СТБ не пакажа заўтра матч мінскага «Дынама» ў Варшаве, на які беларусы сабраліся са сцягамі
Сустрэчы Лігі канферэнцый, на якую беларусаў заклікалі прыходзіць з нацыянальнай сімволікай, няма ў праграме канала.
У праграме перадач СТБ на 7 лістапада няма матча асноўнага раўнда Лігі канферэнцый паміж «Легіяй» і мінскім «Дынама».
Матч стартуе ў 20:45 па Мінску. На гэты час у эфіры СТБ запланаваны серыял «Неўскі. Праверка на трываласць» і дакументальны праект «Назад у СССР».
Пры гэтым СТБ паказваў папярэднія матчы мінскага «Дынама» ў асноўным раўндзе Лігі канферэнцый з «Хартсам» (1:2) і XIK (0:1). Аднак гульню з «Легіяй» вырашылі не трансляваць.
Фанацкая група мінскага «Дынама» раней заклікала беларусаў прыйсці на матч у Варшаве са сцягамі і іншай сімволікай.
«Гэты матч — найлепшая магчымасць нагадаць свету пра тое, што адбываецца з Беларуссю, у Беларусі. Аб'яўляецца агульны збор на гульню!
Купляйце квіткі на стадыён (на любы сектар, на любыя месцы), бярыце як мага больш сцягоў і атрыбутыкі нашых колераў», — гаварылася ў паведамленні фанацкага канала «Zrobleny ū Miensku».
На гульню ўжо прададзена больш за 22 тысячы білетаў.
Каментары