Іван Наскевіч напісаў кандыдацкую дысертацыю, у якой абгрунтоўвае мэтазгоднасць існавання Следчага камітэта
24.02.2021 / 15:43
На сайце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі з'явіўся аўтарэферат кандыдацкай работы старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча.
Іван Наскевіч
Работа называецца «Следчы Камітэт Рэспублікі Беларусь як суб'ект рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ў сістэме органаў папярэдняга следства: адміністратыўна-прававыя аспекты».
Навуковы кіраўнік — суддзя Канстытуцыйнага суда Леанід Рабцаў.
Адной з цэнтральных думак дысертацыі з'яўляецца даказванне суб'ектнасці Следчага камітэта ў сістэме іншых сілавых органаў.
Некаторыя раздзелы называюцца так: «Дзяржаўная кадравая палітыка і суб'екты яе рэалізацыі», «Прававое становішча Следчага камітэта як суб'екта, які рэалізуе дзяржаўную кадравую палітыку ў сістэме органаў папярэдняга следства».
Апроч іншага, Наскевіч робіць выснову, што «СК як суб'ект, які рэалізуе дзяржаўную кадравую палітыку […] — гэта адзіны і цэнтралізаваны дзяржаўны праваахоўны орган, які рэалізуе гэту палітыку шляхам падбору, растаноўкі, падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і ідэалагічнага выхавання супрацоўнікаў […]».
Абарона дысертацыі пройдзе 31 сакавіка, а 14-й гадзіне ў БДУ, па адрасе Ленінградская, 8, аўдыторыя 407. Прыйсці на яе можа любы ахвотны.
У юрыдычных колах ацэньваюць работу старшыні СК як дзейнасць у кірунку захавання маналітнасці сваёй арганізацыі.
Ужо некалькі месяцаў як існуюць чуткі, што існаванне Следчага камітэта ў цяперашнім выглядзе пад пагрозай, маўляў: Міністэрства ўнутраных спраў хоча самастойна расследаваць злачынствы, якія ўваходзяць у раздзел 27 Крымінальнага кодэкса (злачынствы супраць грамадскай бяспекі) і прапануе «адрэзаць» ад СК частку супрацоўнікаў пад гэтыя мэты з пераводам іх у штат МУС.
Тое ж самае можа адбыцца і са спецыялістамі па эканоміцы, бо ДФР таксама хацеў бы расследаваць эканоміку самастойна. Таму лёс СК выглядае туманна, а Наскевіч, маўляў, дзейнічае на карысць захавання структуры.