Да велікоднага стала. Робім пасху: 4 рэцэпты, якія абавязкова атрымаюцца
Тварожная пасха — страва, якую робяць на Вялікдзень рускія, украінцы і палякі, беларусы таксама не адмаўляюцца ад гэтага смакоцця. Каб яе прыгатаваць, трэба патраціць шмат часу — але вынік усё апраўдвае! Прапануем чатыры варыянты пасхаў для вашага стала.
Царская тварожная пасха
- 500 грамаў тварагу,
- 3-4 яечныя жаўткі (або 2-3 яйкі),
- 200 грамаў смятаны,
- 100 грамаў масла пакаёвай тэмпературы,
- 100 грамаў цукру,
- чайная лыжка ванільнага цукру або ванільнага экстракту,
- 80 грамаў разынак,
- 50 грамаў арэхаў (пялёсткі міндалю або дробны ачышчаны міндаль, фундук, кеш’ю і інш.).
- Прамыйце разынкі, заліце іх кіпнем і пакіньце на 20 хвілін. Зліце ваду і абсушыце разынкі на папяровым ручніку.
- Пратрыце тварог праз сіта (можна двойчы прапусціць яго праз мясарубку або працерці блэндарам).
- Дадайце да тварагу жаўткі (або яйкі), смятану, цукар, ванільны цукар або экстракт. Добра перамяшайце. Дадайце нарэзанае кубікамі масла і ўзбівайце сумесь міксерам, пакуль маса не стане пышнай і аднастайнай.
- Пакладзіце масу ў каструлю з тоўстымі сценкамі. Пастаўце на невялікі агонь і варыце масу, пастаянна яе памешваючы, да першых бурбалак — то бок да закіпання.
- Дадайце ў масу разынкі і арэхі, перамяшайце.
- Засцяліце пасачніцу або форму для выпечкі марляй, складзенай у некалькі слаёў, і пакладзіце ў форму тварожную масу. Накрыйце верх будучай пасхі краямі тканіны і пастаўце яе на ноч пад гнётам у халадзільнік (гнётам можа быць банка або каструля з вадой).
- Раніцай асцярожна дастаньце пасху з формы і ўпрыгожце яе па жаданні.
Пасха з сырам «Філадэльфія»
- 800 грамаў сыру «Філадэльфія»,
- 15 яек,
- 200 грамаў цукру,
- 100 грамаў міндальных пялёсткаў,
- 150 мілілітраў вяршкоў 36% тлустасці,
- ваніль — на смак.
- Пратрыце сыр праз сіта.
- Узбейце яйкі з цукрам (як на бісквіт), дадаём сыр, трохі абсмажаныя міндальныя пялёсткі, вяршкі і ваніль. Узбейце масу да аднароднай кансістэнцыі.
- Выкладзіце паліэтыленам форму з глыбокім дном і пакладзіце туды масу. Пастаўце форму на бляху з вадой і выпякайце пасху ў духоўцы пры тэмпературы 180-200 градусаў на працягу гадзіны. Гатовая пасха павінна мець светла-аранжавы колер і лёгка адыходзіць ад краёў формы.
- Калі пасха гатовая, дастаньце яе з духоўкі і пакіньце ў форме, каб яна астыла.
Пасха з мармеладам
- 10 яек,
- 800 мілілітраў смятаны,
- літр вяршкоў не менш чым 30% тлустасці,
- 200 грамаў цукру,
- ваніль, мармелад, разынкі — на смак.
- Змяшайце яйкі са смятанай, дадайце вяршкі і ўсё добра перамяшайце. Можна выкарыстоўваць міксер, каб атрымаць аднародную сумесь.
- Пастаўце сумесь на агонь і варыце, перамешчаювы ўвесь час, пакуль не аддзеліцца сыроватка.
- Выкладзіце масу ў сурвэтку і памясціце яе ў прахалоднае месца, пакуль не сцячэ сыроватка.
- Перакладзіце масу ў блюда, разатрыце яе ў аднародную масу, дадайце цукар і ваніль, перамяшайце і пакладзіце сумесь у пасачніцу (яе бакі трэба засцяліць марляй). Пастаўце пасачніцу на талерку, каб было куды сцякаць сыроватцы, і памясціце будучую пасху ў халадзільнік на два-тры дні.
- Непасрэдна перад сервіроўкай пераварочваем пасху на блюда, прыбіраем тканіну.
Шакаладная пасха
- 500 грамаў кісламалочнага сыру,
- 100 грамаў смятаны,
- 50 грамаў масла,
- 60 грамаў шакаладу,
- 50 грамаў цукровай пудры.
- Пратрыце сыр (свежы, сухі, аднастайнай кансістэнцыі) праз сіта, дадайце смятану. Перамяшайце.
- Нарэжце размякчанае масла на невялікія кавалкі, дадайце сырную масу, добра перамяшайце.
- Натрыце шакалад на дробнай тарцы і змяшайце з цукровай пудрай. Дадайце ў сырную масу, перамяшайце.
- Абпырскайце вадой пасачніцу, засцяліце яе марляй так, каб канцы марлі звісалі, і выкладзіце ў пасачніцу сырную масу.
- Накрыйце масу канцамі марлі, пастаўце пасху пад гнёт і пакіньце на 20 гадзін. На гэты час пакіньце пасачніцу на талерцы, каб было куды сцякаць сыроватцы.
- Асцярожна дастаньце гатовую пасху, прыбярыце марлю і выкладзіце пасху на блюда. Упрыгожце яе мармеладам або цукатамі.
Каментары