Грамадства1919

Фізрук, «змагар» з 23.34, судзімы за крадзеж: дзе працуюць і як выглядаюць мужы топ-чыноўніц?

«Наша Ніва» расказвала чытачам, дзе працуюць і як выглядаюць жонкі беларускіх топ-чыноўнікаў. У большасці сваёй гэта непублічныя людзі, якія рэдка з’яўляюцца ў кадры. Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра топ-чыноўніц. Ці бачылі вы мужоў Наталлі Качанавай, Надзеі Ермаковай, Марыяны Шчоткінай? З дапамогай базаў «Белпола» паказваем, як выглядаюць абраннікі тых, хто вызначае жыццё краіны.

Чытайце таксама:

Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Першая частка

Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Частка другая

Леанід Качанаў — фізрук у вечаровай школе

Муж самай уплывовай жанчыны эпохі лукашэнкаўскага дэкадансу не здолеў даць рады ўніверсітэту — у базах няма запісаў аб вышэйшай адукацыі.

Амаль усё жыццё Леанід Качанаў адпрацаваў фізруком.

Спачатку ў Полацкім гандлёва-тэхналагічным каледжы, потым у дзіцячым лагеры «Лясная казка», потым — у вечаровай школе №1 Наваполацка. 

Калі ягоную абранніцу ў 2014-м з Наваполацка выцягнулі ў Мінск, у віцэ-прэм'еры, Леанід Качанаў атрымаў кар'ерны буст — яго прыстроілі ў грамадскае аб'яднанне «Беларускі саюз канькабежцаў».

У гэтай сінекуры муж Качанавай — «вядучы спецыяліст». 

Сяргей Шчоткін 

Калісьці Марыяна Шчоткіна была міністаркай працы, пасля віцэ-спікерам Савета Рэспублікі, а цяпер уладкавалася ў апарат Саюзнай дзяржавы.

Яе муж Сяргей паходзіць з тых жа краёў, што і яна, — з Мурманскай вобласці Расіі. Знаёмыя сям'і расказвалі, што Сяргей і Марыяна былі аднакласнікамі ў севераморскай школе.

Сяргей Шчоткін свае працоўныя гады правёў у прадстаўніцтвах расійскіх гандлёвых кампаній у Беларусі, займаўся продажамі прадукцыі МАЗ, МТЗ, МЗКТ і іншых заводаў. Ніякай займальнай інфармацыі пра яго ў базах няма.

Андрэй Касцевіч

Муж міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, Андрэй Касцевіч — асоба неардынарная.

Гэта топ-менеджар кампаніі ASBIS — вельмі паспяховага беларускага бізнэсу, які не абвінаваціш у набліжанасці да ўлады. 

З 1996-га Андрэй займае пасаду старшыні праўлення прадстаўніцтва «Асбіса» ў Беларусі. Саму кампанію на Кіпры зарэгістраваў брат Андрэя, Сяргей Касцевіч. 

«Асбіс» — гэта буйны дыстрыб'ютар камп'ютарнай тэхнікі, які працуе па ўсім свеце і мае ўласныя гандлёвыя маркі, напрыклад, Prestigio.

Муж лукашэнкаўскай міністаркі быў саўладальнікам і адным з галоўных спонсараў футбольных «Крумкачоў», а ягоны брат, які не жыве ў Беларусі, падпісваў у 2020-м зварот бізнэсменаў да лукашэнкаўцаў з патрабаваннем спыніць гвалт. 

Віктар Міцкевіч 

Муж кіраўніцы БЕЛТА і сенатаркі Ірыны Акуловіч, якая пачала мінскую кар'еру ў 2018-м з напісання даносу на Тут.бай. 

Пра свайго мужа яна расказвала, што той — карэнны мінчук, і для яго пераезд з жонкай з Магілёва ў Мінск — вяртанне дадому. 

Віктар Міцкевіч з 1994 па 2000 працаваў у міліцыі, апошняя пасада — старшы інспектар ДАІ. Звольнілі яго з міліцыі па артыкуле — за парушэнне дысцыпліны, — калі стала вядома, што ён «па змове з групай асоб учыніў крадзёж маёмасці» у адной з гандлёвых кампаній. 

Па прысудзе атрымаў тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Выправіўся, да калоніі не даехаў.

Пасля гэтага зрабіць кар'еру не атрымалася — працаваў у ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Магілёва, з пераездам у Мінск пайшоў кіроўцам у адну з лагістычных кампаній. 

Муж кіраўніцы БЕЛТА ёсць у базе «Беспарадкі». Віктар Міцкевіч затрымліваўся ў 2020-м па артыкуле 23.34. Сядзеў у ЦІП. 

Леанід Мядзведзеў

Муж кіраўніцы Белстата Інны Мядзведзевай. 

Працаваў на сярэдніх кіруючых пасадах на Мінскім падшыпнікавым заводзе да 2008-га. Пасля аказаўся ў «Белаэранавігацыі» на прыемнай пасадзе — начальнікам філіяла па аздараўленні.

Анатоль Любецкі 

Цяпер Святлана Любецкая ўзначальвае ў Палаце прадстаўнікоў камісію па заканадаўстве і беспаспяхова спрабуе вылезці з-пад санкцый цывілізаваных краін. Гэта яна спрабавала зразумець, як Аляксандр Лукашэнка бачыць Усебеларускі народны сход і фармулявала змены ў Канстытуцыю. А раней Любецкая працавала ў Вярхоўным судзе. 

Былы муж дэпутаткі Анатоль Любецкі разышоўся з ёй у 2007-м. Працаваў у Фондзе інвалідаў вайны Афганістана, цяпер кіруе невялікай СТА.

Дзмітрый Шабуня 

Муж суддзі Вікторыі Шабунні, якая пераламала ўжо тысячы лёсаў сумленных людзей, працуе ў «Мінскаптдругрэсурсах» — прадпрыемстве па зборы макулатуры і пластыкавых бутэлек.

У 2004-м Дзмітрый Шабуня, тады дырэктар «Мясапрамсэрвісу», быў асуджаны судом Мінскага раёна на 2 гады абмежавання волі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Пяць месяцаў правёў на хіміі, астатні час з'елі амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

І хоць многія нармальныя людзі не лічаць судзімасць па лініі ДФР, а асабліва «за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», судзімасцю (тым больш цяпер такога артыкула ў Крымінальным кодэксе няма, максімум можна атрымаць адміністратыўку), у сістэме з гэтым складана. 

Тое, што маючы судзімага мужа, Шабуня пралезла ў суддзі — рэдкасць. У нейкай форме гэтым можа тлумачыць яе безадмоўнасць у справе незаконнага знявольвання беларусаў. 

Міхаіл Цэдзік

Былы муж Лідзіі Ярмошынай. Усяго ў яе было два шлюбы, Цэдзік — другі. 

Ён развёўся з Ярмошынай у 2008. Ёй тады было 55. 

З 2003-га Цэдзік працаваў слесарам на тэрыторыі рэзідэнцыі «Дразды», заробак атрымліваў у Галоўным гаспадарчым упраўленні Кіраўніцтва справамі. А Ярмошына тады якраз жыла ў дамку ў Драздах.

Год іх шлюбу нам невядомы. І тут магчымыя два варыянты — ці то Ярмошына пазнаёмілася са слесарам, які абслугоўваў яе дом. Ці то дапамагла яму ўладкавацца на працы ў Дразды.

У 2019-м Цэдзік сышоў на пенсію, і ў гэты ж год памёр.

Пётр Ананіч

Муж збітай, як некалі меркавалася, лётчыцы Ліліі Ананіч, якая вылецела з пасады міністра інфармацыі па патрабаванні Наталлі Качанавай. Але перадвыбарчы год даў Ананіч шанец знайсці сябе ў парламенце.

Пётр Ананіч (на фота трэці злева) — навуковец, які пасля развалу СССР пачаў шукаць сябе ў бізнэсе і займацца дробнай камерцыяй. Паўсюль прагарэў, застаўся па вушы ў даўгах і, падобна, да пенсіі ездзіў зарабляць на вахты ў Расію.

Дзяніс Чамаданаў

Муж былой прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай. Цяпер яна галоўны ідэолаг Мінска.

Дзяніс Чамаданаў таксама афіцэр МУС. Пачаў працаваць у органах у 1998 годзе, аператыўнікам Кастрычніцкага РАУС Магілёва. З 2019 намеснік начальніка, начальнік другога ўпраўлення ГУБАЗіК па прадухіленні і раскрыцці злачынстваў, якія носяць замоўны ці арганізаваны характар.

***

У гэты спіс не ўвайшла яшчэ адна заўважная жанчына-чыноўніца. Ірына Дрыга да нядаўняга часу працавала намесніцай міністра культуры. У сферы культуры яна была ці не самай уплывовай асобай за ўсе часы незалежнасці. Яе воляй сотні сумленных людзей, беларусаў, былі звольненыя з працы ці не атрымалі прапановы. Сотні выбітных сцэнараў былі перакрэсленыя і выкінутыя ў сметніцу на карысць трэцяраднага смеццевага кіно, на якое і траціліся бюджэты. Дзясяткі знятых фільмаў ніколі не ўбачылі свет. Але пра мужа Ірыны Дрыгі няма чаго сказаць — яна ніколі не была замужам. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары19

  • Вася
    09.01.2024
    Здаецца, адны падабцаснікі. А, можа, як у маей колішнай кірау́ніцы цэху: цэлы дзень галосіць, працау́нікі не ведаюць, дзе схавацца, і тут прыязжае ейны гаспадар (у прамым сэнсе), і тая скача на цырлах, абы не збіу́ нау́прост у цэху за непрыгатаваны абед ці мала грошау́. Гаспадар нідзе не працавау́, бо жонка была кірау́ніцай цэху дзяржпрадпрыемства, то бок, крадзі сколькі здолееш.
  • Ад
    09.01.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Зося
    09.01.2024
    Нічога не вартыя мужыкі, адзін Міцкевіч адэкватны

88-гадовы экс-старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі расказаў, як яму жывецца ў Каліфорніі

88-гадовы экс-старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі расказаў, як яму жывецца ў Каліфорніі

Усе навіны →
Усе навіны

Спявачка і кампазітар Palina напісала музыку для паказу на Тыдні высокай моды ў Парыжы1

Заява трох партый, якія на выбарах у КР сумарна набралі 165 галасоў: Імітацыя палітычнай барацьбы — шлях да забыцця5

Беларускі добраахвотнік пракаментаваў сваё фота з ахоўнікам Лукашэнкі3

Туалетная папера разладу. Таксічныя адносіны беларускі з вечна незадаволенай маці шакуюць інтэрнэт18

У Польшчы ўкраінскі кіроўца аўтобуса схаваўся сярод пасажыраў, а на сваё месца хутка пасадзіў беларуса5

Рыжанкоў: Захад не дапускае, што хтосьці можа ўжыць такога роду сілу. А сілу такую можа ўжыць Расія. Мы разам з Расіяй27

15 гадзін спатрэбілася, каб сабраць збор для эвакуяванай сям’і Таццяны Крапіневіч, на якую данесла Бондарава7

Беларуса-эмігранта ўключылі ў экстрэмісцкае фарміраванне «Расія — гэта зло». А ён усё адно вярнуўся з Польшчы дадому3

У крамах Беларусі знікае газіроўка без цукру4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

88-гадовы экс-старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі расказаў, як яму жывецца ў Каліфорніі

88-гадовы экс-старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі расказаў, як яму жывецца ў Каліфорніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць