«Пачаўся абсалютны трэш: людзі сталі запампоўваць бязглуздыя відэа і дзікпікі». Гутарка са стваральнікам беларускага дадатку для знаёмстваў

Шэсць гадоў таму беларускія энтузіясты загарэліся стварыць новы дадатак для знаёмстваў Abodva. Што ў ім цікавага? А тое, што звыклых для Tinder фота (фэйкавых і не толькі), а таксама аб’яў кшталту «прадам гараж» там не прадугледжана. Фішка праграмы— у відэаанкетах, дзе адразу можна будзе ўбачыць і пачуць чалавека такім, які ён ёсць.

02.02.2023 / 13:10

Беларусы планавалі сабраць 20 тысяч даляраў на напісанне праграмы. Ці ўдалося прыцягнуць інвестыцыі? Што цяпер з дадаткам і ці зможа ён скласці канкурэнцыю гігантам у гэтай сферы? Пра гэта і не толькі пагутарылі з заснавальнікам Abodva Максімам Русаковічам.

Фота тут і далей: асабісты архіў суразмоўцы

«Наша Ніва»: Раней вы расказвалі, што прыдумалі дадатак з-за свайго досведу з сайтаў знаёмстваў. Хапіла прыгодаў?

Максім Русаковіч: Я з вельмі маленькага горада Докшыцы, там жывуць прыкладна шэсць тысяч чалавек. І там усяго дзве школы: калі вучышся, напрыклад, у восьмым класе, то выбар у цябе невялікі — прыкладна 20 дзяўчынак (усміхаецца). Таму я пачаў шукаць знаёмстваў на першых сайтах — напрыклад, Loveplanet. Я знаёміўся з дзяўчатамі з Мінска і Віцебска, было цікава проста падтрымліваць размовы, абмяркоўваць агульныя інтарэсы.

Гэта быў 2004 ці 2005 год, і, зразумела, тады мала хто мог зрабіць фота, не тое што зняць відэа, таму камунікавалі пераважна толькі праз чаты. У студэнцтве, з 2008 па 2012 гады, я кантактаваў з дзяўчатамі праз сайт Mamba — і бывала, што дзяўчаты публікавалі ці толькі адно сваё найлепшае фота, ці нават партрэт сяброўкі дзеля жарта. Гэта цяпер смешна, а тады, калі я толькі пачынаў стасункі, было цяжка.

А калі навучыўся знаёміцца з дзяўчатамі, у мяне была схема: спачатку я перапісваўся, потым прасіў нумар тэлефона, праз які мы гутарылі некаторы час, а пасля я прасіў яе Skype, каб паразмаўляць з камерай. 

Гэта было нашмат складаней, бо дзяўчыне трэба нафарбавацца. Але ж такі спосаб дапамагаў, бо я бачыў сапраўднага чалавека, і затым першая рэальная сустрэча праходзіла значна прасцей. Або, калі мы не спадабаліся адно аднаму, то і не сустракаліся.

«НН»: Але ж не кожны, каму нязручна карыстацца тымі ж Mamba і Tinder, ствараюць уласныя дадаткі…

МР: Калі я пачаў працаваць, часу на маю схему чат — тэлефанаванне — відэасустрэча стала нашмат меней, і прадуктыўнасць знаёмстваў таксама зменшылася. Таму я планаваў, што я зраблю дадатак менавіта з відэа.

Ад узнікнення гэтай ідэі прайшло ўжо больш як дзесяць год. Спачатку, гадоў пяць таму, я зрабіў сайт і збіраў людзей, якія гатовыя запісаць відэа — гэта было вельмі складана. Наўпрост я пісаў людзям ва «Укантакце» і Instagram, атрымалася сабраць дзесьці сто чалавек. Гэта было так класна і я думаў, вось каб гэтыя людзі яшчэ шукалі сабе пару і іх відэа можна было выкарыстаць як самапрэзентацыю для дадатку.

На той час я не быў праграмістам, але я стаў ім, каб напісаць Abodva з нуля (смяецца) — і гэта цалкам змяніла маё жыццё. Я нават паказваў свае напрацоўкі і гэта дапамагло мне атрымаць першую працу. Цяпер я займаюся дадаткам у вольны час.

«НН»: Чым ваша праграма адрозніваецца ад іншых, акрамя відэафармата?

МР: Я яе называю нават не дадаткам, а клубам, бо там даволі жорсткая верыфікацыя. У ім няма свайпаў профіляў, усё як у сапраўдным жыцці, каб не было сітуацый «хто згодзіцца, таму і пішу». Таксама няма фэйкавых акаўнтаў дзякуючы ручной мадэрацыі. Я сам пераправяраю кожны акаўнт: якасць відэа, што чалавек сказаў на ім (бо проста сказаць «хэлоў» недастаткова).

Першапачаткова ідэя была максімальна простаю: заходзьце ўсе, грузіце любыя відэа і карыстайцеся. Але пачаўся абсалютны трэш: людзі сталі запампоўваць бязглуздыя відэа і дзікпікі. Я не мог гэта мадэраваць штодзень, таму ўвёў іншую функцыю: відэа нельга загружаць, а можна толькі запісваць унутры дадатка.

Думаў, што гэта вырашыць праблему, але не: людзі ўжо запісвалі відэа з аголенымі часткамі цела. Окей, тады я ўвёў распазнаванне твару, але ж і гэта не перашкодзіла карыстальнікам здымаць і публікаваць свае чэлесы. Я спрабаваў ставіць фільтры, але яны ўсё роўна працавалі не на 100%, таму цяпер толькі ручная мадэрацыя. Бо адно такое відэа — і адразу ўпадзе рэпутацыя. 

Таксама тут не знойдзецца месца спаму, бо колькасць кантактаў у суткі абмежаваныя нават з прэміум-профілем, каб зрабіць карыстальнікаў больш адказным ў сваім выбары. На дзень чалавек можа напісаць толькі тром юзарам, а ў Premium — 15. Можа, у будучыні і гэтая колькасць зменьшыцца, каб людзі пісалі дакладна тым, хто ім падабаецца. 

«НН»: У 2017 годзе вы запускалі краўдфандынгавую кампанію, каб сабраць 20 тысяч даляраў на праграмістаў і дызайнера. Атрымалася?

МР: Акрамя мамы, таты і маіх сяброў ніхто тады не заплаціў (смяецца). Таму я пайшоў на крок нумар два: сабраў грошы і спрабаваў наняць фрылансераў. Гэта таксама не атрымалася, бо я тады не ўмеў ставіць задачы для праграмістаў. І трэці крок — я сам стаў айцішнікам і пачаў пісаць код.

Дадатак я напісаў за тры месяцы, ён выйшаў летась.

Вялікія праблемы былі з публікацыяй праграмы ў Apple Store, бо яны не хацелі дадаваць яшчэ адзін «сайт знаёмстваў» і разглядалі Abodva як «шумны дадатак». Я патраціў два месяцы, каб даказаць ім, што праграма мае ўнікальныя магчымасці, у адрозненне ад тых жа Tinder і Mamba.

«НН»: Распавядзіце, колькі чалавек зарэгістравана на сёння, хто яны і адкуль?

МР: Агулам зарэгістраваныя 4576 чалавек. Людзей, якія запісалі відэа, 595 або 12% ад агульнай колькасці акаўнтаў. З гэтых 595 зацверджаныя 143 (116 мужчын і 27 жанчын). То-бок ад агульнай колькасці зарэгістраваных да канца дайшлі толькі 3%, вельмі строга. 

Прапорцыя карыстальнікаў на iOS і Android — 70% і 30% адпаведна. Паводле лакацыі дзяліць людзей няма сэнсу, бо геаграфія вельмі шырокая, пачынаючы ад Японіі, Мексікі і ЗША, сканчваючы Саудаўскай Аравіяй. Мала людзей, але яны раскіданыя абсалютна па ўсім свеце. Калі я зрабіў пераклад на беларускую мову, актыўна пачалі рэгістравацца і нашы, але ў большасці тыя, хто знаходзіцца за межамі краіны.

Праблема ў тым, што людзі не хочуць рэгістравацца, бо ў дадатку мала акаўнтаў, трэба гэтае кола неяк перамагчы. Хацелася, каб у праекце было як мага больш беларусаў, нават тых, якія не шукаюць знаёмстваў, а проста вырашылі падтрымаць ініцыятыву. А ўвогуле я мару, каб насельніцтва якога-небудзь маленькага горада, тых жа Докшыц, карысталася дадаткам — ахапіць раён, а пасля і вобласць. 

«НН»: Не думаеце, што з такім наборам крокаў для верыфікацыі Abodva не стане масавым?

МР: Якая мэта — стаць масавым або клубам? Я абіраю другое. Разумею, што дадатак ніколі не ператворыцца ў Tinder, мас-маркет. Тут будзе хай і мала людзей, але тыя, хто ведае чаго хоча, дбае пра бяспеку і каму важна сэканоміць час. Тут не будзе коцікаў на аватарках, аб’яў пра продаж шын і IT-рэкрутараў. 

Я вырашыў для сябе працягваць: нягледзячы на тое, што дадатак не стаў суперпапулярным, не выбухнуў нават сярод беларусаў. Я працую ў мінус для сябе, але працягваю.

Чытайце таксама: 

Беларускія стартаперы распрацавалі канцэпцыю дадатку для спатканняў «Абодва» — гутарка

Беларусы, якія сядзяць у Tinder, расказалі пра свае няўдалыя спатканні і сэкс

«На спатканне ўсе гатовыя праз гадзіну перапіскі». Яўгенія Чарняўская — пра досвед знаёмстваў у анлайн-дадатках

Nashaniva.com