Былы камандзір ПВК «Вагнер» уцёк з Расіі і просіць палітычны прытулак у Нарвегіі
Камандзір ПВК «Вагнер» Андрэй Мядзведзеў пакінуў Расію 12 студзеня і, апынуўшыся ў Нарвегіі, запытаў абарону і палітычны прытулак. Пра гэта паведамляе праект Gulagu.net.
Былы найміт перасёк мяжу Расіі з Нарвегіяй каля пасёлка Нікель Мурманскай вобласці.
Пад аховай з мясцовага аэрапорта Мядзведзева даставілі ў Осла. Цяпер ён знаходзіцца ў цэнтры для парушальнікаў міграцыйнага заканадаўства. Былы камандзір пагадзіўся даць паказанні на Яўгена Прыгожына.
Мядзведзеў і яго таварыш звярталіся ў Gulagu.net у снежні 2022-га — прасілі дапамагчы пазбегнуць пазасудовай расправы.
Мядзведзеў пакінуў баявыя пазіцыі ПВК «Вагнер» адразу пасля заканчэння 4-месячнага кантракта, падпісанага ў ліпені 2022 года.
Мужчына быў камандзірам 1-га аддзялення 4-га ўзвода 7-га штурмавога атрада ПВК «Вагнер». Па яго словах, ён удзельнічаў у баях пад Бахмутам і быў камандзірам былога зняволенага Яўгена Нужына, якога забілі кувалдай пасля вяртання з украінскага палону.
Каментары