Галоўнага інжынера «Мілкавіты» будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»
25 студзеня ў Гомельскім абласным судзе пачнецца працэс над 46-гадовым Аляксандрам Стругальскім, які да затрымання працаваў галоўным інжынерам гомельскага ААТ «Мілкавіта». Яго абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці», піша «Гомельская вясна».
Аляксандр Стругальскі быў затрыманы ў кастрычніку 2022 года. Затрыманне ажыццяўляла Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. У праўладных тэлеграм-каналах пісалася, што ён «спрабаваў сарваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндума» і дасылаў грошы ў фонд дапамогі палітычным зняволеным BySol.
Крымінальная справа супраць Стругальскага вядзецца па артыкуле 361-2 Крымінальнага кодэкса — фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (у фармулёўцы да 26.05.2021). Судовае пасяджэнне пачнецца 25 студзеня ў 14 гадзін 30 хвілін, справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Багінскі.
ААТ «Мілкавіта» — найбуйнейшае ў Гомельскай вобласці прадпрыемства малочнай вытворчасці. Стругальскі працаваў галоўным інжынерам з чэрвеня 2019 года.
Каментары