Грамадства55

«Сілавікі і тыя адзін аднаго цураюцца». Экс-палітвязень расказаў, як пасля вызвалення жыве ў Беларусі

Пасля пратэстаў 2020-га прайшло амаль чатыры гады. За гэты час 45-гадовы Анатоль (імя суразмоўцы зменена ў мэтах бяспекі) трапіў у калонію, вызваліўся і ўжо некалькі гадоў жыве ў статусе экс-палітвязня. Вось толькі адбываецца ўсё гэта ўнутры Беларусі, дзе слова «палітычны» даўно стала таўром. Увесь час на волі мужчына спрабуе наладзіць сваё жыццё. Але прызнаецца, што з яго статусам гэта вельмі складана, а жыццё, хутчэй, можна назваць выжываннем. Маналог беларуса публікуе блог «Люди».

Фота ілюстрацыйнае

«Адзін за адным сочаць, адзін пра аднаго дакладваюць»

Да палітвязняў, якія выйшлі, жудаснае, проста нечалавечае стаўленне ў некаторых дзяржаўных структурах. Там, на зоне, супрацоўнікі нават неяк мякчэй сябе паводзілі. Можа, баяліся, што не дай бог памру. А калі вызваліўся — наогул нікому стаў не патрэбны.

У мяне была дапамога, яшчэ да зняволення, і вось я прыйшоў у сабес, каб атрымаць аднаразовую выплату за час у калоніі. Мне кажуць: «Там на мяжы мігранты, дапамога пайшла ім». Вось і ўсё.

Калі выйшаў, усё вакол аказалася зусім не падобным на Беларусь, якая была ў 2020-м. Стала мала радасці на тварах. Ідзе нейкае свята, і калі раней глядзіш — усе ўсміхаюцца, то цяпер такога і блізка няма. Адчуваецца атмасфера страху.

Разумееце, нават у сям'і многае адно ад аднаго хаваецца. Сядзіш з роднымі, нешта скажаш, дык адразу: «Ціха, ціха, не трэба вось гэта самае». Ну гэта ж жах, што дзеецца ў краіне.

Хочацца вярнуцца ў часы, калі ўсе мы былі адным цэлым, разам. Памятаю, у нас быў участковы (царства яму нябеснае), паводзіў сябе спакойна, яго ўсе паважалі, ніхто не баяўся. А што цяпер? Запалохалі народ. Сілавікі і тыя адзін аднаго цураюцца.

За апошнія гады на волі мяне яшчэ раз затрымлівалі. Дык паспеў паглядзець на іх у аддзеле: адзін за адным сочаць, адзін пра аднаго дакладваюць усё. Гэта нейкі слоік з павукамі.

А трапляў я за падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс. Калі выйшаў, быў нагляд. Сілавікі па некалькі разоў на тыдзень да мяне прыходзілі. Ды яшчэ самі часам выклікалі на нейкія гутаркі. Паводзілі сябе проста як гаспадары жыцця, заходзілі ў кватэру, патрабавалі тэлефон, тэлевізар правяралі. Маўляў, «калі нават у тэлевізары нешта будзе, забяром яго ў цябе». А я проста на іх глядзеў і смяяўся ўнутры. Таму што вырашыў, што не дам сябе зламаць.

У адну з такіх праверак у мяне выхапілі тэлефон. А там — «забаронены» тэлеграм-канал. Тады далі «суткі». Я прасіў на судзе, дайце штраф, у мяне праблемы са здароўем — суддзя проста пасмяялася.

У выніку з ізалятара некалькі разоў везлі на хуткай. Прывязуць у бальніцу, лекары зробяць укол, і адпраўляюць назад, даседжваць. Як быццам ім падабаецца здзекавацца з людзей.

«Пакуль жыву, але не вельмі разумею, што рабіць»

Цэны пастаянна мяняюцца, проста дзікія на ўсё. Я гляджу, што пішуць і па тэлевізары паказваюць, нібыта сярэдні заробак у Беларусі больш за 2000 рублёў. Але ўсе мае знаёмыя добра калі атрымліваюць тысячу.

600 рублёў — вось сярэдні заробак, як мне здаецца. Сам я не атрымліваю нават гэтага. Раней была пенсія па інваліднасці, а цяпер і яе няма — пасля аперацыі інваліднасць знялі.

Калі выйшаў, доўга не мог уладкавацца на працу. Нідзе не бралі. У адну кампанію нават прыйшоў на сумоўе (яна не дзяржаўная, камерцыйная) і шчыра сказаў: «Так, я былы палітвязень». І ўсё: «Прабач, хоць у цябе залатыя рукі, ты ўсё ўмееш, але як бы ні хацеў, не магу ўладкаваць». Добра яшчэ, што не здалі куды-небудзь.

Нейкі час падпрацоўваў, так бы мовіць, па людзях — умею і плітку класці, і з бетонам працаваць, тынкоўка, аздабленне. Вось так па кватэрах рамонт рабіў, неяк жыў. А потым была аперацыя, і ўсё — не магу больш падымаць цяжару, адразу дрэнна робіцца. Аднойчы так папрацаваў, а пасля праляжаў пяць дзён у бальніцы.

Працы няма, гляджу вакансіі ў інтэрнэце і разумею: на ўсё, што ёсць, мяне проста не возьмуць. Але жыць жа трэба, ежу купляць, лекі. Ужо забыўся, калі мог набыць усё тое, што мне выпісвалі лекары. Яны, вядома, дапамагаюць: нешта даюць самі або выпісваюць танней. Але з маім здароўем нават «танней» — гэта 550 рублёў. Адкуль у мяне такія грошы?

Раней дапамагалі сябры, якія з'ехалі, вельмі выбаўлялі. А цяпер ужо не ведаеш, ці можна. Усе гэтыя пераводы з-за мяжы раптам небяспечныя.

Пакуль жыву, але не вельмі разумею, што рабіць.

«Проста чалавечае стаўленне ўжо шмат значыць»

Вось дарэчы пра стаўленне. Бывае па-рознаму. У банку, напрыклад, праблем не было, аформіў картку, і ўсё. Да лекараў прыходжу — таксама дапамагчы спрабуюць, спачуваюць. А ў маім становішчы нават проста чалавечае стаўленне ўжо шмат значыць.

Я веру ў лепшае, як і ўсе беларусы. Калі б здаўся, дык ужо б даўно спіўся і памёр. Але цяпер усё больш думаю, што трэба спрабаваць адсюль з'язджаць, бо ў краіне немагчыма жыць. Усе, хто мог нешта змяніць, сядзяць. І ўяўляю, як з іх там здзекуюцца, як іх ламаюць. Пачынае здавацца, што актывістаў, якія сядзяць з 2020-га, наогул не будуць выпускаць.

Столькі маіх знаёмых перасаджалі, а за што? Ніякага парушэння закона не было. Але ў нас цяпер няма законаў, няма Канстытуцыі. Лайк паставілі — даюць тэрмін.

Шчыра скажу, не ведаю, чаго чакаю. Я б даўно ўжо пакінуў гэтую краіну. Проста каму я за мяжой патрэбны? Ведаю, што беларусам там вельмі цяжка і няпроста. Гэта чужая краіна, чужы менталітэт. І здароваму чалавеку складана вытрымаць, а я хворы ўвесь. Адзін дакладна не спраўлюся.

Сваю краіну вельмі люблю, але гэта не мая дзяржава. Мой дзед, дарэчы, ваяваў за Беларусь, адбіваў Гомель. Але ён жа не думаў, што праз столькі гадоў такое будзе. Ніхто не думаў.

Каментары5

  • Tsaim
    30.05.2024
    калі гэта не акупацыйны (гібрыдны) генацыд, то як па-іншаму гэта назваць?
  • Tsaim
    30.05.2024
    Калі гэта не акупацыйны (гібрыдны) генацыд, то як па-іншаму гэта назваць?
  • Хрыч
    30.05.2024
    Как это беларусам тяжело за границей?? Все знают,что там Европа,где все как сыр в масле катаются,и живут в свое удовольствие с полными карманами денег.А тут вон что...Очень подозрительный палитвязень...

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў4

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў

Усе навіны →
Усе навіны

Як здароўе ў Рыгора Кастусёва?2

Ці бяспечна быць «па-за палітыкай»? Гісторыя беларускі, якая ніколі не хадзіла на выбары5

«Падыход такі — патрыятызм». Чым падчас выбараў займаюцца настаўнікі, медыкі і адвакаты6

Успышка захворванняў на вірусны гепатыт А можа быць звязаная з імпартам прадуктаў з Афрыкі5

Пад Гомелем затрымалі фермера і блогера-правакатара Юрыя Ганцэвіча4

Блогер Пятрухін уладкаваўся ў Польшчы дастаўшчыкам ежы25

У Расіі затрымалі «турагентку» з Мінска, якая нібыта абдурыла дзясяткі беларусаў

Тэмпы датэрміновага галасавання нарастаюць: ужо 17,67%9

За два дні датэрміновага галасавання праз выбарчыя ўчасткі прагналі траціну супрацоўнікаў сістэмы МНС2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў4

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў

Галоўнае
Усе навіны →