Крыніцы: Беларускім вайскоўцам забаранілі выезд за мяжу. Можна толькі ў Расію. Афіцэрам запасу прапануюць вяртацца на службу

Як стала вядома «Нашай Ніве», у Беларусі набіраюць абароты ваенныя прыгатаванні. Учора мы пісалі аб правядзенні схаванай мабілізацыі, сёння нам стала вядома пра іншыя факты. 

14.10.2022 / 19:55

Здымак ілюстрацыйны. Фота: janow.by

Суразмоўцы «Нашай Нівы» з розных відаў войскаў паведамляюць, што на гэтым тыдні ім паведамілі пра забарону выезду за мяжу для любых мэтаў. Выключэнне — выезды ў Расію. 

Гэта адбываецца шляхам вусных распараджэнняў. 

«Але і пісьмова давядуць, звычайна так і робіцца. Спачатку скажуць на словах, потым аформяць у загад. Чаму нельга выязджаць? Таму што паўсюль вораг, нельга трапіць яму ў лапы. Ты патрэбны на Радзіме ў такі час, сынок. Ну неяк так», — кажуць нашы суразмоўцы. 

Адначасова з гэтым па ўсёй краіне інтэнсіфікавалася кампанія па адбіранні пашпартоў у сілавікоў. 

Раней мы паведамлялі пра практыку адбіраць пашпарты ў міліцыянераў, пакідаючы толькі ID-карты, што пазбаўляе чалавека магчымасці выехаць за мяжу. 

«Ну раней нехта здаваў, нехта не здаваў, кагосьці ўпрошвалі, хтосьці адмахваўся, так яно і «спускалася». А цяпер ужо проста мэтава, з патрабаваннем, забіраюць пашпарты і адразу іх у сейф, да начальніка», — сказаў нам міліцыянер аднаго з райаддзелаў. 

У гэты ж час два афіцэры запасу расказалі, што іх выклікалі ў ваенкаматы нібыта для «ўдакладнення звестак», але па факце там прапаноўвалі вярнуцца на службу ва Узброеныя сілы. 

Чытайце таксама: Крыніцы: Рашэнне аб мабілізацыі ў Беларусі прынятае. Яна пройдзе пад выглядам праверкі баяздольнасці

Тлумачэнне, чаму спатрэбілася мабілізацыя, чытайце тут: Крыніцы ў арміі патлумачылі, ці можа Лукашэнка адправіць войскі ва Украіну

Nashaniva.com