Беларускія велікодныя традыцыі
Яйкі-крашанкі, пірагі-паскі, супольны святочны абед — карані традыцый хаваюцца ў легендах.
13.04.2023 / 11:46
Велікодны пірог. Фота: Pixabay
У мінулую нядзелю, 9 красавіка, Вялікдзень святкавалі каталікі, у тым ліку беларускія ўніяты, а таксама пратэстанты і частка праваслаўных. У праваслаўных Рускай праваслаўнай царквы, Праваслаўнай царквы Украіны і ўкраінскіх уніятаў Вялікдзень будуць святкаваць у гэту нядзелю, 16 красавіка.
На свята ці на самым яго пачатку людзі неслі асвячаць у царкву самыя велікодныя скаромныя стравы: пірагі, мяса, сала, сыр, а таксама соль і ў першую чаргу, вядома, яйкі, пафарбаваныя ў цыбульніку ці кары дрэваў, што надавала ім чырвоны колер (былі і «пісанкі» — яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі). Старыя раілі яйка перад асвячэннем аблупіць, каб святасць лепш «прайшла ў яго».
Субота — вялікая, чырвоная, апошні дзень перад Вялікаднем. У суботу фарбуюць яйкі, пякуць пірагі. У храмах свенцяць пафарбаваныя яйкі, пірагі і іншую ежу. Многія не спяць усю ноч: ідуць у царкву ці касцёл на ўсяночную.
У першы велікодны дзень не паляць у печы. Стол засцілаюць бялюткім абрусам. На стол ставяць «асвячонае» — яйкі, соль, пірагі, вяндліну. «Разгаўляцца» пачынаюць са свянцонага яйка: яго дзеляць па кавалку на ўсю сям’ю.
Стол, за якім збіраецца ўся сям’я, шчодра накрыты разнастайнымі стравамі.
Перад пачаткам снядання чытаўся ўрывак са Святога Пісьма, потым усе разам чыталі малітвы «Ойча наш» і «Слава Айцу», пасля чаго елі асвячонае яйка.
Хрышчоным дзецям хрышчоныя бацькі на Вялікдзень дораць «валачобныя» гасцінцы.
Характэрная адметнасць менавіта беларускага фальклору — валачобныя песні. Звычай абыходзіць двары на Вялікдзень мае вельмі старажытныя карані. Лічылі, што абыход двароў валачобнікамі — хлапчукамі і дзяўчаткамі — прыносіць супольнасці еднасць, а з ёй — і ўдачу. Падыходзячы пад акно, валачобнікі спявалі песні, у якіх усхвалялі гаспадара, гаспадыню, іх сыноў і дачок. Гаспадары, да якіх прыходзілі валачобнікі, шчодра дзяліліся з імі рознымі прысмакамі.
На Вялікдзень асаблівым чынам назіралі за сонцам,
бо лічылася, што ў ім можна ўбачыць уваскрэслага Хрыста. Людзі казалі таксама, што сонца ў гэты дзень «скача з радасці».
Самая любімая гульня на Вялікдзень — біткі.
Стукаліся святочнымі яйкамі, і пераможцам аказваўся той, у каго яно заставалася цэлае («мацак»). Некаторыя шчасліўцы выйгравалі ажно поўную шапку чырвоных яек. Знаходзіліся і жартаўнікі, якія замест яек падстаўлялі пафарбаваны камень круглай формы і такім вясёлым падманам здабывалі перамогу.
Чытайце яшчэ:
Як фарбаваць велікодныя яйкі: вялікі гайд
Да велікоднага стала. Робім пасху: 4 рэцэпты, якія абавязкова атрымаюцца
Чаму католікі і праваслаўныя святкуюць Вялікдзень у розны час. І розніца можа складаць нават месяц?