История

Гипноз известен с дописьменных времен, но деятельность некоторых советских гипнотизеров остается загадкой

Популярность экстрасенсов во времена распада СССР была огромной и, по правде, преувеличенной. Но на самом деле феноменальные, иногда необъяснимые штуки делали профессиональные гипнотизеры. Об этом в журнале «Наша гісторыя» написала Светлана Курс.

Анатоль Кашпіроўскі з удзельніцамі сеансаў. Уздзеянне яго на жанчын было вельмі моцным, некаторыя ездзілі за ім па ўсёй краіне. Лічыцца, што жанчыны ўвогуле больш гіпнабельныя за мужчын. Фота Ria.ru.

Што такое гіпноз?

У вачах навукоўцаў гіпноз не з’яўляецца чымсьці цудоўным. Гэта проста асаблівы рэжым працы мозгу, які ўключаецца і ў людзей, і ў жывёл. Існуюць прынамсі тры станы чалавечай свядомасці: неспаннё, сон (з усімі яго стадыямі) і гіпноз, які не мае нічога агульнага з рэгенерацыйным сном, хоць і паходзіць з грэцкага hypnos (сон) ды osis (стан). 

У найноўшай медыцыне гіпноз паспяхова вывучаюць і выкарыстоўваюць апошнія 200 гадоў.

Прытым сучасная навука дае даволі абцякальнае азначэнне гэтай з’явы. Заходні медыцынскі энцыклапедычны слоўнік Мілера-Кіна вызначае яго як «штучна выкліканы, часовы стан змененай свядомасці, які характарызуецца звужэннем аб’ёму свядомасці, рэзкай канцэнтрацыяй фокусу ўвагі на змесце ўнушэння, зменамі ў функцыі кантролю, а таксама падвышанай рэактыўнасцю на каманды гіпнатызёра». 

Паводле Мілера-Кіна, механізм гіпнозу больш-менш такі: эга чалавека, гэта значыць частка розуму, якая свядома стрымлівае інстынкты, пад уздзеяннем гіпнатызёра часова слабее. Чалавек пачынае рэагаваць на свет залежна ад сваіх біялагічных і псіхалагічных характарыстык. Аслабляючы несвядомыя ахоўныя сілы розуму, гіпноз можа прымусіць некаторых пацыентаў перажываць важныя падзеі дзяцінства, даўно забытыя ці падаўленыя.

Прыкладна штосёмы чалавек асабліва падатны на гіпноз і можа даходзіць да стану самнамбулізму.

Народны гіпноз

У беларускай знахарскай традыцыі гіпноз ужываўся і для навядзення ўрокаў, улякаў ды сурокаў, і для вылечвання ад іх. Знахары і шаптухі зашэптвалі хворага да стану глыбокага выключэння свядомасці, бо так, кажучы сучаснай мовай, лягчэй дабрацца да псіхічнай прычыны хваробы. Дзеля гэтага існавалі шматлікія замовы з іх магічнай і паўтаральнай структурай. Асабліва пагрозлівымі лічыліся г. зв. «смярцёныя сурокі», калі праклён перадаваўся чалавеку праз сон з таго свету. Такія сурокі лячыліся гіпнозам праз люстэрка, калі хворы пагружаўся ў стан, падобны да трупнага здранцвення. Кажучы сучаснай мовай, гэта стан самнамбулізму.

З дапамогай шаптальнага і люстэркавага гіпнозу лячылі скурныя, алергічныя, псіхічныя хваробы, залежнасці (кшталту п’янства ці прагульвання грошай), «загаворвалі» зубы і здымалі іншыя болі, у тым ліку родавыя. 

Гіпноз часта выкарыстоўваўся і для крымінальных учынкаў. Асабліва славіліся гэтым цыганы, якія з дапамогай гіпнозу маглі выдаць хворага старога каня за гарачага жарабца або заплаціць алавянымі гузікамі. У 1945 годзе мая сям’я так пазбылася прыпасаў, якія тады былі на вагу золата. У хату зайшла цыганка, паабяцала наваражыць, ці вернецца мужык з вайны. Папрасіла нітак, парэзала іх, склала ў крыжык на далоні і пачала шаптаць. Крыжык закруціўся — маладзіца са свякрухаю страцілі прытомнасць, а калі «ачхнуліся», то цыганка ўжо знікла разам з кублом сала і кілбасамі з-за коміна.

Так спаконвеку гіпноз прымяняўся для дзвюх важных чалавечых патрэб: лячэння і зладзейства. Першаадкрывальнікамі гіпнозу былі шаманы, друіды, аракулы, альруны, чараўнікі ўсіх чалавечых плямёнаў на зары гісторыі.

Яны валодалі тэхнікамі ўвядзення сябе і іншых у стан трансу, які выкарыстоўвалі для лячэння, абязбольвання, прадказання будучыні са змененага стану свядомасці, увядзення ў баявы транс ваяроў і паляўнічых. Прымяняўся гіпноз і для абясчульвання ахвяры перад ахвярапрынашэннем, каб яна пакорліва і нават радасна прыняла свой горкі лёс. 

Апісаныя практыкі, калі аўстралійскія абарыгены праводзілі ампутацыі, увёўшы хворага ў стан трансу, які зберагаў яго ад болевага шоку і страху. Абязбольваліся роды і перадсмяротныя агоніі. У старажытнагрэцкіх храмах — асклепіядах — хворых апускалі ў сон, ужываючы замовы, бліскучыя прадметы, «чароўныя люстэркі», магічныя крышталі, а таксама пасы (ад лац. passum — распаўсюджваць) — марудныя рухі жраца ўздоўж галавы і цела, лёгкія дотыкі, правядзенне далонямі перад тварам. Старажытныя габрэі апісвалі стан, дасягнуты ў выніку замоваў і пасаў, так: «ён спіць і не спіць, і хоць адказвае на пытанні, але душой адсутнічае».

Парацэльс: забіты камянямі

Парацэльс. Фота: Wikimedia Commons

Нягледзячы на сярэднявечныя забароны і рэпрэсіі, еўрапейскія навукоўцы заўжды цікавіліся гіпнозам. Ёсць версія, што менавіта за гэта заплаціў жыццём славуты лекар Парацэльс — Філіп Аўрэол Тэафаст Бамбаст фон Гогенхайм, забіты камянямі на вуліцы 24 верасня 1541 года, на 48-м годзе жыцця. Парацэльс быў адным з найвялікшых лекараў у гісторыі. Ужо ў XVI стагоддзі ён мог лячыць і дыягнаставаць многія недаступныя яго сучаснікам хваробы. Маючы нораў бунтаўніка, нарабіў сабе шмат ворагаў, бо падважваў тагачасную забабонную медыцыну з яе кровапусканнем і п’яўкамі. Гэта прывяло да пераследаў і выгнання. Парацэльс стаў вандроўным лекарам, які вывучаў практыкі знахароў, цырульнікаў, алхімікаў і магаў. 

Менавіта ён першым распрацаваў тэорыю магнетызму і гіпнозу.

Лічыў, што магнітная энергія напаўняе ўвесь свет, пранізвае зоркі, планеты і чалавека. Парацэльс адкрыў, што чалавек у асаблівым стане «з дапамогай магнітнай энергіі ды псіхічнай сілы» можа кіраваць асяроддзем і людзьмі. У гэтым стане чалавек можа імгненна лячыць любыя хваробы, змяняць уласцівасці прадметаў. Так Парацэльс стварыў метады лячэння з дапамогай магнетызму і гіпнозу. Яму належаць першыя даказаныя выпадкі вылечвання з дапамогай гіпнозу, а ягоная тэорыя легла ў аснову ідэй наступнага «ерэтыка ад гіпнозу» — Франца Антона Мэсмера. 

Мэсмер: багаты і пагарджаны

Франц Антон Мэсмер нарадзіўся ў 1734 годзе трэцім з дзевяці дзяцей егера, які жыў каля Бодэнскага возера. Нягледзячы на невысокае паходжанне, ён стаў філосафам, юрыстам і доктарам медыцыны. Мэсмер быў чалавекам усебакова развітым, а да таго ж прынятым у вышэйшых колах дзякуючы ўдалай жаніцьбе. Багаты цесць падарыў яму асабняк у Вене, дзе Франц Антон зладзіў медыцынскую лабараторыю. 

Першая навуковая праца Мэсмера тычылася ўплываў планет і зор на лячэнне. Тады ён і ўжыў паняцце флюіду — «псіхічнага току», які вылучае кожны чалавек.

Услед за Парацэльсам Мэсмер практыкаваў «жывёльны магнетызм» для лячэння: абкладаў чалавека магнітамі і даваў яму выпіць прэпарат жалеза, які нібыта выцягваў хваробы.

Так ён вылечыў некалькіх уплывовых арыстакратаў, а пасля ездзіў у медыцынскія турнэ па Еўропе. 

Медыцынская супольнасць, аднак, высмейвала і пераследавала Мэсмера, з-за чаго ён уцёк з Вены ў Парыж, дзе лячыў арыстакратаў цэлымі групамі. Яны сядзелі пад «намагнічаным» дрэвам або бакам з «намагнічанай» вадой, учапіўшыся за «намагнічаныя» правады, і пад гукі шклянога гармоніка Мэсмера ўпадалі ў транс, бачылі мінулае і будучыню, унутраныя органы адзін аднаго, распазнавалі хваробы, смяяліся і плакалі. Таксама Мэсмер зараджаў ваду і прадаваў яе ў бутэльках.

Драўляны чан з вадой, які выкарыстоўваў у сваёй працы Мэсмер. У ягоную накрыўку праз спецыяльныя адтуліны ўстаўляліся намагнічаныя жалезныя стрыжні. Некалькі пацыентаў Мэсмера, што размяшчаліся вакол чана, дакраналіся да яго і адзін да аднаго, ствараючы ланцуг, па якім нібыта «цыркуляваў» флюід. А магнетызёр, дакранаючыся да чана, нібыта перадаваў праз яго гаючую энергію ўсім пацыентам адначасова. Фота Wikimedia Commons.

Магнетызм і гіпноз тады набылі рэпутацыю «шарлатанскага» метаду, які дзейнічае на разявак і іпахондрыкаў, але выклікае скептыцызм у вучонай супольнасці. Тым не менш Мэсмер зарабіў 344 тысяч ліўраў і стаў самым багатым і самым пагарджаным вучоным свайго часу. У 1774-м камісія Французскай акадэміі абвясціла Мэсмера махляром, запісаўшы, што «ўяўленне без магнетызму прыводзіць да канвульсій, а вось магнетызм без уяўлення нават канвульсій не дае». Гіпнатызёр быў выкрыты, зганьбаваны, арыштаваны, трапіў у забыццё і ціха сканаў у божым доме, у мафусаілавым па тых часах веку — у 81 год. Аднак ягоную справу працягнулі дзясяткі людзей, пераважна арыстакратаў, якія мелі вольны час і грошы на доследы. 

Маркіз Пюісэгюр і пастух Віктор

Першы дэтальна задакументаваны акт гіпнозу належыць вучню Мэсмера, Арману дэ Шансэнэ, маркізу дэ Пюісэгюру. Ён адкінуў уяўленні пра гіпноз як пра акт магнетызму і стаў трактаваць яго як акт уздзеяння на псіхіку (анімізм). 

4 мая 1784 года ён правёў эксперымент з 23-гадовым пастухом Вікторам Расэ. Віктор канаў ад запалення лёгкіх, і Арман Пюісэгюр вырашыў спрабаваць гіпноз. Незнарок ён увёў хворага ў стан, які назваў «самнамбулічным». Пастух здранцвеў як статуя. Але Пюісэгюр не ведаў, як вывесці пацыента з гэтага стану. Калоў іголкамі, абліваў вадою, падносіў нашатыр — марна.

Урэшце крыкнуў: «Устань і ідзі!» І Віктор падпарадкаваўся, як аўтамат.

Не прыходзячы ў прытомнасць, ён адказваў на пытанні маркіза, паслугоўваючыся добрай французскай мовай. Зніклі ягоныя простая гаворка, заіканне, скаванасць. Перад маркізам паўстаў нязмушаны, культурны чалавек з манерамі і вымовай арыстакрата. 

Такім чынам Пюісэгюр зрабіў рэвалюцыйнае адкрыццё: пры глыбокай стадыі гіпнозу ўзнікае г. зв. «рапорт» (ад фр. rapporter — «вяртаць») — спецыфічны кантакт паміж гіпнатызёрам і загіпнатызаваным, калі частка асобы гіпнатызёра перадаецца загіпнатызаванаму. Пюісэгюр адкрыў, што ў чалавека пад гіпнозам узнікае ўнутраная і знешняя разняволенасць, бестрывожнасць і спакой, разумовыя і фізічныя магчымасці ўзрастаюць, знікаюць голад, стома і боль. 

Магнетычны сеанс Пюісэгюра. Як і ў ягонага настаўніка Мэсмера, пацыенты сядзяць пад «намагнічаным» дрэвам, учапіўшыся за «намагнічаныя» правады. Фота Hypnose.fr.

У краіне саветаў: медыцына і эстрада

Ад доследаў Пюісэгюра (пачатак XIX стагоддзя) і да пачатку XX стагоддзя гіпноз стаў на Захадзе агульнапрызнаным метадам псіхатэрапіі. Сто гадоў у гэтай галіне не адбывалася нічога экстраардынарнага, апрача шырокай практыкі. Пакінем па-за гэтым тэкстам дасягненні вялікіх практыкаў гіпнозу Джэймса Брэйдэна, Жана-Мартэна Шарко, Іпаліта Бернгайма, Зігмунда Фройда і асабліва Мілтана Эрыксана, які за адзін сеанс мог вылечыць ад цяжкой псіхічнай хваробы. Выпраўляйцеся ў гэтае цікавае падарожжа самастойна, а мы пяройдзем адразу да савецкай школы гіпнозу. 

У 1930-я савецкія навукоўцы ўслед за заходнімі прыйшлі да высновы, што гіпнатэрапія можа лячыць неўрозы, фобіі, залежнасці, скурныя і алергічныя захворванні, гіпертанію. Калі прымяненне анестэтыкаў немагчымае, то гіпноз выкарыстоўваецца падчас лячэння зубоў, фіксацыі пераломаў, пры родах і цяжкіх агоніях.

Але асаблівую кар’еру ў СССР сталінскага часу зрабіў «эстрадны гіпноз». З пачатку 1930-х гіпнатызёры выступалі па ўсёй краіне.

Сатырычная сцэна ў «Майстры і Маргарыце» Міхаіла Булгакава пра «сеанс магіі з выкрыццём», дарэчы, спісаная з выступу славутага савецкага гіпнатызёра Рыгора Гутмана, які перад выступам мусіў хвілін з 15 прысвяціць выкрыццю ўласнага майстэрства.

Рыгор Гутман 

Гутман нарадзіўся ў 1895 годзе і ўхітрыўся пражыць у поўным небяспек ХХ стагоддзі доўгае і даволі спакойнае жыццё. Сканаў ён у спакоі і дабрабыце ў 1979-м, на 85-м годзе жыцця. Ягоным майстэрствам захапляўся сам Сталін, чыю ўдзячную тэлеграму Гутман выкарыстоўваў як ахоўную грамату. Адзін з запісаў выступлення Гутмана ў 1934 годзе даступны і на Youtube

Сваю дзейнасць сын бакінскага клерка распачаў у 1933-м. Гутман быў бліскучым акцёрам, апрача бездакорнай тэхнікі гіпнозу меў адпаведныя дыкцыю, голас, манеры, выгляд. Шчаслівейшы за сваіх даўнейшых калегаў Парацэльса і Мэсмера, ён 60 год свабодна выступаў, «абслужыўшы» 200 тысяч чалавек, ніколі не быў рэпрэсаваны, быў заможны і меў мноства раманаў і шлюбаў з жанчынамі, маладзейшымі на 25—40 гадоў. А памёр на другі дзень пасля свайго апошняга выступлення на гастролях у горадзе Ліпецку. 

Знакаміты сеанс масавага гіпнозу ў дзіцячым мультфільме пра Маўглі: пітон Каа цалкам падпарадкоўвае сваёй волі дзясяткі малпаў-бандэрлогаў. Фота Yandex.ru.

Несавецкая паводле сваёй эстэтыкі фігура, Гутман выходзіў на сцэну ў смокінгу і тварыў цуды. Прыкоўваў людзей да крэслаў, праколваў ім рукі без усялякай рэакцыі, ператвараў іх у нягнуткую дошку, па якой скакалі асістэнты, наносіў апёкі з дапамогай простага алоўка. 

Дарэчы, здарэнне, якое прыпісваюць вядомаму містыфікатару Вольфу Месінгу, насамрэч ёсць задакументаваным эпізодам з жыцця Рыгора Гутмана. Аднойчы ў рэстаране ён на просьбу сяброў расплаціўся з афіцыянткай папяровымі сурвэткамі. Дзяўчына іх прыняла, але Гутман пасля дагнаў і шчодра ўзнагародзіў яе. Сваю ж жонку Валянціну ён так загіпнатызаваў перад радзільняю, што тая і не заўважыла тых родаў. 

Мэтр памёр у 1979-м, а праз некалькі гадоў у СССР эстрадны гіпноз забаранілі. На думку савецкіх медыцынскіх функцыянераў, «эстрадны гіпноз наносіць шкоду псіхічнаму, маральнаму здароўю савецкіх людзей… Падчас такіх сеансаў назіраецца з’ява гіпнанаркаманіі, што прыводзіць да разбурэння структуры асобы, паніжае яе здольнасць да сітуацыйнага аналізу, стымулюе спантанныя нематываваныя паводзіны».

Анатоль Кашпіроўскі і ягоныя цені

Але забарона гіпнозу пратрымалася літаральна пару гадоў. Прыйшла перабудова, а з ёй — фенаменальная папулярнасць Анатоля Кашпіроўскага і Алана Чумака, з імёнамі якіх прынамсі старэйшае і сярэдняе пакаленне на постсавецкай прасторы перадусім і асацыюе публічныя масавыя сеансы гіпнозу.

Анатоль Кашпіроўскі. Ягоная каронная фраза падчас тэлесеансаў «Даю ўстаноўку!» ўвайшла нават у народны фальклор.

Выхадзец з Украіны Анатоль Кашпіроўскі 25 гадоў працаваў доктарам у псіхіятрычнай бальніцы ў Вінніцы, чатыры гады кіраваў Рэспубліканскім цэнтрам псіхатэрапіі ў Кіеве, падпрацоўваў спартыўным лекарам і займаўся цяжкай атлетыкай (стаў майстрам спорту). Унікальнае спалучэнне гэтых якасцяў — псіхіятра, цяжкаатлета, спартыўнага лекара — у 1984-м узнесла Кашпіроўскага на пасаду псіхолага зборнай СССР па цяжкай атлетыцы. Паводле тагачасных ягоных пацыентаў, дапамагаў ён ім вельмі добра.

Падрыхтоўчым палігонам стала для Кашпіроўскага і членства ва Усесаюзным таварыстве «Веды» ў 1970-х. Лектары гэтага таварыства тады вандравалі па сельскіх клубах і дамах культуры ўсёй савецкай краіны. Усяго Кашпіроўскі ў той час ахапіў сваімі сеансамі каля 100 тысяч чалавек. Таму ягоны будучы поспех быў добра папярэдне падрыхтаваны. 

А ўсенародная вядомасць прыйшла тады, калі ў сакавіку 1988-га быў арганізаваны першы тэлемост Масква — Кіеў, падчас якога Кашпіроўскі абязбольваў у ходзе хірургічнай аперацыі сваю падначаленую Любоў Грабоўскую, медсястру Вінніцкай псіхіятрычнай бальніцы. Поспех — прынамсі, так, як паказала тэлебачанне — быў фенаменальны, і менавіта пасля гэтага на некалькі гадоў узышла зорка Кашпіроўскага як усенароднага куміра. 

Падчас знакамітага тэлемоста Кіеў — Масква, калі Анатоль Кашпіроўскі рабіў абязбольванне тэлевізійным гіпнозам. З гэтага моманту пачалася яго ўсенародная слава. А што гэта было: сапраўды майстэрства, містыфікацыя, змова з хірургамі ці нешта іншае, адназначнага адказу няма дагэтуль. Нават у прафесійных хірургаў розныя версіі, якія часта значна розняцца паміж сабой. У адным, аднак, яны згодныя: дзеянне гіпнозу калі і можа мець тут значэнне, то абмежаванае. Фота Ria.ru.

Праўда, паўтор эксперыменту ў ліпені 1989-га, калі тэлемост злучыў Кіеў і Тбілісі, быў значна менш удалым. З трох гадзін аперацыі гледачам змаглі паказаць толькі 20 хвілін, адмыслова змантаваных Кашпіроўскім. Сам гіпнатызёр сцвярджаў, што ўсё так атрымалася па віне тэлеаператара, які нібыта быў моцна п’яны, але спецыялісты-хірургі ўвогуле скептычна ставяцца да магчымасцяў падобнага абязбольвання, не адмаўляючы яго ў прынцыпе тады, калі гаворка ідзе пра лёгкія выпадкі. Каментуючы першую аперацыю, якая зрабіла такі фурор, маскоўскі хірург Аляксандр Алахвердзян дапускае, што гэта проста была «дробная аперацыя, на падскурнай клятчатцы. Тэарэтычна, калі індывідуум гіпнабельны, тады так, [гэта магчыма]. Але болевыя імпульсы ўсё адно ёсць, і магчымасці нават самага прафесійнага гіпнозу абмежаваныя».

Але да часу тбіліскай няўдачы тэлевізійная кар’ера Кашпіроўскага ішла ўжо поўным ходам.

У 1989-м зорны ў той час вядучы Уладзіслаў Лісцьеў запрасіў гіпнатызёра на сваю таксама ў той час звышпапулярную праграму «Взгляд». Падчас яе зрабілі пробны тэлемост з удзелам 12-ці пацыентаў. Людзі трымалі ў руках шклянку з кіпнем і не апякаліся, не адчувалі болю ад праколвання рук і г. д. Прытым яны не былі ў стане трансу, усведамлялі і бачылі, што з імі адбываецца. Пасля таго рэдактар «Взгляда» Вадзім Белазёраў арганізаваў яшчэ шэсць перадач з удзелам Кашпіроўскага, і папулярнасць іх была такая, што падчас трансляцый пусцелі вуліцы.

Пасля, аднак, гіпнатызёр і тэлевізійшчыкі пасварыліся, не падзяліўшы грошы.

Кашпіроўскі са «Взгляда» сышоў, а Белазёраў, жадаючы па максімуме скарыстаць узнятую хвалю поспеху, наняў замест яго «экстрасэнса» Алана Чумака, які выступаў у пустым памяшканні, без аўдыторыі і пацыентаў, махаў рукамі і на адлегласці «зараджаў» ваду і крэмы. Гэта то было ўжо чыстае шарлатанства, але на закладзеных Кашпіроўскім дражджах папулярнасць і Чумака была немалая.

У 1989—1993 гадах Кашпіроўскі з Чумаком мала таго што займаліся тэле- і радыёсеансамі, дык яшчэ і прачэсвалі ўсю краіну з гастролямі, даючы ад 3-х да 10-ці сеансаў штодзень. У гарадах да іх стаялі чэргі па 2 км даўжынёй. Але гэткая «масавая псіхатэрапія» не магла не даваць пабочных вынікаў. Сотні і тысячы псіхічна няўстойлівых людзей пасля сеансаў Кашпіроўскага і Чумака скардзіліся, што цяпер нехта нібыта кіруе іх думкамі і рухамі. 

Алан Чумак падчас тэлесеанса. Фота Sputnik.ru

Урэшце, на гэта мусілі рэагаваць і ўлады. У 1993 годзе выйшаў спецыяльны ўказ прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына аб забароне масавых сеансаў гіпнозу. Падобныя акты прынялі і ў іншых краінах СНД. Пасля гэтага папулярнасць Кашпіроўскага пачала хутка падаць. Але да таго часу ён, паводле ўласнага прызнання, стаў «першым новым рускім і доларавым мультымільянерам». Гэта дазволіла яму ў пачатку 1990-х набыць дом у Каліфорніі і з’ехаць жыць у Амерыку.

Тады ж ён уклаў грошы ў акцыі амерыканскіх смеццеперапрацоўчых заводаў, якія, па словах журналіста Аляксандра Няўзорава, кормяць Кашпіроўскага і да сёння. Смецце аказалася не менш прыбытковым за гіпноз.

Але асабістае жыццё цяпер 80-гадовага гіпнатызёра цяжка назваць паспяховым: сын Сяргей таксама жыве ў Амерыцы, носіць чужое прозвішча і рэдка кантактуе з бацькам, а дачка Алена скончыла жыццё самагубствам у Канадзе.

У чым сакрэт поспеху?

Чаму папулярнасць гіпнатызёраў і экстрасэнсаў у часы распаду СССР была такой вялізнай? Галоўная прычына — сацыяльная. Час тады быў пераломны. У камуністычнай партыі выпадала з рук улада, а ва ўсёй краіне насталі выключна цяжкія часы. У крамах бракавала самага неабходнага, у бальніцах было састарэлае абсталяванне, не хапала нават перавязачнага матэрыялу і ёду. Вядомыя выпадкі, калі шпіталі пазычалі адзін у аднаго па меху сухароў, каб карміць пацыентаў. Людзі баяліся хварэць, маглі спадзявацца толькі на сябе або на цуд. А гіпнатызёры цуды якраз і прапаноўвалі.

Ёсць версіі, што і самі ўлады, асцерагаючыся народных бунтаў, спрыялі сеансам Кашпіроўскага і Чумака, каб людзі маглі «выпускаць пару».

Як сцвярджае гісторык спецслужбаў Валерый Маляваны, усе гіпнатызёры, парапсіхолагі і экстрасэнсы непасрэдна супрацоўнічалі з савецкімі спецслужбамі. Гэта за год да смерці, у 2016-м, пацвярджаў і Алан Чумак. Ён прызнаўся, што куратары распрацоўвалі для яго маршруты, вызначалі цэны выступленняў, іх тэмы, а таксама забіралі львіную долю даходаў.

Існуе нямала скептыкаў, якія называюць сеансы Кашпіроўскага ніякай не тэрапіяй, а толькі масавым псіхозам. Характэрна, што сам ён шматразова адмаўляўся паддацца прафесійным даследаванням свайго дару. Але праўда, відаць, усё ж недзе пасярэдзіне. Таленавітым псіхатэрапеўтам Кашпіроўскі насамрэч быў, а вось усёмагутным цудатворцам, вядома, не.

Праблема была перадусім у тым, што свае несумненныя здольнасці ён, гонячыся за славай і грашыма, спрафанаваў і дыскрэдытаваў.

Сам Кашпіроўскі называе свой метад праграмаваннем унутраных рэзерваў чалавечага арганізма на самавылячэнне, а працу з аўдыторыяй — практычнай філасофіяй. І афіцыйная медыцына не пярэчыць некаторым сцверджанням Кашпіроўскага, прызнаючы эфектыўнасць гіпнозу пры лячэнні атлусцення, неўрозаў усіх формаў, дэпрэсій, фобій, псіхасаматычных захворванняў, залежнасці ад курэння і алкаголю. Пад уплывам гіпнозу сапраўды можна праводзіць невялікія аперацыі без наркозу з мінімальнай стратай крыві, а таксама стаматалагічнае лячэнне для тых, у каго алергія на абязбольвальнікі. Але сур’ёзныя хваробы гэтым не вылечыш, тым больш раз і назаўсёды. І ён звычайна можа быць толькі дапаможным, але не асноўным метадам лячэння. Пра што тыя, хто ў часы перабудовы зарабляў на гэтым мільёны, натуральна, людзям не казалі. 

Малюнак Зоі Чаркаскай-Ннадзі пра зараджэнне вады Аланам Чумаком.

Сем фактаў пра гіпноз 

Цяпер практыкуюць некалькі методык гіпнозу: слоўны, позіркавы, метад левітацыі (пасы), дырэктыўны, эрыксанаўскі гіпноз і трансбэгляйтунг — трансавае падарожжа ў падсвядомасць.

Гіпноз налічвае тры стадыі: лёгкую, сярэднюю (гіпнатаксія) і глыбокую (самнамбулізм, ад лац. somnus — сон, ambulare — шпацыраваць, літаральна «сонахаджэнне»). Характэрнымі прыкметамі самнамбулізму з’яўляюцца амнезія (часовая страта памяці) і галюцынацыі з заплюшчанымі вачыма. У самнамбулізм упадае толькі штопяты-штосёмы пацыент.

Кваліфікаваны гіпнатызёр рана ці позна зможа ўвесці ў гіпноз амаль любога, хто хоча ў яго ўвайсці. Аднак гіпнозу можна супрацьстаяць, не выконваючы інструкцый гіпнатызёра, спяваючы, танцуючы. Загіпнатызаваць чалавека супраць яго волі складана: у аб’екта ёсць дастаткова часу, каб распазнаць гіпнатызёра-махляра і сысці. 

Гіпноз не прыносіць ніякай карысці ў расследаванні крымінальных спраў. Спробы атрымаць паказанні пад гіпнозам праваліліся, бо нават у глыбокай стадыі пацыент здольны выдумляць, хлусіць ці дагаджаць гіпнатызёру. 

Гіпноз выкрывае ў чалавеку толькі тое, што ў ім ужо ёсць. Немагчыма прымусіць загіпнатызаванага пайсці супраць яго маральных прынцыпаў ці інтарэсаў. Гіпноз не ператварае нас у іншую асобу. Ён толькі дапамагае скінуць з сябе псіхалагічныя кайданы, максімальна расслабіцца і дасягнуць трансу.

Гіпноз уздзейнічае не толькі на думкі і пачуцці, але і на фізіялагічныя функцыі — у чалавека, якому ўнушылі, што ён выпіў літр вады, часова змяняецца склад крыві і мачы; у таго, хто з’еў кавалак уяўнага торта, павялічваецца канцэнтрацыя цукру ў крыві. 

Гіпноз бяспечны для здароўя. Гіпнатычны стан — натуральны стан гармоніі, спакою і расслабленасці. На працягу дня чалавек неаднаразова ўпадае ў стан кароткачасовага трансу, не заўважаючы таго.

Комментарии

«Великий абсолютно человек». Коля Лукашенко рассказал, что для него отец и в чем его оппозиционность52

«Великий абсолютно человек». Коля Лукашенко рассказал, что для него отец и в чем его оппозиционность

Все новости →
Все новости

Отца, который отсудил двоих детей у жены и вернулся из Бельгии в Беларусь, судят за изнасилование несовершеннолетних1

Агенты ГРУ Мишкин и Чепига, которые отравили Скрипалей в Солсбери, занимаются вербовкой людей для организации диверсий в Европе4

В Вооруженных силах заявили, что разработали аналог Starlink для белорусской армии13

92-летняя женщина каждую неделю обедает в замке уже 37 лет

Бизнесмена из Гомеля судят по обвинению в государственной измене и оскорблении Лукашенко

Зеленский: Перемирие возможно, если Украину пригласят в НАТО7

Полиция снова разогнала митинг в центре Тбилиси

Что мир думает о войне в Украине сейчас? Карта позиций стран1

Что известно о белорусе Викторе Павелке, которого в Польше подозревают в организации нападений на российских оппозиционеров?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Великий абсолютно человек». Коля Лукашенко рассказал, что для него отец и в чем его оппозиционность52

«Великий абсолютно человек». Коля Лукашенко рассказал, что для него отец и в чем его оппозиционность

Главное
Все новости →