Гісторыя22

Дзе стаяла капліца ў Мінску, у якой адбываліся першыя набажэнствы па-беларуску? У КДБ

Сярод месцаў, дзе пачынала ўжывацца беларуская мова ў храмах, найбольш вядомыя касцёл Святога Мікалая ў Вільні ды касцёл у Жодзішках пад Смаргонню, дзе ў 1920-я служыў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Але мала хто чуў, што ў 1918—1920 гадах і ў цэнтры Мінска была капліца, дзе кожную нядзелю збіраліся на малітву па-беларуску, піша Ян Рамэйка.

Капліца Таварыства дабрачыннасці ў Мінску, перыяд Першай сусветнай вайны. Фота: Museum Tomatorum/myvimu.com. Публікуецца з ласкавай згоды ўладальніка

Пытанне мовы ў рэлігійным жыцці ўздымалі беларускія дзеячы ад самага пачатку нацыянальнага адраджэння, яшчэ ў часы першай «Нашай Нівы». Першая сусветная вайна, Лютаўская рэвалюцыя ў Расійскай Імперыі і наступныя падзеі далі нашым дзеячам акно магчымасцяў, якім яны сталі актыўна карыстацца.

Створаны пасля Лютаўскай рэвалюцыі Беларускі нацыянальны камітэт у Мінску ўжо 12 красавіка 1917 года выдаў мемарыял да духоўных уладаў, які падпісалі Раман Скірмунт, Эдвард Будзька і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Там была просьба пра тое, каб духавенства пачало ўжываць родную мову ў касцёле і школе. Гэтыя ж пастулаты былі паўтораныя на з’ездзе беларускіх ксяндзоў 24—25 мая 1917 года ў мінскім катэдральным касцёле.

Катэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, пачатак ХХ ст. Фота Wikimedia Commons

Аднак, перш чым у Мінску адбылося першае беларускае каталіцкае набажэнства, прайшло яшчэ паўтара года і некалькі зменаў улады. Тое набажэнства адслужыў у Катэдры новапрызначаны мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі а 8-й гадзіне раніцы 6 снежня 1918 года. Імшу служыў сам біскуп па-лацінску (да 60-х гадоў ХХ стагоддзя лаціна была адзінай літургічнай мовай рыма-каталіцкага Касцёла), але падчас набажэнства беларускі хор спяваў старабеларускія рэлігійныя песні. Некаторыя парафіянкі спрабавалі заглушыць хор польскімі песнямі, але гэта ім не ўдалося. У канцы набажэнства біскуп прачытаў па-беларуску Евангелле і сказаў на беларускай мове казанне.

«Бабы-дэвоткі ажно разявілі вусны, пабачыўшы гэткае дзіва. Цэлая імша і казанне ўхапілі за душу не толькі беларусаў-каталікоў, але і беларусаў-праваслаўных. Усе мелі слёзы ў вачах», — пісала віленская газета «Беларуская думка».

Зыгмунт Лазінскі, біскуп мінскі ў 1918—1925, біскуп пінскі ў 1925—1932. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Праз чатыры дні, 10 снежня 1918 года, бальшавікі занялі Мінск. Біскуп Лазінскі ўцёк з горада і хаваўся, жывучы ў вёсцы інкогніта пад выглядам селяніна. Але, падобна, што перад сваімі ўцёкамі ён паспеў даць дазвол на рэгулярныя набажэнствы для беларусаў.

«Ад гэтай пары ў Менску, у капліцы Добрачыннасці, ад 11 да 12 г[адзіны] адбывалася набажэнства для Беларусаў, на якім заўсёды пяяліся беларускія рэлігійныя песні, была чытана Евангелія і казана навука па беларуску», — піша ксёндз Адам Станкевіч у выдадзенай у 1929 годзе працы «Родная мова ў святынях».

Ксёндз Станкевіч не падае адрасу гэтай капліцы. Відаць, для ягоных чытачоў, калі яны былі знаёмыя з Мінскам пачатку ХХ стагоддзя, лакалізацыя капліцы Дабрачыннасці не была загадкай. Цяпер жа гэтае месца нават не кожны гісторык ведае. Адказ на пытанне пра месцазнаходжанне капліцы можна знайсці ў старых публікацыях пра каталіцкае жыццё Мінска, але не толькі. Мінская газета «Беларусь» у №1 за 1 студзеня 1920 года надрукавала абвестку:

«Беларускае Набажэнства адбываецца сягоння ў Капліцы Дабрачыннасьці. Фэліцыянская (Багадзельная) вуліца №32».

Абвестка аб беларускім набажэнстве ў газеце «Беларусь», №1, 1920

Вуліца Феліцыянаўская ў Мінску цяпер называецца Камсамольская. Гістарычна вуліца называлася ў гонар святога Феліцыяна, хрысціянскага пакутніка ІІІ стагоддзя з італьянскай Умбрыі. У 1713 годзе труну з ягонымі рэліквіямі змясцілі ў касцёле айцоў езуітаў, цяперашняй Катэдры, а месцічы прызнавалі яго апекуном Мінска. Пасля разгрому паўстання 1863 года расійскія ўлады прыбіралі з гарадской тапанімікі назвы, звязаныя з каталіцтвам — і назву вуліцы Феліцыянаўскай замянілі на Багадзельную. У 1919 годзе частку гістарычных назваў вярнулі.

Святы Феліцыян, апякун Мінска. Гравюра XVIII ст.

«Богадельнями» ці «богоугодными заведениями» ў Расійскай Імперыі называлі шпіталі і прытулкі.

У 1811 годзе біскуп мінскі Ігнат Дадэрка заснаваў Таварыства дабрачыннасці. З 1840 года яно размясцілася пры Феліцыянаўскай. Таварыства мела ў сваім распараджэнні дзве камяніцы — трохпавярховую пры самай вуліцы і двухпавярховую ў падворку. У гэтых будынках Таварыства ўтрымлівала шпіталь, прытулкі для старых і сірот, сталоўку для бедных. Адно з памяшканняў было адведзена пад капліцу, дзе штодня служыў адзін з ксяндзоў мінскай катэдры.

Захаваліся некалькі фотаздымкаў капліцы Дабрачыннасці. Яна была невялікая памерамі, мела алтар з порцікам і калонамі ў стылі класіцызму, а паміж калон — вялікая фігура Маці Божай. Сцены былі размаляваныя фрэскамі, якія часткова нагадваюць роспісы Катэдры. Вось у гэтую каплічку і пусціў біскуп Лазінскі маліцца грамадку вернікаў-беларусаў. Але і гэта быў вялікі крок наперад, бо беларусы-каталікі ў Мінску нарэшце атрымалі свае набажэнствы. 

Капліца Таварыства дабрачыннасці ў Мінску, пачатак ХХ ст.

У 1918—1920 гадах беларускія набажэнствы ў капліцы Дабрачыннасці вёў ксёндз Фабіян Абрантовіч. Ён быў адным з самых адукаваных беларускіх ксяндзоў таго часу, быў доктарам тэалогіі і рэктарам мінскай семінарыі. Ксёндз Абрантовіч быў таксама кіраўніком беларускай Каталіцкай Дэмакратычнай Злучнасці — арганізацыі, якая згуртавала ў Мінску больш за 500 свецкіх вернікаў і займалася дабрачыннасцю, асветай і кааператыўным гандлем. Апошняе было важным для грамадства ва ўмовах вайны і цяжкасцяў з прадуктамі. Сябры «Злучнасці» збіраліся на супольную вячэру на Каляды і на сняданак на Вялікдзень.

«Дужа многа працуе тут на ніве роднай культуры, на ніве адраджэння Беларускага народу кс. др. праф. Ф. Абрантовіч, рэктар Менскай Каталіцкай Духоўнай Сэмінарыі. Гэты чалавек з беларускай шчырасцяй, з дзіўнай светласцяй і шырокасцяй розуму, з нязвычайна людской і добрай, шляхотнай душой, сапраўды можа быць названы першараднай сілай Беларускага народу і павадыром ягоным, якога працу ацаніць патрапіць толькі гісторыя», — пісала віленская газета «Krynica».

Фабіян Абрантовіч, рэктар каталіцкай семінарыі ў Мінску ў 1918—1919, душпастыр беларускамоўных каталікоў Мінска. Фота Wikimedia Commons

Акрамя ксяндза Абрантовіча, беларускія казанні ў капліцы Таварыства Дабрачыннасці часам прамаўляў ксёндз Андрэй Цікота, пазнейшы генерал ордэна марыянаў, а таксама ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, які служыў у Нясвіжы і час ад часу прыязджаў у Мінск. 14 снежня 1919 года ў капліцы прапаведаваў самы вядомы беларускі каталіцкі дзеяч, ксёндз Адам Станкевіч.

25 сакавіка 1920 года ў капліцы адбылося набажэнства з нагоды другой гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Як звычайна, казанне прамовіў ксёндз Абрантовіч, а хор спяваў беларускія рэлігійныя песні. Людзей на святочнае набажэнства прыйшло шмат. «Капліца не магла патоўпіць усіх беларусаў-каталікоў з розных беларускіх арганізацыяў. На набажэнстве былі таксама і дзеці-каталікі з беларускіх прытулкаў, на грудзях якіх красаваліся беларускія нацыянальныя значкі», — пісала віленская «Krynica» ў №9 за 1920 год.

Пячатка «Каталіцкай Дэмакратычнай Злучнасці ў Менску» — папярэдніцы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

«Krynica» ўзняла і патрэбу асобнага касцёла для беларусаў. «У Менску Беларусы-каталікі ўжо не тоўпяцца ў капліцы, у якой дагэтуль маліліся; яны дамагаюцца для сябе асобнага касцёла. Астаецца толькі пажадаць ім давесці да памыснага канца свае святыя дамаганні».

Калі ў ліпені 1920 года Мінск зноў занялі бальшавікі, не прайшло шмат часу да моманту, калі яны зачынілі Таварыства дабрачыннасці з яго капліцай. Ксёндз Абрантовіч нейкі час служыў беларускія набажэнствы ў Чырвоным касцёле.

Касцёл Святых Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску, пачатак ХХ стагоддзя. У кастрычніку 2022 года лукашэнкаўскія ўлады зачынілі Чырвоны касцёл. Фота: Wikimedia Commons

У вольны ад набажэнстваў час ксёндз Фабіян Абрантовіч адведваў паэта Янку Купалу, які зімой 1920—21 года правёў тры месяцы ў шпіталі пасля перытаніту і аперацыі. Купала пазней пісаў, што можа і не выжыў бы, калі б не апека ксяндза Абрантовіча. Але неўзабаве святар быў вымушаны пакінуць Мінск і перабрацца ў Навагрудак, дзе была часовая рэзідэнцыя біскупа Зыгмунта Лазінскага і дзе некалькі гадоў працавала семінарыя. Пазней ксёндз Абрантовіч уступіў у ордэн марыянаў, а ў верасні 1939 года яго арыштавалі Саветы. Ён памёр у маскоўскай турме «Бутырка» 2 студзеня 1946 года.

Месца, дзе былі дамкі Таварыства дабрачыннасці, цяпер частка комплексу будынкаў КДБ. На былой Феліцыянаўскай вісіць шыльда чэкісцкага клуба імя Дзяржынскага. Будынкі таварыства моцна пацярпелі ў час Другой сусветнай вайны. Але не выключана, што нейкія часткі сценаў і падмуркаў маглі захавацца і цяпер складаюць частку гэбісцкіх гмахаў.

Адрэзак вуліцы Феліцыянаўскай (Камсамольскай), дзе ў XIX — пачатку ХХ стагоддзя былі будынкі Таварыства дабрачыннасці. Цяпер там будынкі КДБ і клуб імя Фелікса Дзяржынскага, які належыць КДБ. Фота: Яндекс Панорамы

Месца, дзе беларусы ўпершыню маліліся па-беларуску, варта адзначыць мемарыяльнай шыльдай. Яго варта будзе ўключыць у экскурсійны маршрут па мясцінах БНР — бо менавіта дзякуючы актывізацыі нацыянальнага руху ў канцы Першай сусветнай вайны беларусам удалося дамагчыся набажэнстваў у роднай мове.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Imia
    21.07.2024
    Nie biełarusy-kataliki, a biełaruskamoŭnyja kataliki
  • Гирш Тарабакер
    21.07.2024
    Верните людям синагогу 🕍 Нашли, б-ть место, в театр ходить.

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп вышле студэнтаў, што падтрымалі напад ХАМАС на Ізраіль10

«Транзіт можа адбыцца толькі пад Колю». Латушка прапануе ўважліва сачыць за кар'ерай малодшага сына Лукашэнкі13

Жыхар Магілёва прадае 20-капеечную манету за 480 рублёў. У чым яе асаблівасць?2

Лідар групоўкі ХТШ Ахмед аль-Шараа абвешчаны часовым прэзідэнтам Сірыі1

У Вашынгтоне ўпаў пасажырскі самалёт, сутыкнуўшыся з верталётам. На борце былі 64 чалавекі1

У Лідзе вызначыліся, як будзе выглядаць помнік паэту Валянціну Таўлаю ФОТА2

Кіраўнік Еўрарады: Еўрасаюз гатовы абараняць тэрытарыяльную цэласнасць Даніі5

У Шуміліне за «экстрэмізм» будуць судзіць загадчыка хірургічнага аддзялення мясцовай бальніцы

Па сеціве паляцела навіна пра атаку дронаў на Мазырскі НПЗ. Гэта фэйк2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць