Уладзімір Караткевіч. Як яму ўдалося застацца несавецкім і не скурвіцца? Ён дорага заплаціў
Сёння споўнілася 40 гадоў са дня смерці геніяльнага беларускага пісьменніка. Яго біяграфія многаму вучыць нас.
Канец 1950-х. Глухая вёска на поўначы Беларусі. Лясы да гарызонту. Малады настаўнік гісторыі кідаецца ў народную стыхію, але хутка ягоны асветніцкі запал гасне: калегі па школе п’юць як коні, бытавуха заядае. Каб абстрагавацца, ён купляе зборнікі беларускай паэзіі. Але і там спрэс — «Глыбокае ворыва», «Высокая хваля», «Песня трактарыста»…
«Раптам знаходжу кніжачку ў кардоннай вокладцы «Матчына душа». Дзікая назва, несавецкая назва, што гэта такое? Адкрываю і чытаю першы верш. Чакаю — абавязкова пра партыю ці хоць пра ўдарніка ці даярку. І раптам: «У векавечнай Бацькаўшчыне клёны нячутна пачынаюць аблятаць». Я не веру сваім вачам. Пагартаў. Ні аднаго трактарыста, ні адной даяркі. І я захапіўся гэтым аўтарам. Уладзімір Караткевіч прозвішча», — успамінаў археолаг Міхась Чарняўскі.
У літаратуру праз смерць Сталіна
Мала хто з класікаў вучыўся на пісьменніка. Вось і Караткевіч стаў ім выпадкова.
Першы сігнал лёсу ён атрымаў ад самога Янкі Купалы — першым сваім друкаваным творам лічыў ліст з уражаннямі ад Вязынкі. Малады Караткевіч даслаў яго жонцы паэта Уладзіславе Францаўне, а тая апублікавала ў зборніку, прысвечаным песняру.
Але хто ў юнацтве не піша? І, махнуўшы рукой на пару соцень нібыта вучнёўскіх вершаў, студэнт рускай філалогіі Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Караткевіч збіраўся быць навукоўцам. Але адбылося нечаканае: памёр Сталін.
Караткевіч прызнаваўся свайму таварышу, літаратуразнаўцу Арсеню Лісу, што не стаў бы пісьменнікам, каб не адліга, не ХХ з’езд партыі, не руйнаванне сталіншчыны. Ён «ненавідзеў сталінізм, таталітарызм, усялякі прыгнёт, ураўнілаўку», сведчыў варшаўскі прафесар Фларыян Няўважны, ягоны аднакурснік і сябра на ўсё жыццё.
Броўка і Танк папрасілі
У кіеўскую аспірантуру Караткевіч, на шчасце для беларускай літаратуры, не паступіў. Тады «прымацаваўся» да кафедры і з’ехаў настаўнічаць у вёску на Кіеўшчыне. Тэмай навуковай працы ён заявіў «Паўстанне 1863 года ў рускай літаратуры». Дысертацыя так і засталася ненапісанай, але мала хто іншы больш зрабіў для памяці пра тое паўстанне.
Вярнуцца ж у Беларусь самому Караткевічу дапамаглі Пятрусь Броўка і Максім Танк: праз мясцовага жывога класіка Паўла Тычыну яны папрасілі ўкраінскае Міністэрства адукацыі дазволіць перспектыўнаму маладому паэту паехаць настаўнічаць на радзіму ў Оршу.
Агент Высоцкі
Некалькі вершаў Караткевіч аддаў у аршанскую раёнку «Ленінскі прызыў». «Неабачна, бо не падумаў, як іх успрымуць дамарошчаныя «знаўцы». А яны, аказалася, дыхалі яшчэ сталінскім духам», — успамінаў ён.
Супрацоўнік рэдакцыі (і паралельна КГБ) Леанід Высоцкі напісаў артыкул «Не в ногу с жизнью», звінаваціўшы аўтара ў чорнай меланхоліі, захапленні гісторыяй і прадказанні гібелі СССР у вершы «Вадарод». Цкаванне разгортвалася як па метадычцы. Не спалохаў аршанскую газету нават Броўка, які спрабаваў бараніць «цікавы голас» Караткевіча.
Шальмаванне напружвала. І Караткевіч падаўся ў Маскву, спачатку на літаратурныя курсы, пасля на сцэнарныя.
Тады ж яго прынялі і ў Саюз пісьменнікаў. І пасля аршанскага настаўніцтва Караткевіч больш нідзе афіцыйна не рабіў. Членства ў творчым саюзе дазваляла так жыць і не лічыцца «дармаедам». «Выходзіць, я павінен нават дзякаваць таму салдафону Высоцкаму», — казаў Караткевіч.
А пільны ветэран, дарэчы, дажыў да 1973 года і яшчэ заспеў росквіт славы аб’екта сваёй крытыкі.
Такіх герояў яшчэ не было
Караткевіч піша, што «многаму навучыўся» на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Масква дала Караткевічу матэрыял для першага рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі», які ён напісаў у 1962-м за 60 дзён. Галоўны герой — не селянін, а інтэлігент у чацвёртым калене. Для беларускай літаратуры тады гэта было, скажам так, нетыпова.
Калі раман рыхтавалі да выдання асобнай кнігай, яго пачытаў ідэолаг ЦК Васіль Шаура — і набор рассыпалі. Цэнзараў асабліва зачапіла назва «Леанідаў…»: так супала, што ў СССР да ўлады тады прыйшоў Леанід Брэжнеў. Асобнай кнігай раман выйшаў толькі праз 22 гады — узімку 1984-га.
«Маскоўская штучка»
Так, кажуць, Іван Мележ назваў Ірыну Гораву — гераіню «Леанідаў…», у якую быў закаханы галоўны герой. Яна мела прататыпа — выкладчыцу Вышэйшых літаратурных курсаў мастацтвазнаўцу Ніну Молеву.
Як у рамане, так і ў рэальнасці тая была замужам — за мастаком Эліем Бялюціным. Гэта яго мадэрнісцкая групоўка «Новая рэальнасць» арганізавала ў Маскве славутую выставу, разагнаную Хрушчовым. Разгон пазначыў канец палітычнай «адлігі» ў СССР.
Напалоханы Бялюцін пасля скандалу пагадзіўся перавучваць мастакоў-абстракцыяністаў на рэалістаў. Караткевіча такі дэмарш абурыў. Магчыма, заядала, што Молева, якую ён кахаў, засталася з такім канфармістам.
«Рамансаванне» з ёй, прызнаваўся Караткевіч сябру Уладзіміру Калесніку, было платанічным.
І тым не менш ён — рамантык! — усур’ёз збіраўся зарабіць да лета 1960-га 200 тысяч рублёў (гэта ў часы, калі настаўнік зарабляў 700 за месяц) на кінасцэнарыях і п’есах, купіць пад Масквой дамок і машыну, каб Ніна, сышоўшы ад мужа да яго, не стала жыць горш.
Аднак Молева, вядома, не кінула Бялюціна і зручную кватэру на плошчы Маякоўскага. У Караткевічу ж яна бачыла правінцыяла, які «да мяне прыйшоў яшчэ не сфармаваным чалавекам… многае з таго, што я гаварыла, літаральна пераварочвала штосьці ў яго душы».
Усё ж такі Караткевіч да канца жыцця сябраваў з ёй, купляў і дарыў карціны. 98-гадовая Молева памерла ў Маскве ў лютым 2024 года. Пасля смерці мужа яна адпісала яго і сваю мастацкую калекцыю ў дар Уладзіміру Пуціну. Ёсць у той калекцыі, пэўна, і карціны, падораныя Караткевічам.
І нават такія асабістыя трагедыі, як з Молевай, нараджалі ў пісьменніка беспараўнаную творчую энергію.
Купала часоў ранняга застою
Гэта сёння Караткевіч — класік. А «на пачатку дарог», у 1960-я, ён выломваўся з дазволенай беларускай літаратуры, хоць нідзе ў творах не сказаў слова ўпоперак камуністычнай ідэалогіі.
Наадварот, Леніна цаніў і з Хрушчовым у многім пагаджаўся. Але пісаў штосьці такое, ад чаго беларусы пераставалі рухацца да акрэсленага тым Хрушчовым зліцця з рускім народам.
Гэтую чужароднасць бачылі «органы», таму надзвычай цікавіліся Караткевічам, дапытваючы яго знаёмых навукоўцаў і літаратараў. Як у 1930-я Купалу паставілі на чале сфабрыкаванага «Саюза вызвалення Беларусі», так у 1970-я з Караткевіча хацелі «зляпіць» лідара антысавецкай арганізацыі.
Рычагоў уплыву на самога Караткевіча было вобмаль: ён не быў у партыі, меў задзірлівы, небаязлівы характар, выпіваў, нідзе не рабіў і не быў нават членам прафсаюза.
А зусім не друкаваць яго не выпадала: за пісьменніка заступаліся літаратурныя мэтры, кожную ягоную новую кнігу чытачы не тое што размяталі — кралі з бібліятэк.
Каласы і сярпы
Галоўнай кнігай свайго жыцця Караткевіч лічыў «Каласы пад сярпом тваім» (цяпер выкінуты са школьнай праграмы). Раман быў задуманы раней за ўсе іншыя — у жніўні 1959-га, у Азярышчы над Дняпром, дзе пісьменнік пабачыў старую грушу над кручай. «Каласы» выраслі замест так і не напісанай дысертацыі пра паўстанне Каліноўскага.
«Пастараўся заплаціць гэтай кнігай доўг Дняпру, людзям 1863 года, Беларусі», — казаў Караткевіч. Ён, не меўшы навуковай ступені, але «гісторык да глыбіні душы», як сказала аднакурсніца Ніна Сняжко, разумеў значэнне тых падзей.
Тое, што мы сёння ведаем як «Каласы пад сярпом тваім», на самай справе толькі траціна ад задуманага. Караткевіч планаваў напісаць яшчэ дзве часткі рамана: «Брань» — пра само паўстанне і «Галгофа» — пра яго разгром.
Ці існаваў працяг «Каласоў» — загадка. Караткевіч цягам усяго жыцця ў розных інтэрв’ю казаў, што пара б ужо скончыць раман. Але завершаных тэкстаў, апроч дзвюх невялікіх частак-адгалінаванняў, у архівах пісьменніка не знайшлося.
Мо працяг выкралі невядомыя, якія абрабавалі кватэру Караткевіча ў 1982-м? Так часам інтэрпрэтуюць словы Караткевіча: «Білі па самым дарагім».
Барадулін так не лічыў. Хоць версію, што пад выглядам зладзеяў у кватэру ўлезлі кагэбісты, дапускаў. Скрадзены ў Караткевіча пярсцёнак пасля падкінулі, а ордэн, атрыманы з нагоды юбілею, — не.
Але і першую частку «Каласоў» давялося прабіваць з боем. У «Советской Белоруссии» выйшла рэцэнзія Якава Герцовіча на часопісны варыянт рамана. Крытык вінаваціў Караткевіча ў сімпатыях да арыстакратаў-«эксплуататараў» Загорскіх, адсутнасці ў творы «сацыяльных нізоў» і фактычна патрабаваў перапісаць раман.
Выхад рамана асобнай кніжкай аказаўся пад пагрозай. Каб уратаваць сітуацыю, Іван Мележ арганізаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук абмеркаванне твора. Далучыліся сумленны Брыль, сябар Янкі Купалы Язэп Сушынскі, а Паўліна Мядзёлка, узрушаная раманам, назвала Караткевіча «сынам».
Для выдавецтва «Каласы» рэцэнзаваў старэйшы пісьменнік Максім Лужанін, які, намякалі, быў даўнім агентам КГБ і свайго часу быў «прыстаўлены» органамі да Якуба Коласа (і напісаў адну з найлепшых кніг пра класіка — «Колас расказвае пра сябе»). Лужанін разумеў логіку ідэалагічнай цэнзуры і прапаноўваў праўкі, якія б яе задаволілі. Караткевіч успамінаў: з-за тых правак яны «кідаліся адзін на аднаго як звяры».
Памірыліся ж па дарозе ў Брэст, калі сябры прывялі Лужаніна да Караткевіча ў купэ і дыпламатычна пакінулі сам-насам з бутэлькай каньяку.
Нечакана Караткевіч знайшоў у Лужаніне цікавага суразмоўцу. Яны сышліся ў поглядах на лёс старой мінскай архітэктуры, на беларускую літаратуру 1920-х, пра легенды і характары якой «мы недаравальна мала ведаем». Караткевіч напісаў пра Лужаніна эсэ «Цёплы жнівеньскі поўдзень». А Надзея Васілеўна, велічная мама Уладзіміра, гуляла з галантным Лужаніным у прэферанс. І, скрушна казаў Караткевіч, «прайграла аж тры рублі».
Лужанін напісаў 72 старонкі заўваг, і многія яго праўкі Караткевіч мусіў унесці. «Да пераразання жылаў твору не дайшоў», — каротка падсумаваў працу рэцэнзента Барадулін.
Асобная гісторыя была з выхадам «Каласоў» па-руску. Выданне гатовага перакладу, які хацелі ўжо «зарэзаць» за нібыта малацікавасць для небеларускага чытача, уратаваў вядомы гісторык-беларус Мікола Улашчык, які пасля сталінскіх лагераў працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР у Маскве. Пачатак рэцэнзіі Улашчыка канстатуе каланіяльны стан беларускай савецкай культуры: «Мастацкія творы на гістарычныя тэмы з’явіліся ў беларускай літаратуры толькі ў самы апошні час. Галоўнай прычынай такога запазнення з’яўляецца відавочна не столькі маладосць літаратуры, колькі да крайнасці слабая распрацаванасць гісторыі гэтай краіны…»
Капуснік замест «філасофіі»
Стомлены тузанінай вакол «Каласоў», Караткевіч надоўга пераключыўся на кіно. Кінематограф вабіў яго як фата-маргана. Нязнятыя кінасцэнары займаюць цэлы том ягонага новага збору твораў.
«Ні чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў ён на сяброў. — Гэта ж магутная сіла! Раман у беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны».
Славуты раман Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» пачынаўся як кінасцэнар. І шмат сілаў давялося змарнаваць на баданне з цэнзурнымі «худсаветамі», з рэжысёрамі-«вара́гамі». Мальдзіс прыгадваў, як Караткевіч вярнуўся з Крыма, дзе здымалі «татарскую» частку «Хрыста», а ён мусіў уносіць бясконцыя змены ў сцэнар. Вярнуўся пахмурны, бо прапанавалі змяніць назву фільма на «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка», выкідалі ўсю «філасофію», увесь здаровы сэнс.
«Вечна ім здаецца, што мой Хрыстос нешта не тое гаворыць, — скардзіўся. — Занадта сучасны».
Светапоглядны фільм ператваралі ў капуснік, пакідаючы адны камічныя сцэны. Нават на галоўную ролю Юрася Братчыка вызначылі акцёра Льва Дурава, неадпаведнага паводле тыпажу і амплуа. Хоць ён надзіва няблага справіўся з роляй «мужыцкага Хрыста», але, адзначаў Караткевіч, у фільме перавагу над Уленшпігелем атрымаў Ламэ Гудзак. Зрэзалі нават фінальную сцэну ўкрыжавання Братчыка, пакінутага сябрамі. І ўсё адно фільм не пусцілі ў пракат: ён праляжаў «на паліцы» да 1989-га.
Рэжысёр Бычкоў прызнаўся пасля, што ў сцэне ўкрыжавання камусьці ўбачыўся намёк на… Хрушчова, якога таксама пакінулі верныя паплечнікі. «І хаця аналогія была абсурдная, давялося канцоўку скараціць». А Караткевіч паліў нервы, сілы і час на барацьбу з перастрахоўшчыкамі.
Не выпіць не магу
«Ён настолькі тонка адчувае, што часам побач з ім робіцца як на рэнтгене, здаецца, прасвечвае… А на выгляд — доўгі, доўгі хлапчук з вялізнымі вачамі, высокім ілбом. П’е многа, але ратуе тое, што засынае, а раніцай — зноў свежы…» — такім запомніла Караткевіча ў 1962-м літаратуразнаўца Валянціна Гапава.
«Жаль Валодзю і яго светлы талент… Вам цяпер з ім не справіцца… розных алкаголяў усюды — аж полкі гнуцца… Дрэнныя сябры, якія патураюць ягонай згубнай слабасці. Танныя сябры гэта!» — пісала да маці Караткевіча Ларыса Геніюш. Яна і сама мела падобную бяду з сынам Юркам.
За п’янку на Караткевіча і Барадуліна сварыўся строгі Зянон Пазняк (і яны яго, маладзейшага, пабойваліся). «Я — хачу п’ю, а хачу — і не п’ю месяцамі», — бравіраваў перад Геніюш Караткевіч у 1960-я. А ў пачатку 1980-х, дастаючы схаваную на стэлажы за кнігамі пляшку «Маскоўскай», казаў госцю — Уладзіміру Калесніку: «Я не выпіць не магу!»
Даходзіла да галюцынацый. Васіль Быкаў так успамінаў, як падчас сумеснага адпачынку на поўдні Караткевіч «на змярканні пачаў скардзіцца, што ўнізе ў кустоўі сядзіць цмок, пільнуе за ім. Кажа: ідзі, пакажу. Я ішоў у іх нумар, і Валодзя паказваў уніз: во, во… Выглядвае!.. Не, схаваўся. Ну, чакай, я цябе падпільную…»
Ён звяртаўся да псіхатэрапеўтаў, але гэта не дапамагала. Караткевіч загінуў бы многа раней, каб не Валя Нікіціна.
Жонка для Караткевіча
Караткевіч у адным сваім вершы патлумачыў, чаму доўга не жаніўся: «ёсць дзясяткі, з кім можна спаць, прачынацца — ніводнай няма».
Жаніцьба Караткевіча была справай усенароднай. Арсень Ліс вазіў яго ў Вільню «выпадкова» знаёміць з дочкамі старога беларускага дзеяча Янкі Багдановіча — аспіранткай-хіміцай і студэнткай кансерваторыі. Караткевіч цэлы вечар весяліў кампанію, а потым развітаўся і збег.
«Мне трэба такая жонка, каб мела добры запас цярплівасці, — тлумачыў ён няўдаламу свату па дарозе ў гатэль. — Напрыклад, будзем ісці з ёю вуліцаю, і мне раптам так захочацца, разумееш, так неадольна зажадаецца ўзлезці на дрэва або на дах дома, то каб здолела чакаць, пакуль я адтуль злезу. А потым як нічога ніякага пайсці далей».
Чарняўскі згадваў, што свядомаму беларусу было практычна немагчыма знайсці блізкую па духу спадарожніцу жыцця ў Мінску 1960-х. Урэшце і ён, і Ліс ажаніліся з рускамоўнымі дзяўчатамі і беларусізавалі іх.
Як Караткевіч пазнаёміўся з будучай жонкай? Версіі разыходзяцца. Адныя кажуць — на літаратурнай сустрэчы ў Брэсцкім педінстытуце: яна сядзела і чытала яго «Дзікае паляванне», не ведаючы, што размаўляе з аўтарам. Паводле іншай версіі, знаёмства адбылося ў купэ цягніка па дарозе з Мінска ў Брэст.
Валянціна Валадковіч была высокай бландзінкай з блакітнымі вачыма, крыху блізарукай, але акуляры ёй пасавалі. Прозвішча Нікіціна яна пакінула па першым мужу, кароткі шлюб з якім успамінаць не любіла. Гаварыла Валянціна па-руску, але беларускую ведала няблага, бо яе школьным настаўнікам быў мовазнаўца Фёдар Янкоўскі.
Паводле спецыяльнасці Нікіціна была археолагам. Яна вучылася на мінскім гістфаку, пасля — у маскоўскай аспірантуры. Калі вярнулася ў Мінск, дазваляла сабе паблажлівасць да тутэйшых свяцілаў. І была зрынутая са сталічнага алімпу ў Брэсцкі педінстытут, дзе мусіла выкладаць гісторыю КПСС, бо ніякай іншай працы для яе там не было. А ў летнія адпачынкі прападала на раскопках.
Яшчэ не быўшы замужам за Караткевічам, Валянціна пераехала да яго ў Мінск. Праца ёй знайшлася ў акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Тут яна стала рухавіком стварэння «Збору помнікаў гісторыі і культуры» — энцыклапедыі архітэктурнай спадчыны. Ідэолагі праваронілі гэту кніжку, палічыўшы, што там будуць адны партызанскія абеліскі. Тым часам даследчая група абмярала старажытныя драўляныя цэрквы, фатаграфавала помнікі беларускага барока. Разам з жонкай у экспедыцыі часцяком выпраўляўся і Караткевіч.
Калі Караткевіч ажаніўся, Валянціна Браніславаўна абмяняла сваю брэсцкую кватэру на пакой у Мінску, а пасля двухпакаёўку на Харужай і той пакой яны абмянялі на трохпакаёвую кватэру ў пісьменніцкім доме па Маркса, 36. Там у Караткевіча нарэшце з’явіўся паўнаварты асобны кабінет.
Анкалогія ўдарыла Валянціну Браніславаўну нечакана. Не стала яе ў лютым 1983-га. Караткевіч перажыў жонку на няпоўныя два гады. Ён пакінуў гэты свет у глухі застойны пераддосвітак, хоць адна анкета варажыла яму дажыць акурат да нашага часу.
У 1976-м у Варшаве, падчас гасцін у прафесара Фларыяна Няўважнага, жонка заахвоціла Караткевіча прайсці тэст «Ці дажывём да ста год?» з польскага часопіса «Kobieta i Życie». Ён пасля склаў пра гэта фельетон у мрожакаўскім стылі. І прамежкавы вынік тае анкеты паказаў, што Караткевіч пражыве 89 год — да 2019-га.
Уявім, як перабудова, Чарнобыль, адкрыццё Курапатаў, атрыманне незалежнасці, беларусізацыя маглі б быць падсветленыя Караткевічам. Можа, тады і нам было б лягчэй і шчаслівей прайсці ўсё гэта.
Чаму Караткевіч геній
Стварыў з нуля беларускую гістарычную прозу. Яго раманы і аповесці пра мінулае непераўзыдзеныя дагэтуль.
Замацаваў у беларускай культуры вобраз Кастуся Каліноўскага, разумеючы яго важнасць (дэкларацыі Каліноўскага сталі адпраўным пунктам фармавання сучаснай беларускай нацыі).
Стварыў у літаратуры магутныя вобразы арыстакратаў і іх нашчадкаў: Рамана Ракуты, Алеся Загорскага, Андрэя Грынкевіча… Тым самым паказаў, што беларусы ў мінулым мелі ўласную эліту, а не былі абязлічаным людам.
Стварыў вобразы герояў эпохі Рэнесансу — Юрася Братчыка і Гервасія Вылівахі, — абвяргаючы ідэалагічны пастулат, што гісторыя Беларусі пачалася з 1917 года.
Напісаў захапляльны падручнік-даведнік па гісторыі Беларусі — «Зямля пад белымі крыламі».
Пачаў пісаць па-беларуску дэтэктывы, ствараючы «гарадскую» масавую літаратуру.
Пры ўсім цэнзурным ціску змог захаваць свае творы і данесці іх да чытача.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары