Крыніцы ў арміі патлумачылі, ці можа Лукашэнка адправіць войскі ва Украіну
Дзейныя вайскоўцы пракаментавалі «Нашай Ніве» ваяўнічыя заявы Лукашэнкі 10 кастрычніка. Заўтра Лукашэнка ў вайну не ўступіць, бо армія не гатовая, неўкамплектаваная, мяркуюць афіцэры. Падрыхтоўку да ўступлення мы пабачым па схаванай мабілізацыі ці перакідванні ў Беларусь істотнай колькасці расійскіх вайскоўцаў, як зімой гэтага года.
10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка другі раз за тыдзень сабраў кіраўніцтва сілавых структур. На нарадзе ён зрабіў ваяўнічыя заявы — абвінаваціў Украіну ў «планах» нанесці ўдары па Беларусі і пагражаў адказаць на гэта сілай.
Дагэтуль з Украіны на беларускую тэрыторыю не прыляцела ніводнага снарада. Наадварот, гэта з Беларусі ва Украіну ў лютым зайшлі войскі. І Кіеў, заняты вызваленнем поўдня краіны, не можа быць зацікаўлены адкрыццём другога фронту на поўначы.
Але Лукашэнка нагнятае. Што стаіць за ягонымі заявамі?
«Лукашэнка не можа ваяваць з Украінай — у яго няма арміі. Беларускае войска не ўкамплектавана. Ваяваць гатовыя толькі ССА, у якіх ступень камплектацыі часцей — 70—80%. Некаторыя часці забеспячэння прыкладна на такім узроўні, але абсалютная большасць іншых радоў войскаў, якія не вазьмі, укамплектаваныя асабовым складам добра калі на палову», — сказаў «Нашай Ніве» беларускі афіцэр.
«Тэхнікі хапае, вось толькі саджаць за яе няма каму праз структуру арміі і некалькі хваляў аптымізацыі», — дадае ён.
«Цяпер у запас сыходзяць «дэмбелі» тэрміновай службы, набіраюцца навабранцы цягам восеньскага прызыву. Я не бачу варыянтаў, як Лукашэнка з неўкамплектаваным войскам кідае выклік Украіне, гэта смешна, яго заявы — тупанне нагамі для расійскай аўдыторыі», — сказаў «Нашай Ніве» высокапастаўлены афіцэр беларускага войска.
Ці можа быць, што некамплект у беларускіх часцях закрыюць мабілізаванымі расіянамі?
«Гэта смелая тэорыя, на практыцы існаванне такога гібрыда спрэчна — паўстае пытанне кіравання. Хто кім кіруе? Гэта магчыма толькі ў выпадку, калі Лукашэнка аддасць кіраванне часцямі сваёй арміі рускім. Адваротны сцэнар я не ўяўляю, — кажа афіцэр.
У любым разе, я б ад расійскіх войскаў нічога добрага не чакаў. Дарогі да Кіева, карацейшай за дарогу з Гомеля, няма. З ваеннай логікі новая атака на Кіеў нават неабходна», — дадае вайсковец.
«Ці ўступіць Лукашэнка ў вайну, мы зразумеем па мабілізацыі. Краіна маленькая. Калі пачнуць прыходзіць позвы ў войска для «праверкі баяздольнасці», трэба разумець, што насамрэч адбываецца даўкамплектацыя часцей», — дадаў вайсковец.
На даўкамплектацыю часцей пры самым аператыўным сцэнары трэба некалькі тыдняў, кажуць вайскоўцы.
«Усе гэтыя мерапрыемствы: пастаўка зброі, гатоўнасць прыняць «мобікаў» на навучанне на беларускіх палігонах, планаваліся даўно, мы бачылі гэта па рэзервацыі чыгуначнага злучэння вайскоўцамі. Я ўсё ж сумняюся, што беларускае войска можа нешта супрацьпаставіць Украіне без мабілізацыі. Там ідзе вайна вялікімі лічбамі і рэсурсамі, у нас няма ні таго ні другога.
Я ўпэўнены, што Лукашэнка нічога не зробіць, нават калі ў адказ на ракетныя ўдары па Украіне ўкраінцы знішчаць хаймарсамі пару аэрадромаў у Беларусі», — сказаў «Нашай Ніве» іншы афіцэр.
Папярэднюю нараду па пытаннях бяспекі Аляксандр Лукашэнка збіраў менш за тыдзень таму, 4 кастрычніка.
8 кастрычніка, на 70-годдзе Уладзіміра Пуціна, ён сустракаўся з ім у Пецярбургу з нагоды віншавальнага саміта Садружнасці незалежных дзяржаў.
4 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што мабілізацыі не будзе, але будзе праверка рэзервістаў. «Яшчэ раз падкрэсліваю: нам няма неабходнасці абвяшчаць мабілізацыю, — сказаў ён, але тут жа дадаў. — Акуратненька трэба прызваць у раёне людзей, паглядзець іх наяўнасць і ўдакладніць усе нашы матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах». Тады ж Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна прызнаў, што Беларусь бярэ ўдзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне». Ён выкарыстаў гэты прыдуманы ўладамі Расіі эўфемізм, каб не казаць слова «вайна».
«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязкі», — заявіў кіраўнік беларускай адміністрацыі.
«Наш удзел у тым, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусціць нанясення ўдару па Беларусі пад прыкрыццём спецыяльнай ваеннай аперацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у спіну рускім страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што Украіна «сама правакуе на мяжы». Паводле яго словаў, суседняя краіна сцягнула да беларускай граніцы да 15 тысяч ваеннаслужачых, ажыццяўляе там інжынернае абсталяванне блокпастоў і агнявых пазіцый.
«Не проста забарыкадзіравалася, а пабудавала сцяну. Пастаянна вядзе аптычную, радыёэлектронную, радыётэхнічную разведку нашай тэрыторыі, войскаў, аб'ектаў. Часцяком з парушэннем сваімі беспілотнікамі лініі дзяржаўнай мяжы. І ў той жа час перажываюць і парацца наконт таго, «ах, як бы Беларусь не ўступіла ў вайну». І пастаянна правакацыі на граніцы», — сказаў Лукашэнка.
Ён прагназуе далейшую эскалацыю канфлікту. «У найбліжэйшы час не трэба чакаць зніжэння напружанасці. Наадварот, Расія нарасціць намаганні ў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Захад у сваёй вайне з ёй будзе імкнуцца яшчэ больш узбройваць Украіну», — мяркуе ён.
За перыяд між нарадамі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі 4 і 10 кастрычніка адбыўся падрыў Крымскага моста, а расійская армія была разбітая пад Крывым Рогам і адступіла на лінію Давыдаў Брод — Мылавое бліжэй да Херсона. Таксама стала вядома пра адпраўку эшалона з раскансерваванымі беларускімі танкамі на Данбас.
Каментары