Як зварыць ідэальны рыс? Некалькі лайфхакаў
Здаецца, нічога цяжкага ў гэтым няма, так жа? Але і такую простую страву можна зрабіць смачнейшай.
14.09.2022 / 12:07
Фота: pixabay.com
Калі гатуеш рыс, першае важнае пытанне — ці трэба яго прамываць. Адказ залежыць ад сітуацыі: калі вам трэба лёгкае і друзлае зерне, лепш не прапускаць гэты крок. Але калі вам хочацца, каб рыс меў густую кансістэнцыю, можна не прамываць яго перад варкай, тлумачыць onet.pl.
Яшчэ адна простая парада: перад тым, як заліваць рыс вадой, пасаліце яго. Спачатку высыпаем у рондаль рыс, потым соль, а потым заліваем ваду, дзякуючы гэтаму смак солі больш раўнамерна распаўсюдзіцца па ўсім зерню.
Эксперты лічаць, што калі рыс варыцца, не варта яго перамешваць. Трэба зрабіць гэта толькі адзін раз і ў самым пачатку гатавання, потым накрыйце рондаль вечкам і пакіньце рыс варыцца. Калі крупы ўцягнуць усю ваду, яны будуць гатовыя. Можна зрабіць смак рысу больш экзатычным — для гэтага проста варыце рыс не ў вадзе, а ў какосавым малацэ.
Шмат людзей выбіраюць рыс з пункту гледжання яго карысці, і таму спыняюцца на карычневым рысе, бо яго лічаць больш здаровым. Насамрэч, белы рыс па некаторых параметрах нават больш карысны, чым карычневы: напрыклад, у белым рысе менш клятчаткі, чым у бурым, а зашмат клятчаткі можа прывесці да запораў і метэарызму. Але белы рыс мае больш высокі глікемічны індэкс, таму людзям з нестабільным ці высокім узроўнем цукру ў крыві трэба есці яго разам з прадуктамі, багатымі на бялкі, тлушчы і клятчатку, бо яны зніжаюць гэты паказчык.