Былога «вагнераўца», які прасіў прытулку ў Нарвегіі, хочуць дэпартаваць
У Нарвегіі затрымалі былога камандзіра ПВК «Вагнер» Андрэя Мядзведзева. Ён прасіў у гэтай краіне палітычнага прытулку, але яго хочуць адтуль дэпартаваць, паведамляе Gulagu.net.
23.01.2023 / 17:36
Раней Мядзведзеў збег у Нарвегію, як ён сцвярджаў, праз жорсткасць баевікоў ПВК «Вагнер», а да гэтага заклікаў ФСБ прыцягнуць да адказнасці саму кампанію.
Паводле інфармацыі Gulagu.net, Мядзведзеў падпісаў кантракт з ПВК «Вагнер» на пачатку ліпеня 2022 года і збег з баявых пазіцый вагнераўцаў праз чатыры месяцы.
Мядзведзеў расказаў, што перайшоў мяжу з Нарвегіяй у раёне пасёлка Нікель Мурманскай вобласці. Былы найміт заявіў, што ў Осла яго ўжо наведваў следчы, які займаецца справамі аб ваенных злачынствах. Мядзведзеў спадзяваецца, што паказанні «якія ён дасць, адыграюць ключавую ролю» ў расследаванні супраць ПВК «Вагнер».
Gulagu.net піша, што Мядзведзева пасля затрымання даставілі ў цэнтр утрымання замежных грамадзян з мэтай наступнай дэпартацыі.