Пішам даўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва

Апошнія паромы Барысфена

Рэпартаж з Бярэзіны, Дняпра і Сожа
Жнівеньска-вераснёўская пара з «арабінавымі начамі» — менавіта ў гэты час разгортваецца дзея апавядання Уладзіміра Караткевіча «Паром на бурнай рацэ». Твор з школьнай праграмы першым усплывае з падсвядомасці беларуса, які чуе слова «паром». Мы выправіліся на паўднёвы ўсход Беларусі, у апісаныя Караткевічам мясціны — на Дняпро, пад Рагачоў.

«На Дняпро» — разуменне шырокае, якое ўключае ў сябе і яго вялікія прытокі. Найбліжэйшы да сталіцы паром працуе ў Парычах за Бабруйскам, на Бярэзіне.

Хто нам дапамагае

Раней паромы, самы старажытны ў свеце транспарт, працавалі паўсюль, дзе нельга было пераехаць уброд. Цяпер іх засталося менш за дзясятак ва ўсёй краіне — на вялікіх рэках, якія не перакінеш бюджэтным мастком, на старых бітых шляхах, якія страцілі значэнне, але яшчэ служаць людзям. Разам з Volkswagen у Беларусі мы вывучаем апошнія беларускія паромы.

Аб'ехаць пераправы Бярэзіны, Дняпра і Сожа нам дапаможа самы вялікі легкавы Volkswagen — сямімесны Teramont.

Падарожжа першае:
Паром праз Мора Герадота

Ад Лунінца да Петрыкава: рэпартаж з неймавернага Палесся
Парычы
Парычы — вялікае мястэчка з традыцыйнай для Гомельшчыны драўлянай забудовай: платамі ў чалавечы рост, багатымі ліштвамі на вокнах.

Народная рэакцыя на барока
Доктар гістарычных навук Яўген Сахута патлумачыў нам, што разьба на ліштвах — гэта перайманне элементаў аздобы, якія сяляне бачылі ў барочных храмах. Ліштвы з'явіліся пры канцы ХІХ стагоддзя, калі вызвалены з рабства народ за некалькі дзесяцігоддзяў імкліва змяніў курныя хаты на чыстыя, з комінамі. У жылых будынках павялічыліся вокны, іх трэба было закрываць рамамі. Шчыліны між рамай і сцяной зашывалі дошкамі, на якіх і з'явілася тая разьба. На Гомельшчыне трапляюцца цэлыя надваконныя алтары.
Да 1960-га Парычы былі раённым цэнтрам. Захаваліся адміністратыўныя будынкі, «гарадскі» клуб з гіпсавымі статуямі. Каля яго з кручы можна спусціцца на бязлюдны пляж, да шырокай няспешнай Бярэзіны.

Трапіць на зарослы дзікім кустаўём процілеглы бераг можна толькі паромам, які ходзіць ніжэй па плыні. На платформе адна машына — няновы «жыгуль». Тры пасажыры чакаюць, пакуль скончыцца скандал: нечакана завітала начальства і вычытвае работніка парома ў зашмальцаванай форменнай куртцы ДЭУ за недакуркі на палубе. Той маўчыць і таксама перачэквае. Урэшце бура мінае, і ён махае нам заязджаць.

Паром на Бярэзіне
Volkswagen Teramont лёгка пераадольвае масток. Нягледзячы на візуальна шырачэзны капот, яго колы выдатна ўпісваюцца ў «вузкія месцы» беларускіх пераправаў і пераездаў. Дзядзькі з «жыгуля», якія едуць у забярэзінскую вёску, зарыентавалі нас: за ракой «дзесяць кіламетраў дарогі амаль няма», а пасля выезд на Жлобін і Рагачоў, у тыя самыя Караткевічавы мясціны.
Раней у Парычах быў «самалёт» — паром, які рухаецца сам, дзякуючы плыні. Цяпер сюды прыйшоў прагрэс: паромнік запускае дызельны рухавік, зняты з трактара «Беларуса». Рухавік мае круціць лябёдку з тросам і рухаць паром цераз раку. Ды штосьці не ладзіцца. Учарнелы, як лёгкія курца, рухавік чхае, але не заводзіцца.
Вакол збіраецца кансіліум: падыходзяць дзядзькі з «жыгуля», падцягваецца эксперт з берага. Чысцяць кантакты, мяняюць клемы, мацуюць на акумулятар — той жа эфект. Відаць, тэхналогіі ХХ стагоддзя не такія надзейныя, як вечная энергія рачной плыні. Мусім разварочвацца і выязджаць з парома. Давядзецца скарыстацца іншай дарогай, што ідзе на поўдзень уздоўж Бярэзіны.

Загадка Бярэзіны
Рака, на якой стаяць Барысаў, Бабруйск і Светлагорск, мае аж дзевяць цёзак у Беларусі – чатыры рэчкі і пяць вёсак, ды яшчэ адна Бярэзіна ёсць у Смаленскай вобласці Расіі. Мовазнаўцы кажуць, што назва не такая і славянская, як можа падацца. У мовах балтаў, спрадвечных насельнікаў гэтых тэрыторый, слова «бяроза» гучыць падобна.

А самыя адчайныя знаходзяць сугучча назваў Бярэзіны і Барысфена, ракі, якую згадваў першы ў свеце гісторык Герадот. Той самы, што апісаў на Палессі мора. Барысфенам грэкі, следам за скіфамі, называлі Дняпро, у які Бярэзіна ўпадае. Але хто ў тыя часы разбіраўся, дзе яго вытокі.

Яшчэ слова «бярэзіна» ёсць у французскай мове і пазначае яно татальную катастрофу. Гэта памяць пра трагічную пераправу Напалеонавага войска ў 1812-м. Тая бітва здарылася вышэй, у раёне Барысава.

Нафтавыя палі
Лакальны транспартны калапс у Парычах дазваляе нам пабачыць беларускія нафтавыя палі. Тут, у пойме Бярэзіны, па геалагічным Прыпяцкім прагіне, залягаюць радовішчы нафты. Стаяць-ківаюцца дыназаўрападобныя помпы сярод асушаных тарфянікаў. Вакол — нікога.
Габарыты
Volkswagen Teramont — аўто выбітных нават для ўседарожніка памераў: даўжыня 5036 мм, шырыня 1989 мм, вышыня 1769 мм. Прычым габарыты выкарыстаныя па макісмуме. Пры жаданні ў машыне можа размясціцца сем чалавек (ёсць трэці шэраг крэслаў) і яшчэ застанецца багажнік памерам 583 л. Калі ж трэба перавезці вельмі габарытны груз, ёсць магчымасць скласці другі і трэці шэрагі крэслаў - атрымаем прастору змяшчальнасцю ў 2471 л. з роўнай падлогай.


Габарыты
Volkswagen Teramont — аўто выбітных нават для ўседарожніка памераў: даўжыня 5036 мм, шырыня 1989 мм, вышыня 1769 мм. Прычым габарыты выкарыстаныя па макісмуме. Пры жаданні ў машыне можа размясціцца сем чалавек (ёсць трэці шэраг крэслаў) і яшчэ застанецца багажнік памерам 583 л. Калі ж трэба перавезці вельмі габарытны груз, ёсць магчымасць скласці другі і трэці шэрагі крэслаў - атрымаем прастору змяшчальнасцю ў 2471 л. з роўнай падлогай.


Не запускаецца, але смярдзіць
Парычы і наваколле можна назваць рэгіёнам няспраўджаных гарадоў. Самі Парычы, якія ўпэўнена раслі ад цэнтра войтаўства да раёна, у сярэдзіне ХХ стагоддзя страцілі першынство. Трохі на поўнач ад іх, каля вёскі Каралёва Слабада — 2, не так даўно археолагі адшукалі горад Казімір, што таксама не развіўся з-за войнаў XVII стагоддзя. Рэалізавацца змог толькі Светлагорск.
Хто мог яшчэ ў 1950-я падумаць, што вёска Шацілкі зробіцца местам «фабрык дымных і машын»? Высака ўзносяцца коміны ЦЭЦ, усю паўднёвую частку займае «Хімвалакно». «Валакно наша няхай, — кажуць светлагорцы. — Мы да яго прывыклі ўжо, але вось тое новае, што кітайцы збудавалі…»

Гаворка пра фабрыку беленай сульфатнай цэлюлозы між Светлагорскам і Якімавай Слабадой. Яе па беларуска-кітайскай інвестыцыйнай дамове паставіла кітайская карпарацыя САМСЕ. Запусціць прадпрыемства меліся яшчэ ў 2015-м, але дагэтуль гіганты-каміны страйкуюць, а афіцыйнае адкрыццё пераносіцца. У канцы 2017-га правялі пусканаладачныя работы, па ўсім наваколлі пайшоў спецыфічны пах.

«Смярдзела вельмі. Завод жа фактычна ў маім агародзе стаіць. Можа, яно і не шкоднае, але прыбіральню ў спальні таксама мець не шкодна — але і жыць так некамфортна», — разважае жыхар Якімавай Слабады.

«Калі ў нас тут перад будаўніцтвам рабілі выгляд грамадскага абмеркавання, дык казалі, што завод будуюць па самых новых бяспечных тэхналогіях, без ніякіх шкодных выкідаў, — кажуць людзі на прыпынку. — Але ад таго часу да будаўніцтва пару гадоў мінула, і на само будаўніцтва столькі ж. Якія ж яны ўжо новыя?»

Цікава, што пры самай фабрыцы засталіся парнікі мясцовага гародніннага камбіната. На яго адкрытых палетках, кажуць людзі, апошнім часам садзяць тэхнічныя культуры.

Курортны горад Лоеў
У цэнтры Лоева мінчук адчуе дэжа вю: тут стаіць амаль такі самы абеліск, як на плошчы Перамогі ў Мінску. Мемарыяльны комплекс у Лоеве створаны ў памяць Бітвы за Дняпро — адной з самых крывавых у часе Другой сусветнай.
Сюды, пад Лоеў, у лістападзе 1943-га, падмануўшы немцаў, нечакана перакінуў з-пад Гомеля некалькі армій маршал Ракасоўскі. За дзень на пераправе праз чатырохсотметровую раку пад абстрэлам паклалі амаль 10 тысяч чалавек, але «Усходні вал», лінію нямецкай абароны, удалося прарваць.
Побач з мемарыялам ды расстаўленай па плошчы вайсковай тэхнікай — пляж з парасонамі. А з высокай кручы-замчышча адкрываецца від на зліццё Дняпра і Сожа.

Паўднёвыя беларускія гарады на вялікіх рэках, увогуле, маглі б быць па-сур'ёзнаму курортнымі. І работа ў адпачынковай інфраструктуры людзям была б. Але на гэта трэба інвестыцыі, а пакуль з курортнасці ў Лоеве — толькі расслаблены расклад парома.
Бадзяемся Лоевам, дэгустуем комплексны абед у мясцовай сталоўцы, а апошнюю гадзіну гутарым з паромнікамі ў альтанцы на беразе. Не абыходзіцца — падняпроўцы ж — без звычайных гісторый пра рыбалку і самоў з галовамі, што ў вядро не ўлазяць.


Мы трапляем якраз у трохгадзінны перапынак між 12.00 і 15.00. Лоеўскі паром — адзіны хуткі спосаб трапіць у Днепра-Сожскі заказнік, што ў міжрэччы дзвюх вялікіх беларускіх рэк.

«Чоўнікі»

Міма ідзе стары з кароткім драўляным вяслом, нібы для пірогі якой. Гэта ў нас яшчэ тут на чоўніках плаваюць, кажа каларытны капітан катара «Віць», які цягае паром. Тысячагадовы досвед падняпроўца не выб'еш за пару пакаленняў жыцця ў тэхналагічным свеце: пачынаецца размова, як правільна рабіць выдзяўбаны човен з ствала дрэва — як высякаць яго з асіны, як распарваць і разводзіць клінамі барты… «Каменны век», — грэбліва падсумоўвае капітан. «А і добра на такім чоўніку — як на байдарцы», — кажа яго калега.

За тры гадзіны збіраецца немалая чарга машын. Паромнікам даводзіцца рэгуляваць рух, указваючы кожнаму, дзе станавіцца. Пад колы аўто рэкамендуюць падкладаць металічныя стопары, прычым з двух бакоў. Гэтую параду мы ацанілі, калі капітан запусціў катар і, раўняючы яго супраць плыні, з маху ўдарыў паромам у драўляныя бэлькі прычала. Пасля катар закладае віраж і паром нібы рэдкая птушка вылятае на дрыфце на сярэдзіну Дняпра.

Паром «Лоеўскі»
Трос нацягваецца, катар газуе — і нечакана ціха і роўненька ставіць паром да прычала каля процілеглага берага.
Дымы над міжрэччам
У міжрэччы Дняпра і Сожа стаяць некалькі вёсак. Каб гадоў сем таму не адкрылі паром, дабрацца ў Абакумы ці Карпаўку, ад якіх да Лоева кіламераў пяць, можна было б толькі праз гарошкаўскі мост пад Рэчыцай, даючы кола ў сто кіламетраў.

У міжрэччы Дняпра і Сожа на 14 тысячах гектараў размясціўся Днепра-Сожскі біялагічны заказнік. Тут 140 відаў птушак і 660 відаў раслін, а сёлета адшукалі нават рэдкага матылька Zerynthia polyxena сямейства паруснікаў, якога з 1902 ў Беларусі не бачылі.

З'явіўся і яшчэ адзін нярэдкі, на жаль, від — караед, пошасць беларускіх хвойных лясоў у апошнія гады. Яшчэ з Лоева відаць, як над заказнікам уздымаюцца частыя дымы. Пілуюць і крыжуюць запаветныя хвоі, паляць лаўжы і пні - сама зямля дыміцца.

За гэтыя высечкі лоеўцы моцна крытыкуюць дырэктара заказніка — Уладзіміра Дзяржынскага: «Хутка ўсё звядзе гэты Фелікс Эдмундавіч…»
Паром «Паўднёвы»
Па дарогах з разбітым лесавозамі асфальтам даязджаем да пераправы праз Сож. Паром «Паўднёвы» ходзіць штогадзіны, а ў часе ўборачнай і часцей: ледзь толькі на беразе збярэцца прымальная колькасць трактароў з цюкамі саломы.

«Дняпро вялікі, вада ў ім цёмная. Руку апусціш — не відаць, — казалі нам у Лоеве. — А Сож, хоць меншы, а чысцейшы». Паром цераз многа вузейшы за Дняпро лясны Сож рухаецца з дапамогай электрычных рухавікоў, якія круцяць лябёдкі, знятыя з пад'ёмнага крана. Электрычнасць рухавікам дае дызельны генератар, трохі меншы за піяніна «Беларусь», які стаіць тут жа.
З'ядае ён за суткі 20 літраў дызпаліва, што дазваляе зрабіць каля дваццаці рэйсаў. За «Паўднёвым» ідзе траса ў бок Украіны, да памежнага перахода Новая Гута. Мы кіруемся на поўнач, спадзеючыся да сутоння пабачыць Рагачоў. Але першы мост цераз Сож зачынены на рамонт. Даводзіцца праехаць гадзінапікавы вечаровы Гомель.
Асістэнт утрымання паласы руху Lane Assist
Разынка Volkswagen Teramont – памочнік руху па паласе Lane Assist. Ён дапаможа не вылецець на ўзбочыну з усімі вынікамі гэтага, калі вы на секундачку задумаліся, адцягнуліся ад кіравання або нават адпусцілі стырно.

Як гэта працуе? Камера, паміж лабавым шклом і люстэркам задняга віду ў салоне, маніторыць дарогу перад аўто, аблічбоўвае карцінку, робіць яе чорна-белай і перадае інфармацыю на блок кіравання, які месціцца там жа. Арыентуецца сістэма па дарожнай разметцы і працуе пры хуткасці больш за 60 км/г. Калі з нейкай прычыны аўто пачынае хіліцца ўбок, рызыкуючы выехаць з паласы, блок кіравання ўключае электраматорчык, умантаваны ў стырно. Стырно вібруе, папярэджваючы кіроўцу пра небяспеку. Адначасова спрацоўваюць светлавы і гукавы сігналы, асістэнт пачынае сам падрульваць, каб аўто засталося на паласе.

Але нічога гэтага не адбываецца, калі кіроўца ўключае паваротнік або выязджае з паласы, павярнуўшы стырно. Сістэма разумее, што чалавек дзейнічае свядома і аддае кіраванне ў яго рукі.

Асістэнт утрымання паласы руху Lane Assist
Разынка Volkswagen Teramont – памочнік руху па паласе Lane Assist. Ён дапаможа не вылецець на ўзбочыну з усімі вынікамі гэтага, калі вы на секундачку задумаліся, адцягнуліся ад кіравання або нават адпусцілі стырно.

Як гэта працуе? Камера, паміж лабавым шклом і люстэркам задняга віду ў салоне, маніторыць дарогу перад аўто, аблічбоўвае карцінку, робіць яе чорна-белай і перадае інфармацыю на блок кіравання, які месціцца там жа. Арыентуецца сістэма па дарожнай разметцы і працуе пры хуткасці больш за 60 км/г. Калі з нейкай прычыны аўто пачынае хіліцца ўбок, рызыкуючы выехаць з паласы, блок кіравання ўключае электраматорчык, умантаваны ў стырно. Стырно вібруе, папярэджваючы кіроўцу пра небяспеку. Адначасова спрацоўваюць светлавы і гукавы сігналы, асістэнт пачынае сам падрульваць, каб аўто засталося на паласе.

Але нічога гэтага не адбываецца, калі кіроўца ўключае паваротнік або выязджае з паласы, павярнуўшы стырно. Сістэма разумее, што чалавек дзейнічае свядома і аддае кіраванне ў яго рукі.

Абрыў
У Рагачове каля замчышча, дзе раней быў дзікі пляж, ставяць новы мост. У апавяданні Караткевіча сказана, што паром быў за вярсту ад горада вышэй па цячэнні.

Паром на бурнай рацэ
Апавяданне, якое дало пачатак раману «Леаніды не вярнуцца да Зямлі», Караткевіч напісаў на пачатку 1960-х. Але асобнай кнігай раман выйшаў у 1982-м пад змененай назвай «Нельга забыць». Якраз у той год памёр кіраўнік СССР Леанід Брэжнеў, і цэнзура палічыла падазронай назву з «Леанідамі». «Паром на бурнай рацэ» апавядае пра падзеі паўстання Каліноўскага. Продкі Караткевіча па маці, Грынкевічы з Рагачова, бралі ў ім удзел. Такое прозвішча мае і герой апавядання: паўстанцкі камандзір Усяслаў Грынкевіч. Недзе пад Рагачовам, за вярсту вышэй ад горада, змясціў Караткевіч той паром, якім жонка Грынкевіча мусіла пераехаць Дняпро, каб перавезці памілаванне мужу, што чакаў расстрэлу ў турме...
ПАРОМ КАРАТКЕВІЧ МОГ САБЕ ЎЯЎЛЯЦЬ У НАВАКОЛЛІ ВЁСКІ АЗЯРЫШЧА, НАД ДНЯПРОМ, ДЗЕ ЖЫЛІ ЯГО СВАЯКІ. НЕДАЯЗДЖАЮЧЫ ДА ВЁСКІ, СТАРАЯ АСФАЛЬТАВАЯ ДАРОГА РАПТАМ АБРЫВАЕЦЦА Ў ПРОРВУ. ВЫХОДЗІМ ПАГЛЯДЗЕЦЬ, У ЧЫМ СПРАВА. ВЫГІНАЕЦЦА ЛАГОДНЫ ДНЯПРО, МІРНА Б'ЮЦЬ У ІМ ХВАСТАМІ ЧАС АД ЧАСУ НЕМАЛЫЯ РЫБІНЫ – ХТО Б МОГ ПАДУМАЦЬ, ШТО Ў ПАВОДКУ ЁН РАЗРЫВАЕ АСФАЛЬТАВЫЯ ДАРОГІ?

БЕЛАРУСКІЯ РЭКІ МАЮЦЬ БЕЛАРУСКІ ХАРАКТАР: ЗАСТАЮЦЦА БУРНЫМІ НАВАТ У ЦІХУЮ ПАГОДУ.
За што адказваў:
фота, відэа, спецэфекты, тэхнічная адаптацыя, графічная абалонка і візуальны наратыў
Сяргей Гудзілін
Фатограф
За што адказваў:
тэкст, рэдактура, фактчэкінг, лакацыі і маршрут, збор і адаптацыя гістарычных дадзеных
Андрэй Скурко
Рэдактар НН