Культура1313

Самы запатрабаваны мінскі скульптар маладога пакалення — пра позняе прымірэнне з бацькам, веру і скульптуру Мінска

Скульптар Алесь Сакалоў — адзін з самых заўважных беларускіх творцаў маладога пакалення. Мы пагутарылі з ім пра мастацтва, прынцыпы, сям'ю, а таксама пра апошнюю тэлефонную размову з мастаком Захарам Кудзіным, які скончыў жыццё самагубствам. 

«У Кудзіна была дэпрэсія»

— Алесь, вы былі асабіста знаёмыя з Захарам Кудзіным. Распавядзіце пра яго.

— Захар быў выдатным мастаком, ён неймаверна шмат працаваў, і гэта было бачна ў творах. Усе працы Кудзіна надзвычай граматныя! Я неяк завітаў да яго ў госці з цыркулем, які вымярае залатое сячэнне. Мы на прыколе расклалі яго кампазіцыю — атрымалася, што ўсё зроблена па законах мастацтва, усе плямы сядзяць на сваіх месцах, ёсць пэўная чысціня формы. У вучэльні ён быў выдатным студэнтам. Я цяпер выкладаю ў Глебаўцы і неяк бачыў у фондзе яго работы класічнага кірунку — яны выкананы вельмі прафесійна.

— Кажуць, што ён сышоў з жыцця, таму што доўгі час не мог прадаць свае карціны. Гэта праўда?

— Ён неяк патэлефанаваў мне ў даволі цяжкім стане, была доўгая размова. Я разумею, што сітуацыя з адсутнасцю продажаў работ — не асноўная прычына сыходу з жыцця. Гэта можа прыніжаць мастака. Аднак, натуральна, тут не толькі фінансавы чыннік. Ён пакутаваў на дэпрэсію.

Я раблю такую выснову з нашых адносін і з апошняй тэлефоннай размовы. Гэта складаная хвароба, разлад псіхікі. А кваліфікаваная дапамога таксама каштуе грошай, часам немалых. Людзям, якія праходзяць праз гэта, падаецца больш простым сысці, чым працягваць жыць. Але такі ўчынак — вялікая траўма для родных, справіцца з якой часам падаецца немагчымым. Пераадольванне болю — сапраўдны выклік для іх, праца над сабой.

— Хіба акурат мастацтва не натхняе пераадольваць крызісы?

— Творчы пошук — не толькі радасць. Часам гэта і вельмі складана. Якасць у мастацтве дасягаецца не толькі праз тое, што мастак сядзіць і кайфуе, малюючы. Гэта насамрэч вялікія высілкі і складаная праца.

«Толькі 10% маіх прац былі набытыя ў нашу краіну»

— Ці зарабляеце вы сваім мастацтвам?

— З продажу сваіх работ я не жыву. Па-першае, выкладаю, а па-другое, раблю шмат выканаўчай працы: займаюся павелічэннем помнікаў, працую на іншых мастакоў або супрацоўнічаю са скульптурным камбінатам. Працы для персанальнай выставы ў музеі Заіра Азгура былі зроблены па рэшткавым прынцыпе: калі ёсць вольны час, займаюся аўтарскай скульптурай. Хоць кошты ў мяне і вельмі сціплыя, але яшчэ Альбрэхт Дзюрар казаў, што мастак не павінен свае працы танна прадаваць, я з ім згодны.

— Даволі часта гаворыцца пра адсутнасць (ці вузкасць) арт-рынку ў Беларусі.

— Толькі 10% маіх прац былі набытыя ў нашу краіну. Нават пры маіх не вельмі вялікіх цэнах я прадаю іх у Расію, у Польшчу, нават у Англію. Мае працы, хоць я сяджу ў Беларусі, звычайна з’язджаюць за мяжу.

— Вы прэзентуеце свае работы на пэўных віртуальных рэсурсах?

— Так склалася, што ніводнай работы праз галерэі я пакуль не прадаў. Некалькі прац набылі дзякуючы «Восеньскаму салону» Белгазпрамбанка. Але звычайна зацікаўленыя даведваюцца пра мае творы праз фэйсбук, праз сяброў ці праз знаёмых.

— Колькі каштуе адна ваша скульптура?

— Не хочацца гэта агучваць — цану называю па запыце, гледзячы каму прадаю. Часам я таргуюся: калі ў чалавека абмежаваныя сродкі, магу зрабіць зніжку. 600 даляраў — самая танная з прадстаўленых нядаўна прац.

«Перамога»

«Скульптуры малога памеру падыходзяць пад нашы хрушчоўкі»

— Распавядзіце пра сябе. Вы лічыце сваё мастацтва актуальным?

— Мае работы — гэта далёка не сучаснае мастацтва. Гэта пластыка 30-х гадоў XX стагоддзя. Усе хады і пластычныя рашэнні былі сфарміраваныя яшчэ ў той час. Іх можна назваць нават класікай.

Такое мастацтва не з’яўляецца чымсьці звышновым. У Беларусі, калі мы пабачым такую скульптуру ў горадзе, мы падумаем, што гэта нова і нечакана. А ў Еўропе такое мастацтва даўно пераасэнсавана. Мяне ж чыстая форма захапіла яшчэ ў Акадэміі мастацтваў. Я падумаў, што яна дае пэўную пластычную свабоду мастаку. Для таго, каб быць сучасным, трэба раскрываць актуальную тэму (штосьці звязанае з гендарнай няроўнасцю), выкарыстоўваць пэўную інсталяцыю. Я ж прытрымліваюся класічных матэрыялаў. Хаця сучаснае мастацтва можа быць і вельмі рэалістычным. На Захадзе вельмі важна, каб ты вырашаў праблемы, якія цяпер востра стаяць.

— Работы з выставы ў музеі Заіра Азгура даволі малога памеру. Іх прасцей было вырабіць?

— Скульптуры малога памеру больш падыходзяць пад нашы хрушчоўкі: іх можна размясціць у інтэр’еры, яны не эпаціруюць прастору. Яны прыжывуцца ў любым памяшканні, гэта дасяжна. Хаця манументальнасць работы, натуральна, не ў яе памеры — яна ў мысленні мастака, у кампазіцыйных якасцях скульптуры. Сабекошт бронзавага вырабу надзвычай высокі. Адна такая скульптура — гэта мой месячны заробак у вучэльні.

«Унутраная прастора»
«Легенда»

«Тата патэлефанаваў і сказаў: «Прабач. Давай пасябруем»

— Вы неяк распавядалі, што з пятага класа пачалі вучыцца скульптуры. Бацькі паспрыялі, яны таксама творчыя людзі?

— Мама ў мяне інжынер па спецыяльнасці, працуе ў ваеннай прамысловасці. Яна далёкі ад мастацтва чалавек, шмат не разумее ў тым, што я ствараю. Але яна бачыла мае творчыя схільнасці і ўклала максімум высілкаў, каб развіць іх.

Тата працуе мастаком-афарміцелем, у Саюз мастакоў ён уступіў, маючы даволі нядрэнныя плакаты, прысвечаныя барацьбе з алкагалізмам, але гэта не значыць, што ён быў далёкі ад гэтай з’явы.

Тата мяне не выхоўваў, яны з маці разышліся, калі мне было 2 гады. Зноў мы пачалі кантактаваць, калі я быў паўналетнім.

На мяне ўжо цяжка было паўздзейнічаць. Ён аднойчы патэлефанаваў і сказаў: «Прабач. Давай пасябруем». І цяпер мы сябруем, так. Наладзіць адносіны, натуральна, было няпроста. Але гэта быў яго крок, і, думаю, на яго паўплывала тое, што ён стаў веруючым.

Бацька мае на мяне ўплыў у плане мовы. Ён пастаянна клапоціцца, каб я размаўляў па-беларуску.

Вядома, я так не заўсёды раблю. Але для яго гэта надзвычай важна.

— Бацька вернік, а для вас самога ці важная вера?

— Для мяне вера таксама шмат значыць. Вядома, сёння такое можа быць не модным. Але гэта аснова майго светапогляду. Бо ёсць Бог, так створаны свет. Калі ў жыцці ўсё было б іначай, мне было б вельмі сумна. Хрысціянства — гэта рэлігія этыкі, гэта цэнтр і аснова. Іначай я не зразумеў бы сэнс жыцця.

Вы ж ведаеце, з чаго пачынаецца кніга Эклезіяста: «Усё тлум, і ўсё бессэнсоўна». Бо таямніца вечнага жыцця Саламону не была адкрыта — мы не ведаем, наколькі яе ведалі старадаўнія яўрэі. Калі жыццё заканчваецца смерцю, то тады яго няма.

— Дзеля чаго жывяце цяпер?

— Гэта складанае пытанне. Я сам над ім часам задумваюся. Хочацца паспрабаваць стаць шчаслівым.

Ці, хоць гэта банальна гучыць, жыць у гармоніі з сабой. У прынцыпе скульптура — гэта спосаб спазнання свету. Можа быць, я сакралізую мастацтва ў сваім жыцці: мне падаецца, гэта самае непарушнае з таго, што стварыў чалавек. Хтосьці сказаў, што мастацтва — гэта адзінае, чым мы можам перад Богам апраўдаць сваё існаванне. Нягледзячы на ўсе памылкі чалавецтва і шаленства ў гісторыі. Мастацтва вартае вечнасці.

«Малітва»

«Я не ведаў, што на прапанову дораць пярсцёнак»

— Ваша жонка Алеся — таксама мастак?

— Так, у нас аднолькавае бачанне многіх жыццёвых пунктаў, таму нам проста. Мы вучыліся разам з пятага класа, гісторыя кахання расцягнулася на шмат год. Спатканні доўжылася больш за шэсць год, мы вельмі добра адно аднаго ведалі. Яна была вельмі адданай студэнткай, любіла творчасць — мне гэта спадабалася.

У яе вачах чытаўся пэўны інтэлект, мяне гэта закранула.

Калі я зрабіў ёй прапанову, яна пакрыўдзілася, што не падарыў пярсцёнак. А я ў прынцыпе не ведаў, што на прапанову яго дораць. Таму з цвіка сагнуў колца — сымправізаваў пярсцёнак. Здаецца, ёй тады гэта не вельмі спадабалася. Затое цяпер весела згадваць. Мы ажаніліся недзе на пятым курсе вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Цяпер яна вельмі падтрымлівае мае заняткі творчасцю, за што ёй вялікі дзякуй. Бо іншы чалавек, вядома, гэтага не стаў бы трываць. Праца скульптара мяне даволі часта забірае з сям’і. Ужо два месяцы я працую над вялікай мемарыяльнай кампазіцыяй, у нас шалёныя тэрміны, таму гэта з’ядае ўвесь мой час. Я даволі мала праводжу часу з сям’ёй. Але так бывае не заўсёды, я стараюся трымаць баланс, наколькі гэта магчыма.

— Цяпер вы будуеце кватэру ў «Новай Баравой». Зазвычай там селяцца айцішнікі і іншыя людзі пры грошах. Як вам, скульптару, гэта ўдаецца?

— Насамрэч я вельмі шмат працую, трохі дапамаглі бацькі, мы ўзялі крэдыт — так і атрымалася. Калісьці ў нас была кватэра на Розы Люксембург. Але мы марылі пра больш прасторнае жыллё. Напэўна, забудова ў «Новай Баравой» — адзінае, што спадабалася з таго, што ёсць у Мінску. Калі шукаць кватэру дзесьці ў цэнтры, у якім-небудзь старым раёне, гэта таксама даволі дорага. А звычайныя панэльныя дамы ці пахмурныя хрушчоўкі — з іх складана выбраць штосьці добрае. Ты ў «скрыні», у цябе дэпрэсняк і ўсё такое.

«Адам і Ева»

«Сумна, што Быкаву дагэтуль не паставілі помнік»

— Як ацэньваеце нашу сталіцу, што ў ёй вартае, а чаго не хапае?

— Мінск — гэта зруйнаваны горад, ад якога застаўся толькі праспект Незалежнасці, частка Старога горада, перакроенага і перарэзанага, і некалькіх жылых кварталаў, больш-менш удала спраектаваных. Шыкоўны помнік архітэктуры — гэта Сляпянская водная сістэма.

У Мінску ёсць харошая скульптура, праўда, мала. Мне здаецца, гораду не стае мастацтва, напрыклад парку скульптуры. Тое, што можа Мінск гуртаваць, — гэта муралы, стрыт-арт, які актыўна рабілі на фестывалі «Vulica Brasil». Калі на мёртвых, шэрых, страшных сценах малююць, гэта ажыўляе і ратуе прастору. Бо я не ведаю, чым яшчэ можна выправіць наша асяроддзе. Мы ў секцыі скульптуры Саюза мастакоў даўно выношваем ідэю парку скульптуры. Мне здаецца, любы еўрапейскі горад мае сучаснае мастацтва і скульптуру ў публічнай прасторы, таму гэта важна. Дзе б гэта магло быць? Ды хоць сабе ў лесе! У Літве ёсць «Еўропас паркас», там фактычна лес з велізарнымі інсталяцыямі і скульптурамі меншых памераў. Скульптура ў прыроднай прасторы добра ўспрымаецца. Ёсць прыклады ўсталявання і ў гарадскім асяродку, дзе шмат бетону.

— Якія скульптуры ў Мінску вы лічаце добрымі?

— Мне вельмі падабаецца скульптура «Салідарнасць» Анатоля Арцімовіча на фасадзе Беларускага цэнтра моды. Фантан «Купалле» Анатоля Анікейчыка ў парку імя Янкі Купалы — гэта шыкоўная рэч. Маленькая скульптура «Дзяўчынка з савой» Льва Зільбера ў Траецкім прадмесці — выдатная малая станковая форма. Барэльефы на помніку-абеліску на плошчы Перамогі таксама мне да спадобы — іх аўтары Сяргей Селіханаў, Аляксей Глебаў, Андрэй Бембель, Заір Азгур — з кожнага боку адзін аўтар. Гэта чатыры асноўныя імёны беларускай савецкай школы, вельмі моцныя майстры сусветнага ўзроўню.

— Калі б помнік Васілю Быкаву ставілі вы, як бы ён выглядаў?

— Вельмі сумна, што Быкаву дагэтуль не паставілі помнік. Гэта нейкая ганьба для народа, сколькі год ужо яго няма. Напэўна, помнік пісьменніку, я б зрабіў у класічных традыцыях. Галоўнае, каб ён праўдзіва адлюстроўваў вобраз Быкава. Каб гэта не была шаблонная пафасная рэч, якіх мільёны, каб гэта было арыгінальна і дакладна. Не думаю, што я, напрыклад, змог бы справіцца з такой задачай, гэта звышзадача.

«Наша скульптура больш грубая і суровая»

«Перакуленая фігура»
«Сэрца». Такая ж скульптура павялічанага памеру стаіць у двары сталічнага кардыялагічнага цэнтра

— На вашу думку, чым вылучаецца беларуская скульптура?

— Нашай адметнасцю з’яўляецца пленэрная скульптура, у якой асноўны матэрыял — гэта валун, які задае яе асноўную канфігурацыю. 

Гэта значыць, што скульптар у нас часта ідзе ад формы каменя. Такая наша рыса. Гэта не кепска, гэта своеасаблівы метад мыслення. Матэрыял паказвае мастаку нешта.

Я, дарэчы, так не працую. Я цалкам адмаўляюся ад формы каменя. Можна згадаць адрозненні беларускай пластыкі ад піцерскай ці маскоўскай.

Наша скульптура больш грубая, больш суровая. Яна больш прынцыповая.

— Што чытаеце з беларускай і сусветнай літаратуры?

— Я вельмі люблю Бальзака і прачытаў шмат яго твораў. Адна з самых любімых кніг — гэта «Браты Карамазавы» Дастаеўскага. А ў беларускай літаратуры мой любімы паэт — Францішак Багушэвіч. Яго вельмі высока цаню і шмат вершаў ведаю на памяць. Я лічу, што імя Францішка Багушэвіча — асноўнае, фундаментальнае ў беларускай літаратуры. Прыгадваецца яго байка «Свінні і бараны». Яна пра тое, як жылі-былі на свеце два пастухі, адзін пасвіў свіней, а другі баранаў. Свінапас забіў таго, хто пасвіў баранаў, і дзве чарады аб’яднаў у адну, а яны не змаглі ўжыцца побач. Такая паэтычная балада і з пачуццём гумару! Яна не страціла сваёй актуальнасці.

Каментары13

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку24

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Указ Трампа аб спыненні міжнароднай падтрымкі не тычыцца дапамогі Украіне ў сферы бяспекі6

Барбадас і Панама забяруць свае сцягі ў больш чым 100 танкераў ценявога флоту Пуціна3

Сын Канапацкай кіруе свінакомплексам, а дачка вучыцца ў Аўстрыі16

У Мінску адкрылі абноўлены інтэрнат Акадэміі кіравання ФОТЫ9

Малако значна павялічвае рызыку раку прастаты. А кефір і некаторыя іншыя малочныя прадукты — не19

За «анлайн-пікетаванне» будуць судзіць завуча Ляхавіцкай гімназіі, якую здала Бондарава3

На датэрміновым галасаванні зноў дадалі 10% за дзень10

Трамп хоча зменшыць сусветныя цэны на нафту, каб скончыць вайну ва Украіне10

Белкаапсаюз хоча завабліваць кліентаў размяшчэннем у сябе пунктаў выдачы Wildberries ці Ozon2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку24

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →