Вось чаму карысна есці яйкі ўкрутую

Яечны жаўток — сапраўдная крыніца карысных рэчываў. У ім можна знайсці вітаміны групы В, а таксама вітаміны A, D, E і K. Менавіта адзін з іх робіць яйкі, асабліва вараныя ўкрутую, такімі карыснымі.

25.07.2022 / 17:09

Фота: pixabay.com

У складзе яек ёсць шмат карысных рэчываў. Напрыклад, лютэін і зеаксанцін спрыяюць здароўю вачэй і спаленню тлушчу, піша onet.pl.

Але адзін з элементаў яйка — жаўток — таксама вельмі добра ўплывае на здароўе мозга. Усё гэта дзякуючы наяўнасці ў жаўтку халіну, ці, інакш кажучы, вітаміну В4.

Халін з’яўляецца вельмі важным кампанентам ў сінтэзе нейратрансмітэра ацэцілхаліну — рэчыва, якое адказвае ў тым ліку і за наш настрой, памяць, працу мускулаў і іншыя функцыі нервовай сістэмы. Халін таксама дапамагае выдаляць шкодны халестэрын ЛПНП з арганізма і стымулюе перыстальтыку кішэчніка. Дастатковы ўзровень халіну ў арганізме вельмі важны для цяжарных жанчын. У асноўным гэта звязана з тым, што гэтае рэчыва ўплывае на засваенне арганізмам фоліевай кіслаты.

Такім чынам, халін — гэта важнае рэчыва, але ж людзі не заўсёды атрымліваюць яго ў дастатковай колькасці. У сваю чаргу, дэфіцыт халіну можа весці да парушэнняў у працы сэрца, печані і нервовай сістэмы, а таксама, верагодна, да накаплення ў арганізме шкоднага халестэрыну ЛПНП.

Па даных Нацыянальных інстытутаў здароўя (ЗША), адно вялікае яйка, зваранае ўкрутую, змяшчае 147 міліграмаў халіну, і з’яўляецца другой па велічыні крыніцай гэтага рэчыва пасля ялавічнай печані. Іх спажыванне можа дапамагчы не адставаць ад штодзённай нормы халіну: для мужчын яна складае каля 402 міліграмаў рэчыва ў дзень, для жанчын — каля 278 міліграмаў.

Выкідаеце «хвосцікі» ад вішань і чарэшань? Вы больш не будзеце так рабіць

Адкуль на шакаладзе бярэцца белы налёт і што ён азначае?

Nashaniva.com