патрабуе жыцця па-за графікам», — расказвае Марына.

Вось і сёння, у суботу, якая для многіх з’яўляецца стандартным выхадным днём, Марына выстаўляе адзнакі на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод школьнікаў. У паветры гучаць крыкі падтрымкі: «Сафія, давай!» Марыне ж і яе калегам трэба ўважліва адсочваць нумары кожнай «мастачкі»: як яна рухаецца пад музыку, наколькі дасканалая ў тэхніцы…

Сама для сябе Марына даўно вызначыла, на што ў першую чаргу будзе звяртаць увагу ў юных гімнастках: «Для мяне на першым месцы стаіць артыстызм. Калі ёсць прыгожая музыка, калі выступоўца разумее, што пад яе рабіць, а яе практыкаванні зразумелыя і гледачам, і суддзям. Правілы ў спорце мяняюцца, гімнастыка прагрэсуе, і часам рэчы, якія робяць дзяўчаты, пачынаюць нагадваць цырк. За тэхнікай валодання прадметам знікае індывідуальнасць. А я б хацела, каб гімнастыка заставалася гімнастыкай, а не цыркам».

А яшчэ яна б хацела, каб займацца да іх прыходзілі не проста добрыя спартсмены, а асобы. «Само сабой, ад нацыянальнай зборнай патрабуюць пэўных вынікаў на спаборніцтвах, на алімпіядах. Ад цябе многага чакаюць, а атрымліваецца ўсё не заўсёды, часта вынік залежыць нават не ад добрай падрыхтоўкі, а ад фартуны: яна можа быць, а можа — і не. Акрамя таго, сам від спорту становіцца больш складаным. Мноства краін развіваюць мастацкую гімнастыку, шмат трэнераў раз’язджаюцца па ўсім свеце, у тым ліку расійскія, беларускія, балгарскія. Спаборніцтвы з кожным годам падымаюцца на новы ўзровень, і тым, хто ў гульні, становіцца ўсё складаней перамагаць», — дзеліцца набалелым Марына.

Яна сцвярджае, што ні разу не пашкадавала, што стала трэнерам. Калі ўжо і сыходзіць ад трэнерскіх абавязкаў калі-небудзь, то толькі з галавой у сям’ю. Яна для Марыны заўсёды была і застаецца на першым месцы.

Каментары12

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы5

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы

Галоўнае
Усе навіны →