Часнок — духмяная і вельмі карысная прыправа, і шмат хто не ўяўляе сабе гатавання ежы без яе. На жаль, часта мы выпадкова пазбаўляемся карысных якасцей і смаку часнаку. Як не дапусціць гэтага?
Здаецца, самае цяжкае — гэта пачысціць часнок, і як толькі мы з гэтым справіліся, усё пойдзе як трэба. Але ж гэта не так, піша onet.pl.
Не ўсе гэтага ведаюць, але тое, калі вы дадаяце часнок у страву, таксама мае значэнне. Ад гэтага залежыць як смак таго, што ў вас атрымаецца ў працэсе гатавання, так і карысць стравы. Пры высокіх тэмпературах часнок губляе свае ўласцівасці, таму, калі вы дадалі яго ў страву ў пачатку гатавання, не здзіўляйцеся, што вы зусім не адчуеце яго смак.
Калі ж вы дадасце часнок у пачатку гатавання смажанай стравы, ён яшчэ і можа набыць горкі смак. Зразумела, што гэта зусім не тое, чаго вам бы хацелася.
Цяпер разбяромся з тым, наколькі трэба здрабняць часнок. Звычайна садавіну і гародніну рэжуць на вялікія кавалкі, бо тады яна лепш захоўвае сваю харчовую якасць, але з часнаком не так. Калі мы яго рэжам, фермент аліназа ўнутры часнаку ператвараецца ў каштоўнае рэчыва аліцын, якое мае супрацьзапаленчыя і ўзмацняльныя ўласцівасці. Таму чым больш здрабнёны часнок, тым лепш, а калі пасля здрабнення яшчэ і пакінуць яго на некалькі хвілін, у ім будзе яшчэ больш карысных для здароўя рэчываў.
Не любіце чысціць часнок? Ёсць некалькі лайфхакаў, якія дапамогуць спрасціць гэты працэс. Па-першае, каб зняць з часнаку шалупінне, можна проста расціснуць яго. Проста пакладзіце зубок часнаку на дошку, прыцісніце яго нажом і моцна ўдарце далонню. Іншы спосаб — абхапіце зубок часнаку пальцамі з двух бакоў і закруціце яго ў супрацьлеглыя бакі, так шалупінне само сыдзе з зубка.
Каментары