«Стрэліць з разабранага пісталета немагчыма». Belpol ацаніў версію пра гібель міліцыянераў у Віцебску падчас чысткі зброі
Аб'яднанне былых сілавікоў Belpol адразу па некалькіх прычынах абвергла версію пра тое, што гібель дваіх віцебскіх міліцыянераў магла адбыцца з-за выпадковага стрэлу падчас чысткі табельнай зброі. Пра гэта арганізацыя расказала ў сваёй аналітычнай запісцы, якую даслала выданню «Люстэрка».
Чыстка зброі звычайна праводзіцца без боепрыпасаў
«Чыстка зброі, як правіла, робіцца пасля яе прымянення альбо выкарыстання. На практыцы ж зброю чысцяць часцей за ўсё пасля вучэбных стрэльбаў. Аднак для ўдзелу ў стрэльбах зброя выдаецца без боепрыпасаў. На стрэльбах боепрыпасы выдае кіраўнік стрэльбаў на пункце баявога сілкавання непасрэдна перад выхадам на агнявы рубеж. Пасля правядзення стрэлаў і дакладзе аб заканчэнні стральбы падаецца каманда: «Зброя да агляду», і зброя аглядаецца кіраўніком стрэльбаў на наяўнасць патрона ў патронніку», — расказалі ў Belpol.
Там выключылі магчымасць таго, што пасля стрэльбаў у пісталеце супрацоўніка выпадкова застаўся патрон, якім мог быць зроблены выпадковы стрэл.
Часам чыстка зброі робіцца цэнтралізавана ў святле будучай праверкі або па капрызе начальніка, але і ў гэтым выпадку зброя зноў жа выдаецца для працэдуры без боепрыпасаў, дадалі ў арганізацыі.
Чыстка зброі праходзіць у спецыялізаваных памяшканнях
У Belpol падкрэслілі, што чыстка табельных пісталетаў робіцца ў пакоі прыёму/здачы зброі ў памяшканні аператыўна-дзяжурнай службы. Гэта абумоўлена як патрабаваннямі інструкцый, так і банальнай зручнасцю — менавіта ў гэтым памяшканні знаходзяцца анучкі для чысткі і аліва для змазвання.
«Аліва для зброі і выкарыстаныя анучкі маюць устойлівы, рэзкі непрыемны пах, таму супрацоўнікі не захоўваюць іх у сваіх кабінетах. Акрамя таго, пакоі прыёму/здачы зброі сканструяваныя такім чынам, што па перыметры сцен на ўзроўні грудзей размешчаныя навясныя паліцы, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку якраз для чысткі зброі», — адзначаюць былыя сілавікі.
Такім чынам, усе маніпуляцыі са зброяй супрацоўнік праводзіць стоячы тварам да сцяны — гэта правіла ўведзена менавіта для таго, каб выключыць стрэл у калегаў, якія знаходзяцца ў памяшканні.
Зброю для чысткі разбіраюць часткова
Найбольш важнай дэталлю Belpol называе тое, што чыстка зброі робіцца пры поўнай альбо частковай разборцы пісталета. Менавіта частковую разборку выкарыстоўвае пераважная большасць супрацоўнікаў, паколькі тэхнікай поўнай валодаюць лічаныя адзінкі.
«Пры выкананні частковай разборкі па парадку выконваюцца наступныя дзеянні: з пісталетнай рукаяткі дастаецца магазін (менавіта ў ім знаходзяцца патроны), пасля чаго выключаецца засцерагальнік і з мэтай праверкі на наяўнасць патрона ў патронніку затвор адводзіцца ў задняе становішча, далей ад рамы аддзяляецца затвор і са ствала здымаецца зваротная спружына», — апісалі працэс у арганізацыі.
Там падкрэслілі, што зрабіць стрэл з разабранага пісталета немагчыма.
«Нават калі дапусціць мізэрную верагоднасць таго, што стрэл адбыўся міжвольна пры аддзяленні затвора ад рамы, для здзяйснення наступнага суіцыду супрацоўніку, які знаходзіцца ў стане жудаснага стрэсу, неабходна было б спачатку назад сабраць пісталет, што выглядае вельмі малаверагодным», — адзначаюць у Belpol.
Такім чынам, мяркуюць у арганізацыі, версія пра гібель міліцыянераў у выніку няшчаснага выпадку пры чыстцы зброі нежыццяздольная. Замест гэтага Belpol лічыць, што прычынай гібелі магла стаць злачынная халатнасць пры абыходжанні са зброяй альбо наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека з наступным суіцыдам.
Здарэнне адбылося 9 студзеня ў адным з аддзяленняў міліцыі ў Віцебску. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі, паводле адной з версій, чысціў пісталет і выпадкова стрэліў у калегу, той загінуў на месцы.
Убачыўшы, што ён нарабіў, міліцыянт, які чысціў пісталет, застрэліўся. Загінулым было каля 20 гадоў.
Каментары