Цераблічы: рэпартаж з радзімы новага кіраўніка Следчага камітэта і расповед пра ягоную сям'ю ФОТЫ
«Можна вас павіншаваць з навіной?» — пытаемся ў Надзеі Наскевіч. Тыдзень таму яе сын Іван стаў старшынёй Следчага камітэта.
Жанчына ведае аб прызначэнні, але яе душу больш грэе той факт, што два тыдні таму ў сям’і Івана нарадзілася чацвёртае дзіця — дачку назвалі Марыяй.
Бацькі галоўнага следчага краіны называюцца па-просту: баба Надзя і дзед Даніла. Род Наскевічаў жыве ў вёсцы ўжо даўно.
«Я ж не ўмею ні па-руску, ні па-беларуску… Буду па-свойму гаварыць», — папярэджвае баба Надзя і пачынае прамаўляць на ідэальна прыгожай беларускай мове.
«Не люблю я Мінск. Далёка! Дый Брэст далёка. Я за чатыры гады там адзін раз была, а муж дык ні разу. Я ж не хацела, каб Іван з Пінска з'язджаў, — прызнаецца яна і смяецца: — Але хто ж мяне слухае?» Адчуваецца, што высокім прызначэннем сына яна ганарыцца.
Вёска пад радыяцыяй
У госці да бацькоў Наскевіча мы прыехалі ў Столінскі раён. Вёска Цераблічы вялікая, больш чым на 1000 жыхароў.
Гэта стартавы пункт для ахвотнікаў вандраваць па непралазных Альманскіх балотах, найбуйнейшых у Еўропе. На яго тэрыторыі савецкая ўлада пабудавала Мерлінскі авіяцыйны палігон. Многія навукоўцы мяркуюць, што менавіта тады адбылося першае радыеактыўнае забруджванне гэтай тэрыторыі, і Століншчына ўжо тады стала пазначацца на еўрапейскіх картах як радыяцыйная зона. А вось мясцовыя жыхары даведаліся пра радыяцыю толькі пасля Чарнобыля.
Бацькі Наскевіч ўспамінаюць, што доўгі час яны атрымлівалі прыбаўку да пенсіі. «Але як правялі нам газ, то знялі радыяцыйны статус. Цяпер ужо нічога не даплачваюць», — кажа бацька галоўнага следчага Даніла Наскевіч.
Тры сыны
У сям’і Наскевічаў раслі трое хлопцаў. Іван — старэйшы сярод братоў. Васіль на два гады маладзейшы за яго. Ён узначальвае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі ў столінскай бальніцы. Ну, а самы меншы, Сяргей, вывучыўся на ветэрынара і цяпер жыве ў Пінску.
Баба Надзя кажа, што нават не здагадваецца, чаму старэйшы сын пайшоў у юрысты. «Бабы і дзяды былі непісьменныя. Я на ферме, а гаспадар на трактары, вось і ўсё», — кажа яна.
Затое сыны навучыліся чытаць яшчэ да школы. «Мой брат Коля быў на 9 гадоў старэйшым за Івана, — расказвае Надзея Наскевіч. — Я хадзіла на працу на поле, а ён дзяцей няньчыў, вось іх і навучыў».
Праз нейкі час эстафета «нянькі» перайшла да Івана з Васілём. Дэкрэтныя адпачынкі тады былі кароткія, таму бацькі пакідалі на іх малодшага брата. «Давярала на іх на дзень і дзіця, а яшчэ скаціну пакарміць», — кажа маці. Гаспадарка Наскевічаў была даволі вялікая: тры свінні, карова, гусі і куры.
Народны майстар Супрунчык
У расповедах пра дзяцінства Івана Наскевіча абавязкова ўзгадваецца асоба Івана Супрунчыка. Ягоны музей — галоўная славутасць Цераблічаў.
Мясцовы краязнаўца сабраў па хатах сотні прадметаў вясковага побыту, ёсць сярод экспанатаў і дзежка прадзеда Наскевіча.
Другая палова экспазіцыі — карціны і драўляныя скульптуры Супрунчыка. Стваральнік музея не адстае ад часу, летась ён высек з бервяна твар Дар’і Домрачавай, а сёлета дадалася новая кампазіцыя, прысвечаная змаганню з «Ісламскай дзяржавай».
У часы дзяцінства Наскевіча Супрунчык быў бібліятэкарам і адыграў істотную ролю ў фарміраванні яго як асобы.
«Гэта мой найлепшы чытач быў! — узгадвае Іван Піліпавіч. — Раней кнігі адпраўлялі з Брэста і Мінска вялікімі пасылкамі, па некалькі сотняў у кожнай. Іван з Васілём заўсёды прыходзілі да мяне з пытаннем: калі новыя кнігі прывязуць? Трэ’ было адкрываць кожную на першай і сямнаццатай старонках і ставіць бібліятэчны штамп».
За гэтую дапамогу браты Наскевічы атрымлівалі права прыярытэтнага выбару кніг. «Перачытвалі літаральна ўсё, былі эрудзіраваныя. Зачытваліся і Аляксандрам Дзюма, і Талстым, і Янкам Купалам з Якубам Коласам», — расказвае Супрунчык.
Для вясковай сям’і такое захапленне дзяцей выглядала нязвыклым. «Сварылася на іх, што зрок пасадзяць! Васіль дык на печ хаваўся з кніжкай, каб я не дастала», — смеючыся узгадвае маці.
Першы блін комам
У Цераблічах доўгі час была простая драўляная школа, у якой і вучыліся браты. Гэта ўсяго некалькі гадоў таму дабудавалі цагляны двухпавярховік, у якім памясціліся і яслі, і садок, і школа.
У Церабліцкай школе Іван атрымаў залаты медаль і рушыў скараць сталіцу.
Ці не адгаворвалі яго паступаць на юрыдычны? «Дык ён і не пытаўся нікога. На юрыста — і ўсё», — узгадваюць бацькі.
Спроба прабіцца на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта аказалася няўдалай. Іван атрымаў па гісторыі чацвёрку, што не пакідала шанцаў на паступленне. Конкурс тады быў дзесяць чалавек на месца!
На астатнія іспыты Іван не пайшоў. Хлопец вярнуўся дадому і ўладкаваўся ў калгас.
Германія замест Афганістана
Неўзабаве прыйшла позва ў войска. Родныя баяліся, што Івана забяруць служыць у Афганістан, аднак яму пашанцавала. Прызыўніка рыхтавалі адправіць на Усход, аднак вясной 1988 года было прынята рашэнне пра вывад савецкага кантынгенту.
У выніку Іван апынуўся не абы-дзе, а ў Берліне, яшчэ падзеленым сцяной.
Пасля дэмабілізацыі Наскевіч атрымаў у Брэсцкай абласной пракуратуры накіраванне на вучобу па спецыяльнасці «правазнаўства» ў Харкаўскі юрыдычны інстытут (цяпер Нацыянальны юрыдычны ўніверсітэт імя Яраслава Мудрага), за тысячу кіламетраў ад дому.
«Іван паступіў у Харкаў, а Васіль — на медыцынскі ў Гродна. У савецкі час у нас былі ашчаджэнні, на кніжцы, але ўсё згарэла. Як сыны прыязджалі ў бацькоўскі дом па адным, дык было трошкі прасцей. А калі абодва прыедуць ды паставяць пустыя сумкі з пустымі кашалькамі…» — расказвае маці Івана Наскевіча пра пачатак 1990-х.
Тым часам разваліўся Савецкі Саюз. «Я прасіла Івана, каб перавёўся на завочнае, але ён не захацеў, — узгадвае яна. — Сказаў, як-небудзь пратрымаемся, а калі вывучымся, будзем вам грошы даваць».
Пачатак кар’еры ў Пінску
Вярнуўшыся на радзіму, Наскевіч уладкаваўся ў пінскую пракуратуру, спачатку стажорам. Першай раскрытай справай стаў крадзеж бляшанкі фарбы, другой — бойка хулігана з міліцыянтам. Праз тры месяцы яму ўжо даручылі расследаваць складанае злачынства.
Цікава, што пасля вяртання з Украіны беларускага грамадзянства ў Івана не было. «Цэнз аседласці для атрымання грамадзянства — 7 гадоў. На шчасце, стаць грамадзянінам Беларусі дапамаглі калегі — праз паўгода атрымаў новы пашпарт», — узгадваў ён у інтэрв’ю.
У 1997 годзе ў жыцці Наскевіча адбыліся змены па ўсіх франтах. Па-першае, на яго ўсклалі абавязкі следчага па асабліва важных справах Брэсцкай пракуратуры. Ну а па-другое, малады юрыст знайшоў сабе нявесту.
Вялікая сям’я Наскевічаў
«Наша Ніва» ўжо апісвала рамантычна-крымінальную гісторыю знаёмства Івана Наскевіча з будучай жонкай.
Нагадаем, у жніўні 1997 года ў Пінску насупраць аптэкі на вуліцы Першамайскай знайшлі труп мужчыны. Малады следчы апытваў дзяўчыну-правізара, якая была сведкай злачынства. На наступны дзень ён выклікаў Ірыну ў пракуратуру позвай, а неўзабаве запрасіў і на спатканне. Праз паўгода Іван і Ірына пабраліся шлюбам.
Бацькі нявесты зрабілі маладым дарагі падарунак — кватэру. Рамонт, праўда, давялося рабіць самастойна.
Неўзабаве ў сям’і нарадзілася дачка Альбіна. Дзяўчына скончыла школу ў Пінску і паступіла ў Брэсцкі абласны ліцэй імя Пятра Машэрава. На яе рахунку ўдзел у абласных алімпіядах па геаграфіі і англійскай мове, а таксама залаты медаль у ліцэі.
Па праграме «Расійскага супрацоўніцтва» Альбіна сёлета была рэкамендаваная для залічэння ў Расійскі ўніверсітэт дружбы народаў. Па гэтай праграме штогод набіраюць каля 20 беларусаў для навучання за кошт расійскага бюджэту. Аднак дачка Наскевіча ўсё ж вырашыла паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт англійскай мовы.
Сын Даніла цяпер вучыцца ў 10 класе таго ж брэсцкага ліцэя, які скончыла сястра.
Меншы сын чыноўніка пакуль пяцікласнік, а дачцэ Марыі толькі некалькі тыдняў.
Іван Наскевіч — праваслаўны, але дзяцей у сям’і хрысцілі ў славутым свёнтакаўскім пінскім касцёле па веры маці.
Дзякуючы шматдзетнай сям’і, Наскевіч трапіў у лік чыноўнікаў-рэкардсменаў. З палітычных эліт па чацвёра дзяцей маюць Сяргей Румас, Віктар Лукашэнка і Надзея Каткавец, а вось у сям’і Ігара Рачкоўскага іх нават пяцёра.
Дом у пінскіх Драздах
Стаўшы шматдзетнай сям’ёй, Наскевічы атрымалі права на льготны крэдыт. У 2006 годзе ім выдзелілі 12 сотак зямлі ў Жылгарадку. Чытачам не з Пінска гэты тапонім не скажа нічога, але мясцовыя ведаюць Жылгарадок як аналаг мінскіх Драздоў.
Як і ў сталіцы, тут перасякаюцца інтарэсы ўлады і бізнэсу. Напрыклад, найбліжэйшы сусед Наскевіча — Міхаіл Самалазаў, першы намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама. А праз дарогу жыве самы багаты пінчук — як кажа пагалоска, мільянер — Віктар Лемяшэўскі, які валодае адразу двума элітнымі ўчасткамі.
На фоне катэджа бізнэсмена аднапавярховы цагляны дом Наскевіча выглядае сціплым. Яго плошча — усяго каля 150 м2.
На будаўніцтва дома сям’я брала рублёвы льготны крэдыт памерам каля $10 тысяч у эквіваленце.
Пераезд у абласны цэнтр
Пакуль ішла будоўля, Наскевіч паспеў узняцца да пасады пракурора Пінскага раёна (тады яна яшчэ існавала асобна ад гарадской).
Аднак жыць у сваім доме сям’і давялося нядоўга. Летам 2012 года брэсцкага абласнога пракурора Сяргея Хмарука перавялі на аналагічную пасаду ў Мінску, а на вызваленае месца паклікалі Наскевіча.
Захад Беларусі не такі крыміналізаваны як усход, што суседнічае з Расіяй. Напрыклад, летась на Брэстчыне на 100 тысяч чалавек было зарэгістравана 836 злачынстваў, а на Міншчыне і Гомельшчыне лічба перавышае 1000 злачынстваў.
Стаўленне да смяротнага пакарання
Адно з прынцыповых пытанняў, па якім няма паразумення паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, — смяротнае пакаранне.
«Асабіста я за тое, каб найвышэйшая мера засталася як стрымліваючы фактар. Магчыма, праз нейкі час мы прыйдзем да таго, што яе трэба будзе скасаваць. Але пакуль яна апраўданая, у выключных выпадках», — казаў Наскевіч некалькі гадоў таму.
Аднак на справе за часы ягонага кіраўніцтва брэсцкай пракуратурай не было вынесена ніводнага расстрэльнага прысуду.
Напрыклад, некалькі месяцаў таму жыхара Брэста за жорсткае забойства брата і яго жонкі пасадзілі на 24 гады. У іншых рэгіёнах Беларусі за такія злачынствы часцяком прысуджаюць да смерці.
Барацьбіт са спайсамі
Наскевіч выдатна праявіў сябе ў барацьбе з курыльнымі сумесямі. Ён першым з абласных пракурораў выступіў за поўную забарону гэтага віду наркотыкаў. Калі абвастрылася сітуацыя ў Баранавічах, крымінальныя справы супраць распаўсюднікаў наркотыкаў заводзіліся дзясяткамі.
Іншым прыкладам ягонай прынцыповасці стала справа былога галоўнага рэдактара «Вечернего Бреста». У інтэрнэце апублікавалі яго перапіску з непаўналетнім, аднак Следчы камітэт не стаў заводзіць крымінальную справу. Тады пракуратура настаяла на тым, каб адмяніць рашэнне і пачаць дадатковую праверку.
* * *
Чым займаецца Следчы камітэт?
У 2011 годзе функцыі следчага апарата пракуратуры і падраздзяленняў папярэдняга расследавання МУС і КДК перадалі новай структуры — Следчаму камітэту, які падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту.
Цяпер абсалютную большасць крымінальных спраў расследуюць менавіта ў Следчым камітэце.
Першым старшынёй структуры стаў Валеры Вакульчык (цяпер старшыня КДБ). Ягоным наступнікам быў экс-пракурор Валянцін Шаеў, адпраўлены ў адстаўку «па згодзе бакоў» у пачатку лістапада.
* * *
Іван Наскевіч
Нарадзіўся 25 сакавіка 1970 у вёсцы Цераблічы Столінскага раёна. Скончыў Украінскую дзяржаўную юрыдычную акадэмію (1995) па спецыяльнасці «правазнаўства», Палескі дзяржаўны ўніверсітэт (2006) па спецыяльнасці «эканаміст», вучыцца ў Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «дзяржаўнае будаўніцтва».
У 1995—2015 працаваў у органах пракуратуры. У 2007—2012 — пракурор Пінскага раёна, у 2012—2015 — пракурор Брэсцкай вобласці.
З лістапада 2015-га — старшыня Следчага камітэта.
Жанаты, мае чацвярых дзяцей.
Каментары