Брытанскі гатэль пад назвай Deep Sleep («Глыбокі сон») афіцыйна прызналі самым глыбокім у свеце. Турыстам прапануюць пераначаваць на глыбіні больш за 400 метраў пад зямлёй, піша выданне Daily Mail.
Гатэль адкрылі ў закінутай шахце віктарыянскай эпохі ў горным масіве Снаўдонія на глыбіні 1375 футаў, ці 419 метраў.
Месцаў у гатэлі няшмат. Забраніраваць можна ўсяго чатыры двухмесныя домікі і адзін каменны грот з двухспальным ложкам. Адпаведна начлег і нятанны: 350 фунтаў стэрлінгаў (440 даляраў) за домік або 550 фунтаў (691 даляр) за рамантычны грот. Прычым забраніраваць месцы можна толькі на адну ноч з суботы на нядзелю.
Яшчэ адзін нюанс — дарога ў незвычайны гатэль. Турыстам прапануюць спачатку здзейсніць 45-хвіліннае ўзыходжанне ў горы, а затым яшчэ гадзіну патраціць на падземны спуск па старадаўніх шахцёрскіх штрэках.
Алкаголь у гатэлі забаронены, а вось за сняданак і вячэру ўжо даплачваць не давядзецца — яны ўключаныя ў кошт.
Яшчэ адна асаблівасць падземнага гатэля ў тым, што ў ім халаднавата — усяго каля 10 градусаў па Цэльсію. Нумары, аднак, ацепленыя, да таго ж абсталяваныя туалетам, ёсць вада і электрычнасць, працуе Wi-Fi.
Каментары
і там прыгожа. у сэнсе - самі шахты. але маўклівая мэбля - гэта жах