Кандыдатам для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ад беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў абраны Віталь Рымашэўскі.
Такое рашэнне шляхам тайнага галасавання прынялі ўдзельнікі нацыянальнай канферэнцыі незарэгістраванай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), якая прайшла 23 мая ў Мінску.
На гэтую пасаду прэтэндавалі тры кандыдаты: сустаршыня БХД, каардынатар кампаніі «Пакаянне» Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД, каардынатар кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення Георгій Дзмітрук і намеснік кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі партыі Леанід Скорабагаты.
У выніку падліку галасоў высветлілася, што са 103 бюлетэняў два былі прызнаныя несапраўднымі, за Скорабагатага прагаласавалі восем чалавек, за Дзмітрука — 25, за Рымашэўскага — 68. Такім чынам, апошні набраў больш за 50 працэнтаў галасоў дэлегатаў канферэнцыі і перамог у першым туры.
***
Віталь Рымашэўскі нарадзіўся ў 1975 годзе. Працуе вядучым эканамістам вядомай кампаніі «Беларусь капітал менеджмент» (Расія).
Адукацыя вышэйшая. Закончыў будаўнічы факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта па спецыяльнасці «Інжынер-будаўнік». Прафесійна займаецца палітыкай з 1996 года — тады ён стаў членам каардынацыйнае рады арганізацыі Беларускае аб`яднанне маладых палітыкаў. У 1999 годзе вучыўся ў Германіі на курсах вышэйшай школы дзяржкіравання ў інстытуце Саюз грамадскага кіравання, вывучаў эканамічнае і палітычнае ўстройства ФРГ. У 2005—2006 годзе — каардынатар перадвыбарнай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча па Фрунзенскім раёне Мінска.
Каментары