В 1974-м в Греции диктатура пала за два дня. Но её идеологический коллапс случился за девять раньше.
Грэцыя стала адзінай краінай Усходняй Еўропы, якая не ўвайшла ў савецкую зону ўплыву ў 1945-м.
«Англічанка нагадзіла»: брытанскі прэм'ер Уінстан Чэрчыль з лёгкасцю аддаў Сталіну Цэнтральную Еўропу, але за Грэцыю ўстаў сцяной. Грэцыя была варотамі да Суэца, а Суэц варотамі ў Індыю. Ад Грэцыі залежала захаванне імперыі.
Нават такі стратэг, як Чэрчыль, не прадбачыў, што імперыю не ўтрымаць. Індыя і Егіпет сыдуць амаль адразу пасля вайны, а рэшткі рассыплюцца як пясок. І сам Суэц застанецца пад брытанскім кантролем усяго 9 гадоў, да 1954-га. Тым не менш Чэрчылева бачанне геапалітыкі абумовіла мяжу заходняга і камуністычнага свету на чатыры дзесяцігоддзі. Балгарыю занялі саветы, у Грэцыі перамаглі празаходнія сілы. Сталін проста не ўвёў туды войскі.
Але грэцкім камуністам пра падзел Еўропы не паведамілі. Яны паклалі 200 тысяч жыццяў у грамадзянскай вайне, што цягнулася з 1943 да 1949 года. СССР падтрымліваў камуністычны партызанскі рух у Грэцыі з тэрыторыі занятых савецкай арміяй Балгарыі і Югаславіі — роўна настолькі, каб партызаны працягвалі барацьбу, але не настолькі, каб яны здолелі захапіць уладу. Вайна была крывавай, але безнадзейнай.
Вось гэтыя падзеі і вызначылі палітычны курс Грэцыі на наступныя 30 гадоў.
Захад утрымаў Грэцыю, але знякроўленую грамадзянскай вайной, і быў вымушаны моцна ўкласціся ў яе разбудову. Захад быў схільны мірыцца тут нават з дыктатурай, абы краіна не перайшла на бок праціўніка ў халоднай вайне.
Грамадзянская вайна ў Грэцыі, як у 1936—1939 гадах у Іспаніі ці ў 1917—1920 у СССР, стварыла сілавыя структуры, павязаныя крывёю. «Чорныя палкоўнікі» ўсе прайшлі грамадзянскую вайну.
І радыкальна левыя апазіцыя таксама ставілася да ліберальных сіл непрымірыма, бо паміж імі пралягла кроў грамадзянскай вайны.
Непрымірыма ставіліся да манархістаў і грэчаскія лібералы.
Такім расколатым грэчаскае грамадства выйшла з грамадзянскай. Левыя прагнулі рэваншу і верылі ў яго. А сілавікі гатовыя былі забіваць тых, хто яшчэ нядаўна забіваў іх.
Няўдалы кароль
Кароль Павел I, які сеў на трон у 1947-м, быў добрым перамоўшчыкам. Ён умела лавіраваў паміж рознымі палітычнымі сіламі, і пад канец 1950-х здавалася, што хутка Грэцыя стане тыповай еўрапейскай дэмакратыяй.
Але ў 1964 годзе гэты манарх памёр, і на трон узышоў яго 23-гадовы сын Канстанцін II. Ён быў выдатны спартовец, у 20 гадоў узяў алімпійскае золата ў парусным спорце, меў чорны пояс па каратэ і выступаў у плаванні таксама.
Аднак як палітык ён быў ніякушчы. Пры гэтым, у адрозненне ад бацькі, малады кароль яшчэ і марыў атрымаць рэальную ўладу ў краіне і для гэтага інтрыгаваў, мяняў стаўкі.
3 красавіка 1967 года чарговы прэм’ер-міністр Іааніс Параскевопулас сышоў у адстаўку. На яго месца кароль прапанаваў Панаёціса Канелопуласа, кандыдатуру якога адхілілі дэпутаты. Тады Канстанцін II распусціў парламент і прызначыў новыя выбары на 28 мая. На іх яўна мелі перамагчы лібералы-рэспубліканцы. Адначасова манарх рыхтаваў пераварот, які даручыў генералу Грыгорыасу Спандзідакісу. Але той нечакана падтрымаў не караля, а групу палкоўнікаў на чале з Георгіасам Пападопуласам.
Афіцэры дзейнічалі па даўно распрацаваным плане «Праметэй». Ён прадугледжваў захоп улады вайскоўцамі ў выпадку замежнай ці ўнутранай пагрозы. Раніцай 21 красавіка 1967 года жыхары Афінаў прачнуліся пад грукат танкаў. Па радыё перадалі зварот Пападопуласа, які абвясціў пра рэвалюцыю (прапаганда гэтыя падзеі пазней так і называла — «Рэвалюцыя 21 красавіка»).
Краінай стала кіраваць хунта «чорных палкоўнікаў» («чорных», бо такім быў колер іх параднай формы). Грамадзяне не аказалі супраціўлення. Па-першае, яны стаміліся ад перманентнага палітычнага крызісу. Па-другое, за XX стагоддзе вайскоўцы ў Грэцыі ўжо не раз захоплівалі ўладу, але звычайна вярталі яе, калі сітуацыя стабілізавалася. Па-трэцяе, арміі тут традыцыйна давяралі. Адзіны, хто паспрабаваў змяніць сітуацыю сілай, — кароль Канстанцін II, які ўсё марыў аб асабістай уладзе. Ён зрабіў другую няўдалую спробу перавароту і ўцёк за мяжу.
Пападопулас і іншыя «чорныя палкоўнікі» адразу распачалі рэпрэсіі супраць сваіх палітычных праціўнікаў. Выбары былі адмененыя, партыі забароненыя, нават тэатрамі кіравалі сілавікі. У сваім імкненні да «аднаўлення парадку» не забылі ўлады і аб прыватным жыцці. Жанчынам забаранілі міні-спадніцы, а мужчынам — доўгія валасы.
Важныя пытанні лёсу краіны, кшталту ліквідацыі манархіі, вырашаліся на рэферэндумах. Яўка на іх была абавязковай, а тых, хто байкатаваў плебісцыт, маглі пазбавіць працы, грамадзянства, нават адправіць у турму. Афіцыйнай ідэалогіяй стала праваслаўе ў спалучэнні з нацыяналізмам і агрэсіўным антыкамунізмам: «Грэцыя для грэкаў-хрысціян» і «Анархакамунізм не пройдзе».
Адначасова Пападопулас і яго паплечнікі распачалі курс на развіццё прамысловасці. За перыяд дыктатуры доля прамысловасці ў валавым унутраным прадукце паднялася з 10% да 32%.
Эканоміка, эканоміка
Першы непрыемны званочак для вайскоўцаў прагучаў у красавіку 1971 года — на чацвёртую гадавіну «рэвалюцыі». Некалькі соцень студэнтаў вышлі на дэманстрацыю з патрабаваннем адстаўкі «палкоўнікаў». Сітуацыя пагоршала ў канцы 1972-га — пачатку 1973-га. Урад адпусціў цэны на 150 тавараў. Інфляцыя пайшла ўгору, але закупачныя цэны для сялян не змяніліся, што выклікала іх абядненне. Грэкі рынуліся за мяжу ў пошуках працы.
Да гэтага дадалася праблема непрызнання дыктатуры заходнімі дэмакратыямі. Рэжым «чорных палкоўнікаў» быў ізгоем, як і дыктатарскія Партугалія і Іспанія. Пападопулас вырашыў легітымізаваць сваю ўладу. Гэтая ідэя па-грэчаску называлася «метапалітэфсі» («палітычны паварот»). У ліпені 1973 года Пападопулас арганізаваў рэферэндум, на якім была прынята новая канстытуцыя. Яна зацвярджала пераход да рэспублікі, кіраўніком якой станавіўся прэзідэнт. Зразумела, што ім стаў Пападопулас.
Забастоўка ў Афінскім політэхнічным
Дыктатар паабяцаў свабодныя выбары з удзелам усіх палітычных сіл — але толькі праз год пасля прыняцця канстытуцыі. А народ не хацеў чакаць. 14 лістапада 1973 года ў Афінах палыхнула. Калі рэвалюцыю гваздзікоў у Партугаліі ў 1974-м арганізавалі маладыя афіцэры, то ў Грэцыі ў авангардзе аказаліся студэнты.
Іскрай стаў прызыў у армію «дэструктыўных элементаў з ліку студэнтаў». Палітрэкрутаў бралі і раней, і пратэсты здараліся раней, але тут шчоўкнуў нейкі тумблер. Раней папратэстуюць і разыдуцца, а ў гэтым выпадку 15 лістапада студэнты Афінскага політэхнічнага ўніверсітэта вырашылі ў знак пратэсту заняць будынкі сваёй ВНУ. Моладзь забарыкадавала ўваходы ва ўніверсітэцкі гарадок. Ва ўніверсітэт сцякаліся людзі, нечакана шмат, 16 лістапада з’явілася новае палітычнае патрабаванне — «адстаўка хунты».
Пападопулас спачатку вагаўся, але 16-га — пятніца, 17-га, у суботу, у палітэхніцы магло сабрацца яшчэ больш людзей… І Пападопулас заявіў, што «пратэстуноў» падбухторвае СССР (насамрэч, прасавецкія студэнцкія арганізацыі не падтрымалі пратэст, у палітыку Леаніда Брэжнева такое не ўпісвалася), антыкамунізмам хунта апраўдвала ўсе свае дзеянні.
У ноч на 17 лістапада пачаўся разгон. Адзін танк пратараніў чыгунныя вароты ўніверсітэта, на якіх жывым шчытом стаялі людзі… Загінулі 24 чалавекі, студэнтаў сярод іх не было, ахвярамі сталі жыхары Афін, якія сабраліся, каб абараніць моладзь. Яшчэ 1103 чалавекі былі параненыя, 2100 было затрымана.
Грэцыя перажыла шок.
«Ястрабы» ў генералітэце абвінавацілі ва ўсім Пападопуласа і яго лібералізацыю. Яны аднавілі ваеннае становішча. 25 лістапада фактычным кіраўніком краіны стаў самы рэакцыйны з генералаў Дзімітрыяс Іаанідзіс.
Памылка генерала
Наступіў перыяд паліцэйскай дыктатуры.
Іаанідзіс зрабіў стаўку на вайсковую паліцыю, якая атрымала дадатковыя паўнамоцтвы. Яе супрацоўнікі маглі арыштаваць любога грамадзяніна ў любы час. Дастатковай падставай было падазрэнне ў «здрадзе». Пасля арышту чалавек трапляў у спецыяльную турму ў Афінах. Здзекі і катаванні там лічыліся звычайнай з’явай. Збіццё, пазбаўленне сну, шантаж, забарона ліставання, паўторныя тэрміны.
Вырашыць эканамічныя праблемы гэта не дапамагло. Новы ўрад вырашыў адцягнуць увагу ад унутраных праблем з дапамогай «маленькай пераможнай вайны». Было вырашана далучыць Кіпр з яго пераважна грэчаскім насельніцтвам.
Але каля пятай часткі грамадзян вострава складалі этнічныя туркі-мусульмане. Адносіны між грэкамі і туркамі на востраве былі варожыя здаўна, прыкладна як між армянамі і азербайджанцамі.
15 ліпеня 1974 года па сігнале з Афін на Кіпры адбыўся пераварот. Путчысты скінулі прэзідэнта краіны — ім быў архіепіскап Макарыяс, кіраўнік Праваслаўнай царквы вострава, тонкі палітык-рэаліст, які балансаваў між Афінамі і Лонданам, нацыяналістамі і нават камуністамі. Новыя ж улады вострава былі цесна звязаныя з грэчаскімі сілавікамі і павінны былі абвесціць пра ўз’яднанне з Грэцыяй адразу пасля чысткі прыхільнікаў Макарыяса і камуністаў.
Але палкоўнікі не былі гатовыя да таго, што праз пяць дзён на востраве высадзяцца туркі — пад прэтэкстам абароны турэцкай меншасці. Грэчаскія сілавікі, якія нядаўна так бязлітасна разагналі студэнтаў у Афінах, аказаліся няздольныя процістаяць турэцкай арміі. 20 ліпеня турэцкі дэсант высадзіўся на адным з пляжаў Кіпра, 22 ліпеня туркі здолелі захапіць порт Кірэнея і прабіцца да турэцкага анклава ў сталіцы Нікасіі. А грэчаскія самалёты з падмацаваннем не змаглі нават сесці на востраве, у бязладдзі іх падбілі свае ж.
Турэцкія войскі рушылі да межаў Грэцыі. Узнікла рэальная пагроза поўнамаштабнай вайны.
У той жа дзень, 22 ліпеня, генерал Федан Гізікіс па рашэнні калег-афіцэраў запрасіў на сустрэчу шэраг дзяржаўных дзеячаў і грамадскіх лідараў. На сустрэчы было вырашана адправіць у адстаўку кіраўніка хунты Іаанідзіса — яго зрабілі ахвярным казлом — і прапанаваць пост прэм’ер-міністра Канстанціну Караманлісу — палітыку, які ўжо 11 гадоў як знаходзіўся ў эміграцыі ў Францыі. Ён тройчы кіраваў краінай пры каралю Паўле I — правацэнтрыст, хрысціянскі дэмакрат, чалавек празаходні.
Згодна з планам Гізікіса, генералы захавалі б кантроль над сілавымі структурамі, але адмаўляліся ад палітычнай улады. Генерал Гізікіс набраў тэлефон Караманліса.
Караманліс выслухаў прапановы генерала. І сказаў «не»: «Хочаце, каб я ўзначаліў урад — сілавікі павінны падпарадкавацца мне».
Генерал узяў час на абдумванне.
Пакуль генералы шукалі выйсце, на наступны дзень, 23 ліпеня, Караманліс вылецеў у Грэцыю на самалёце французскага прэзідэнта Валеры Жыскара д’Эстэна. Гэта было пасланне Захаду генералам, кіпрская авантура якіх перапоўніла чашу цярпення не толькі ўнутры Грэцыі, але і ў сталіцах заходніх саюзнікаў.
Гізікіс пасланне зразумеў: Караманліс быў прызначаны прэм’ерам на ягоных умовах. А Гізікіс застаўся прэзідэнтам да моманту правядзення свабодных выбараў.
У той жа дзень было заключана першае перамір’е на Кіпры.
У краіне знялі ўсе ранейшыя забароны — ад доўгіх валасоў да музыкаў з чорнага спісу.
У лістападзе ў Грэцыі прайшлі першыя за 11 гадоў свабодныя выбары, на якіх перамаглі правацэнтрысты Караманліса. Другое месца занялі левыя лібералы-рэспубліканцы (тыя самыя, якіх хунта на дапусціла да ўлады ў 1967-м), трэцяе — сацыялісты, чацвёртае — камуністы. Прыхільнікі хунты нават не прайшлі ў парламент, настолькі яны дыскрэдытавалі сябе.
А ў 1975 годзе кіраўнікі хунты паўсталі перад судом.
Караманліс за 6 гадоў прывёў краіну ў Еўрасаюз (тады гэта была яшчэ Еўрапейская эканамічная супольнасць), а праз 5 гадоў вярнуў і ў НАТО, адкуль краіна была выйшла на хвалі падзей 1974-га. Караманліс яшчэ будзе выйграваць і прайграваць выбары (сацыяліст Андрэас Папандрэу доўгі час будзе яго візаві). І толькі ў 1995 годзе 88-гадовы Караманліс нарэшце пакіне палітычную арэну. З пасады прэзідэнта.
Дзевяць месяцаў і два дні
У выніку правалу авантуры на Кіпры дыктатура «чорных палкоўнікаў» абрынулася за два дні. Але гісторыкі сыходзяцца на тым, што гэта быў толькі фінал працэсу, а сапраўдны ідэалагічны калапс рэжыму здарыўся за дзевяць месяцаў да таго, у выніку пратэстаў у Афінскім політэхнічным універсітэце. Жорсткае падаўленне выступу студэнтаў прывяло да такой хвалі грамадскага абурэння, якая цалкам разбурыла міф пра «ўсенародную падтрымку хунты», а рэакцыя ўладаў паказала, што хунта далёка не маналітная. Жорсткасць генералаў тады прывяла да іх дэлегітымізацыі ўнутры краіны і за мяжою. А ў ліпені 1974- га проста супалі памылка і чалавек: памылка кіраўніка хунты Іаанідзіса, які пралічыўся з Кіпрам, і генерал Гізікіс, які знайшоў у сабе смеласць змяніць сістэму.
Цяпер 17 лістапада — гэта выхадны дзень ва ўсіх універсітэтах Грэцыі, дзень памяці, калі ва ўсіх ВНУ зачытваюць спіс ахвяр 7-гадовай дыктатуры.
Комментарии