Румыния — это не только Чаушеску, вампиры и Карпаты. Путешествие в Румынию — это ещё и напоминание беларусам об упущенных возможностях
Из Румынии вернулись Змитер Панковец и Анна Климович, и дают туристические рекомендации.
У Румыніі ёсць мора, але на пляжны адпачынак беларусы едуць у Адэсу ці Турцыю. У Румыніі ёсць горы, але па сноўборд і горныя лыжы беларусы адпраўляюцца ва ўкраінскія Карпаты або польскія Татры. У Румыніі ёсць замкі і старыя гарады, але, каб паглядзець на Cярэднявечча, нашы людзі абіраюць Германію.
Пра Румынію, якая хоць і знаходзіцца адносна блізка да Беларусі, у нас ведаюць слаба. Пры ўпамінанні гэтай краіны згадваюць камуністычнае мінулае і ўяўляюць сабе дзяржаву трэцяга свету, з беднасцю, разрухай, цыганамі і вампірамі. І толькі прыехаўшы, турыст адзначае, што Румынія — недаацэненая краіна, з прыстойным узроўнем жыцця і шматлікімі цікавосткамі. Румынія — гэта напамін нам, беларусам, пра страчаныя магчымасці.
Заробак у два разы вышэйшы
Румынія — краіна памерам з Беларусь, зусім крышачку большая. Але адлегласці тут пераадольваюцца значна даўжэй. Румынія — гэта горная краіна. Таму на ўмоўныя 70 кіламетраў між гарадамі вам часта спатрэбіцца не гадзіна, а дзве.
Сярэдні заробак у Румыніі цяпер — каля 1100 еўра на месяц, у два разы большы, чым у нас. Хоць на выхадзе з сацыялізму Румынія была страшна беднай, нашмат адставала па ўзроўні жыцця ад Беларусі. Цэны сувымерныя з беларускімі, а на прадукты — нават заўважна ніжэйшыя.
Румынія — гэта другая (пасля Польшчы) паводле тэмпу росту эканоміка Еўрасаюза. Тыя ж балгары, якія ўступалі ў ЕС у адзін год з румынамі, ужо зайздросцяць поспехам сваіх суседзяў.
Краіна ўпэўнена развіваецца і прасоўвае сябе ў турыстычным плане. Так, у 2006 годзе Румынію наведалі 6 мільёнаў замежных турыстаў, а ў 2019 колькасць падарожнікаў павялічылася больш чым у 2 разы, перавысіўшы 13 мільёнаў. Што ж шукаюць вандроўнікі ў гэтай краіне?
Дакі і рымляне
У румынаў багатая гісторыя. Першая дзяржава на гэтай тэрыторыі існавала яшчэ да нашай эры. Яна называлася Дакія (дарэчы, цяпер так завуцца добра вядомыя ў нас румынскія аўтамабілі Dacia. Пад брэндам Renault дзве румынскія мадэлі Logan і Duster збіраюць у Расіі, у нас гэтыя машыны сталі мегапапулярныя).
Дакі, фракійскае племя, доўгі час былі незалежнай дзяржавай са сталіцай у Сармізегутузе, але ў ІІ стагоддзі нашай эры іх заваявалі рымляне. Сёння Сармізегутуза, як і некалькі іншых крэпасцяў у гарах Арэшціе, знаходзіцца ў румынскім спісе спадчыны ЮНЕСКА. Агулам у гэтым спісе 7 пунктаў супраць 4-х у Беларусі.
Рымскае мінулае пакінула вялікі адбітак нават на жыцці сённяшняй Румыніі. Фактычна ў кожным вялікім горадзе можна знайсці помнік «капіталійскай ваўчыцы». А сучасная румынская мова — гэта такі своеасаблівы трасяначны варыянт мовы рымлян, што прыйшлі на гэтую тэрыторыю. Так званая «народная латынь» змяшалася з мовай дакаў, а потым усё гэта змацавалася яшчэ славянскімі і грэцкімі ўстаўкамі.
Больш за тое, ці не кожны румын раскажа вам, што назва ягонай краіны ўтварылася ад слова «рымскі». Мабыць, як ніхто іншы ў Еўропе, румыны цэняць і культывуюць сваё рымскае паходжанне.
Раздзеленая на тры рэгіёны
Недзе ў VI стагоддзі на землі сучаснай Румыніі прыйшлі славяне, а землі ўвайшлі ў склад славянскай дзяржавы Вялікая Маравія. З гэтага часу тут пачаўся распаўсюд хрысціянства. Сёння роля праваслаўя ў Румыніі вялізная. Нават у будні цэрквы запаўняюцца вернікамі — а што тады казаць пра выхадныя, калі туды цяжка прабіцца. Праваслаўная царква тут, вядома, аўтакефальная. У румынаў ёсць свой патрыярх Даніл.
У Сярэднявеччы ўзніклі тры незалежныя рэгіёны, якія ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і ўтварылі аб'яднаную Румынію: Малдова, Валахія і Трансільванія. Гэтым тэрыторыям удавалася больш-менш захоўваць аўтаномію ў складзе Асманскай імперыі, але гаворкі пра незалежнасць не было. Румыны неаднаразова падымалі паўстанні, імкнуліся да стварэння незалежнай дзяржавы.
Адно паўстанне супраць туркаў падняў Тудар Уладзімірэску. Калі пачалася расійска-турэцкая вайна, то ён пайшоў добраахвотнікам ваяваць супраць Турцыі. Па вяртанні з вайны рыхтаваў на радзіме паўстанне, што ўспыхнула ў 1821 годзе. Аднак у выніку Уладзімірэску быў абвінавачаны ў змове з туркамі і расстраляны грэчаскімі саюзнікамі. Смерць папулярнага румынскага лідара пазбавіла паўстанне падтрымкі мясцовага насельніцтва.
У хуткім часе Валахія і Малдова сталі пратэктаратам Расіі, а таксама знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад туркаў. Трансільванія ж была пад Аўстра-Венгрыяй. Паўстанне 1848-га туркам і рускім сумесна зноў атрымалася задушыць, але яно дало спадзяванні, што незалежная дзяржава будзе ўтвораная вельмі хутка.
У адрозненне ад суседніх балгараў, румыны рэдка шукалі падтрымкі ў Расіі, заўсёды арыентаваліся на Францыю. У Румыніі няма ніякага сантыменту да Расіі і сёння. Толькі часова яны станавіліся саюзнікамі, каб дабіцца сваіх мэтаў.
Так было падчас вайны за незалежнасць у 1877—1878 гадах. З таго часу Румынія застаецца незалежнай дзяржавай. У выніку развалу Аўстра-Венгрыі да краіны ў 1918 годзе была далучаная і Трансільванія.
Як дабрацца?
Тут можна даць волю фантазіі. Румынія — гэта суседка нашага суседа. Напрыклад, можна даехаць да Львова, тусавацца ў мясцовых кавярнях, адтуль да Чарнаўцоў. Букавіна, дарэчы, была часткай Румыніі з 1918 да 1940 года. Ад Чарнаўцоў Румынія — ужо цераз плот. У такім выпадку знаёмства з Румыніяй можна лёгка пачаць з драўляных цэркваў Марамурэша ці цэркваў гістарычнай вобласці Малдова (у склад Румыніі ўваходзіць сёння заходняя яе частка, а большая частка ўсходняй — незалежная дзяржава). Яны знаходзяцца на невялікай адлегласці.
Многія прыязджаюць у Румынію на ўласным аўтамабілі. Гэта ўвогуле ніяк не абмяжоўвае перамяшчэнні ўнутры краіны. Дарогі тут неблагія, так што праблем з такім варыянтам паўстаць не мусіць — хіба што трэба мець добры запас часу.
Ну і, канечне, лаўкосты. Іх у Румынію лятае дастаткова шмат. Напрыклад, Ryanair здзяйсняе рэйсы ў Бухарэст, Клуж, Арадзю і Тымішаару. А з дапамогай Wizz Air можна прыляцець у Бухарэст, Бакэў, Клуж, Канстанцу, Краёву, Сату-Марэ, Сібіў, Сучаву, Тымішаару, Тыргу-Мурэш, Ясы. Такі багаты выбар робіць ваша падарожжа па Румыніі больш камфортным. Можна лёгка прыляцець у Клуж ці Тымішаару, а назад паляцець з курорта Канстанцы ці Бухарэста, тым самым аб’ехаўшы ўсю краіну.
Даляцець з Літвы ці Польшчы да Румыніі можна і за 40 еўра, але пры гэта варта помніць, што прамых рэйсаў з Вільні ці Варшавы не будзе, і ляцець давядзецца з перасадкай. Мы ляцелі туды праз Данію, а назад праз Італію.
Акрамя таго, варта памятаць пра арганізаваны турызм. На пляжы Чорнага мора ў Румынію возяць не так часта, як у Балгарыю, але такая магчымасць таксама ёсць.
Адзначым, што пры ўездзе ў Румынію не абавязкова мець нацыянальную візу — вас пусцяць і па шматразовым шэнгене. Нас, праўда, даволі доўга пратрымалі ў аэрапорце Клужа, з усіх бакоў вывучаючы беларускія пашпарты. Але ўсё скончылася ўдала.
Чым перасоўвацца?
Румынскі транспарт як спорт: тут перамагаюць спрытныя і трывалыя. Калі мы пачулі, што мясцовыя найчасцей перасоўваюцца паміж гарадамі Румыніі самалётамі, то здзівіліся: краіна па плошчы не нашмат большая за Беларусь. Але паездзіўшы па зямлі, зразумелі іх цалкам.
У Румыніі з нармальнай частатой курсіруюць самалёты мясцовага лаўкостара Blue Air. А вось цягнікі і аўтобусы нават па запатрабаваных маршрутах там ездзяць пару разоў на суткі і вельмі павольна: у многіх гарыстых мясцінах чыгунка аднакалейная, сярэдняя хуткасць цягніка — 60 км/г. Але каб паехаць хаця б такім транспартам, трэба прайсці досыць складаны квэст.
На дзяржаўныя цягнікі білеты часта раскупленыя задоўга да адпраўлення, але, на шчасце, ёсць у Румыніі цягнікі прыватныя. Квіткі на іх прадаюць у інтэрнэце, а таксама праваднікі падчас рэйса. Такім чынам, можна ўявіць, колькі людзей і ў якіх позах перасоўваюцца такім транспартам. Для румынаў гэта ўжо звыклая практыка, а для нас досвед быў новы. У цягніку з Брашова ў Бухарэст мы правялі амаль тры гадзіны. Але нам пашчасціла: знайшлося сядзячае месца… хоць на падлозе пад столікам, але ў многіх і таго не было. Падобны досвед дазваляе лепей адчуць краіну і пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі.
Румыны — надзвычай прыветныя, спагадлівыя і добразычлівыя людзі. Калі турыст завісае ў няведанні, куды ісці або на які транспарт сесці, ён можа ні да каго не звяртацца: мясцовыя самі спяшаюцца дапамагчы, падказаць. Нават кантралёры ў транспарце не выключэнне.
Вялікая колькасць гараджан можа размаўляць па-англійску, а хто не можа, усё роўна дапамагае. У першы дзень вандроўкі, калі ў нас перастала працаваць праграма-выручалка Maps.me, крыху запанікавалі. Але неўзабаве пабачылі, што нам проста не дадуць тут згубіцца, і мелі рацыю.
Ва ўсіх вялікіх румынскіх гарадах ёсць таксама таксі Uber. Каштуе ён тут нядорага, ніякую адмысловую праграмку ўсталёўваць не трэба, можна карыстацца беларускай.
Дзе жыць?
За ноч у гасцініцах румынскіх гарадоў трэба будзе заплаціць на «Букінгу» каля 20 еўра на дваіх. Калі трапяцца нейкія акцыі і купоны, то можна яшчэ танней. Цэны тут зусім не кусачыя.
У горадзе Сігішаары мы здымалі пакой у катэджы мясцовага немца Клаўса. Гаспадар не толькі пасяліў нас у вялізным нумары, але нават на сняданак прыгатаваў яечню, а на вячэру пачаставаў сваімі наліўкамі. Клаўс на дзівоснай нямецка-румынска-рускай трасянцы быў ахвочы размаўляць пра ўсё на свеце.
У Бухарэсце ж мы спыніліся ў беларускага гісторыка Віталя Быля, якога знайшлі на сайце Couchsurfing. Не таму, што не дазвалялі грошы, а проста было цікава паглядзець на горад знутры, паслухаць аповеды чалавека, які там жыве, тым больш па-беларуску. Віталь у Бухарэсце пісаў работу пра беларускіх вядзьмарак.
Якія там грошы?
Румынская валюта называецца лей. Утварылася назва ад лацінскага слова leo, гэта значыць «леў». Так жа называецца валюта і ў Малдове. За адзін беларускі рубель цяпер даюць 1,55 лея. З махлярамі ў абменніках сутыкацца не даводзілася.
Грошы тут асаблівыя: яны не папяровыя, як у нас, а пластыкавыя. Таксама дадатковы турыстычны атракцыён.
У адрозненне ад Македоніі ці Албаніі, праблем з карыстаннем карткай тут няма ніякіх — амаль паўсюль можна разлічыцца.
Што есці?
Канечне, пры першай згадцы кухні Румыніі кожны ўспамінае мамалыгу. Гэта такая крута звараная кукурузная каша. Яна мае трывалую форму, як пірог, а рэжацца адмысловай ніткай. Мамалыга — ідэальны гарнір да любога мяса, скварачак, гародніны. Яе можна есці і са смятанай, яйкамі, грыбамі. Карацей, мамалыга — гэта як бульба ў беларусаў. Румыны ведаюць сотні рэцэптаў, як яе згатаваць. Калі вам з першага разу мамалыга не зайшла, то гэта не значыць, што трэба спыніць свае пошукі. У наступны раз ад міскі з мамалыгай вас, магчыма, будзе за вушы не адарваць.
Калі будзеце ў Бухарэсце, то абавязкова трэба схадзіць у кавярню Caru’ cu bere («Куфаль з півам»). Адно з самых атмасферных кафэ горада. Адкрылася яно яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя, а інтэр’ер з вітражамі, балкончыкамі, вінтавымі лесвіцамі, жырандолямі, свечкамі вас пераносіць нібыта ў часы Аўстра-Венгрыі. Пры гэтым Caru’ cu bere — гэта нацыянальная румынская кухня.
Тут абсалютна шыкоўныя і недарагія абедзенныя меню з чатырох страў. А запіць усё можна маладым румынскім віном.
У астатнім румынская кухня знаходзіцца пад моцным уплывам турэцкай і балканскай. Гэта і традыцыйны для рэгіёна суп чорба, шматлікія мясныя стравы, каўбаскі, фаршыраваныя перцы, баклажаны. У Румыніі шмат сваіх авечых сыроў, якія таксама абавязкова варта каштаваць. Галодным у гэтай краіне застацца цяжка.
А яшчэ румыны проста абажаюць свежую выпечку. Ва ўсіх гарадах краіны, дзе нам даводзілася быць, выстройваліся цэлыя чэргі ў крамкі-пякарні. Булачкамі тут перакусваюць студэнты, офісныя работнікі, пенсіянеры — усе.
Ці баяцца цыганоў?
Яшчэ адзін стэрэатып пра Румынію, які не адпавядае рэчаіснасці.
Так, калі параўнаць з Беларуссю, то цыганоў у Румыніі ўсё ж болей. Але, скажам, на вуліцах Будапешта ці Браціславы пабачыць цыганоў-жабракоў нашмат прасцей, чым тут. Толькі аднойчы мы трапілі пад шчыльную атаку цыганкі і яе дзяцей у Сігішаары, але і там атрымалася хутка адбіцца.
Уплыў цыганоў на Румынію — вялікае перабольшанне.
Што паглядзець?
Усю Румынію аб’ехаць не ўдалося. Спынімся толькі на тых месцах, што бачылі самі. Румынія — разнастайная. Быццам у адну дзяржаву ўціснулі некалькі самастойных краін.
Разнастайнасць тут — і этнічная, і архітэктурная, і кліматычная. Кожны рэгіён Румыніі — Валахія, Малдова і Трансільванія — выглядае не падобна да іншага за кошт унікальных рэльефаў і архітэктурных рашэнняў. У розныя часы тут уносілі свае ўплывы як румыны, так і венгры, саксоны, габрэі ды цыганы.
Па сёння Румынія вылучаецца сваёй этнакультурнай разнастайнасцю: амаль 20% насельніцтва Трансільваніі складаюць венгры, а сучасны прэзідэнт Клаўс Ёганіс (яго пераабралі на другі тэрмін) — выхадзец з трансільванскіх немцаў.
Прырода Румыніі — гэта таксама кантрасты. Тут цалкам натуральна сесці на цягнік у горадзе, дзе +20°, майкі, шорты ды сонечныя акуляры, а праз гадзіну апынуцца ў гарах, дзе дзеці лепяць снегавікоў, а пасажыры заходзяць у цягнік у футрах і мехавых шапках.
Бухарэст
Сваімі кантрастамі асабліва ўражвае сталіца Румыніі Бухарэст: тут некалькі вуліц запар можна сузіраць усходнія караван-сараі, велічныя збудаванні ў французскім стылі базар, а пасля выйсці на цэнтральны праспект — і ўжо ўспомніць: дакладна, тут жа панаваў сацыялізм. І пакінуў нашчадкам сацыялістычную спадчыну на чале з вядомым велізарным палацам Нікалае Чаўшэску, дагэтуль так і не дабудаваным.
У Бухарэсце мала паштовачных відаў і славутасцяў, ад якіх займае дух. Усё ж гэта не ўсходнееўрапейскі Парыж і не Рым. Тут свая атмасфера. Скарбы Бухарэста — у невялікіх праваслаўных цэрквах, што хаваюцца за шэрымі шматпавярховікамі, ва ўтульных парках і старэнькіх кінатэатрах. У гэтым горадзе вы знойдзеце ўсяго ўсялякага: і палац Дракулы-Цэпеша, і палац Дракулы-Чаўшэску.
Бухарэст круты і разнастайны — жывы горад, які гудзіць і рухаецца ўсю ноч.
Клуж-Напока
Гэта студэнцкі цэнтр Румыніі. На вуліцах — вялікая колькасць маладых прыгожых людзей, праз гэта і вялікая колькасць кафэ і фаст-фуду, начных клубаў. Тут паўсюль адчуваецца ўплыў Венгрыі. Калісьці гэты горад называўся па-венгерску Калажвар. На цэнтральнай плошчы стаіць помнік каралю Мацьяшу І Корвіну, побач з ім ляжаць кветкі з венгерскімі сцягамі. У Клужы захаваўся дом, дзе ў XV стагоддзі нарадзіўся кароль. Над ім сёння лунаюць сцягі Румыніі і Еўрасаюза.
Таксама на цэнтральнай плошчы вялізны гатычны касцёл Святога Міхаіла — яшчэ адзін напамін пра Венгрыю. Але гэта проста турыстычны атракцыён — сапраўднае жыццё ля праваслаўнага кафедральнага сабора. І гэта доказ, што тут трывала і надзейна Румынія. Насупраць сабора стаіць помнік Аўраму Янку, трансільванскаму Каліноўскаму.
Калі не маеце магчымасці з’ездзіць у румынскія вёскі, то наведайце адмысловы парк у Клужы — з традыцыйнымі румынскімі цэрквамі, хаткамі, хлявамі. Нешта накшталт нашых Строчыц ці шведскага Скансэна.
Яшчэ ў Клужы прыгожы, сучасны стадыён. А мясцовая каманда рэгулярна гуляе ў групавых стадыях еўракубкаў, перамагаючы моцныя еўрапейскія клубы.
Саліна Турда
За пятнаццаць кіламетраў ад Клужа ёсць гарадок Турда, але едуць турысты туды дзеля саляной шахты — адной з самых незвычайных славутасцяў Румыніі. Соль тут здабывалі яшчэ да прыходу рымлян. Гэта была адна з галоўных шахтаў Аўстра-Венгерскай імперыі. У 1932 годзе здабычу солі тут закрылі. А ў пачатку 1990-х шахту Турды зноў адкрылі для турыстаў.
З дапамогай Еўрасаюза ў Турдзе змаглі абсталяваць паўнавартасную забаўку: з міні-гольфам, коламі агляду і більярдам. Нічога асаблівага, каб не разуменне, што адбываецца гэта глыбока пад зямлёй.
За 15 лей можна нават пакатацца на лодачцы па саляным возеры. Адназначна варта наведвання.
Сігішаара
Сігішаара — гэта нейкі амаль ідэальны сярэднявечны нямецкі гарадок. У тыя часы там якраз і жылі саксонцы, таму здзіўляцца няма з чаго. Пра прэзідэнта-немца мы ўжо гаварылі, а яшчэ ў Румыніі нарадзілася нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Герта Мюлер. У Сігішаары шмат брукаваных вуліц, старых дамоў, паху торфу і адчування адарванасці ад часу.
У Сігішаары прыйшоў на свет той самы Улад Цэпеш, якога ўвесь свет сёння ведае як графа Дракулу. І нават дом захаваўся, дзе жыў Дракула… цяпер там рэстаран са спецыфічным меню і труной для вампіра.
А вось замак Бран, які часта падносяць як «дом Дракулы», ніякага дачынення да гаспадара Валахіі не меў. Проста гэты замак быў абраны як самы змрочны сярод румынскіх, таму яго і сталі раскручваць.
Брашоў
Калі вы хочаце пабачыць «кананічную» Трансільванію, то Брашоў —якраз ідэальнае для гэтага месца. Вялізны касцёл Святой Марыі на цэнтральнай плошчы пабудавалі немцы ў XIV стагоддзі. Праз пару стагоддзяў адбыўся вялікі пажар, і сцены храма пацямнелі. Ад гэтага яго сталі называць «чорнай царквой». Выгляд сапраўды змрочны, асабліва на фоне трансільванскіх гор, што акружаюць горад.
У Брашове вы знойдзеце адну з самых вузкіх вулак у Еўропе — Strada Sforii (вуліца Вяровачная). Тут ёсць старажытныя брамы, бастыёны, цікавая канатная дарога. А за 12 кіламетраў ад горада Паяна Брашоў — папулярны гарналыжны курорт.
Румынія ўсё яшчэ застаецца недаацэненай краінай, якая толькі імкнецца ламаць стэрэатыпы пра сябе ў свеце. Калі вы дасцё шанец гэтай краіне, то — амаль дакладна — будзеце задаволеныя пабачаным і адчутым у падарожжы.
Комментарии