«На спатканне ўсе гатовыя праз гадзіну перапіскі». Яўгенія Чарняўская — пра досвед знаёмстваў у анлайн-дадатках
Яўгенія Чарняўская, якая жыве ў Тэль-Авіве, падзялілася ў фэйсбуку назіраннямі пра знаёмствы ў анлайне і асаблівасцямі паводзін ізраільскіх мужчын.
«У маім жыцці пачалася эпоха інтэнсіўнага і бязлітаснага дэйтынгу. Пасля сямі гадоў адносін з бацькам Алісы, шасці месяцаў з выдатным ізраільскім мужчынам, але з якім у нас не склалася, я вырашыла пусціцца ва ўсе цяжкія, — піша Яўгенія, якая не так даўно разышлася з мужам і цяпер свабодная. —
Цуды Tinder я так і не спазнала, таму што мяне забанілі там адразу пасля рэгістрацыі. Прычына не вядомая, тэхпадтрымка паслала мяне, ну і ок.
Далей у ход пайшоў OkCupid і Bumble. У першым дадатку больш пытанняў і тэсцікаў для вызначэння падабенства інтарэсаў. Нягледзячы на гэты цуда-алгарытм, чамусьці мне трапляюцца спрэс мускулістыя прыгажункі-трэнеры па валейболе і ратавальнікі на пляжы. Магчыма, таму што ў Тэль-Авіве ў прынцыпе жыве шмат прыгажуноў-трэнераў, а магчыма, па нейкай іншай прычыне…
Я нават дзеля цікавасці схадзіла на спатканне з такім трэнерам, таму што ён некалькі тыдняў падарожнічаў па Паўднёвай Амерыцы без мабільніка, а цяпер едзе на тры месяцы ў краіны Карыбскага басейна, а ў свеце няма нічога, што я люблю больш, чым падарожнічаць. Але не.
Другі дадатак Bumble ўжо цікавейшы. Тут гутарку ініцыяваць і даслаць паведамленне першай можа толькі жанчына, прычым толькі на працягу 24-х гадзін. Так што няма тоны адначасовых запытаў ад мужчын, якія прагнуць стасункаў. Тут у асноўным перапіска завязваецца з лысымі з пузікамі інтэлігентнымі распрацоўшчыкамі за 40, адукаванымі і прывабнымі жанчынамі ці… парамі. Не зусім па мне.
Увогуле, пакуль назіраю і ладжу марафон спатканняў.
Піва ў бары, кава ў кавярні — гэта ўсё. Фантазія ў ізраільскіх мужчын пакуль мяне не ўразіла.
Магчыма, мне трэба зрабіць нейкую папку-каталог ідэй для спатканняў. Таму што я вось ведаю, дзе тут старадаўнія панадворкі, маленькія галерэі, крамы пласцінак, крамы арабскіх прысмакаў, якія прадаюць найсмачнейшы кнафэ да глыбокай ночы нават па выхадных. Гаражы з крутымі графіці, элітарны не вядомы нікому кінатэатр на адну залу ў хіпстэрскім Фларэнтыне. Пляж, плед, тэрмас, музычная калонка. Дзюны ў паўночным Тэль-Авіве. Пляж, дзе можна начаваць з палаткамі.
Не колькі ў нас грошай, а колькі ў нас мазгоў. Пры гэтым цалавацца ізраільскія хлопцы цягнуцца ўсё на першым спатканні. Здаралася ўжо 5 разоў. Звычайна развітваемся, ён прыцягвае мяне да сябе, я выстаўляю далонь наперад і кажу: «Не, гэта занадта рана».
Увогуле, мае дасведчаныя адзінокія сяброўкі, напэўна, пасмяяліся б з мяне: салага, маўляў. Але я нейкіх іншых поглядаў, ці што.
А яшчэ мой фемінізм аказваецца не так развіты, калі на першым спатканні прапануюць заплаціць 50/50. Я ведаю, ведаю! Няма чаго жыць забабонамі патрыярхальнага постсавецкага грамадства, я стараюся! Шчыра! Я не лічу, што мужчына павінен плаціць, бо ён мужчына. Але гэта галавой, а ўнутры пакуль яшчэ выхаваная ў Беларусі дзева.
Пайсці на спатканне ўсе гатовыя прыкладна праз гадзіну, максімум, дзень пасля пачатку перапіскі. Вельмі ўсе лёгкія на ўздым, усё ізі. Весялосць, лёгкасць. Але без глыбокіх душашчыпальных тэм, як любіць наша душа».
Каментары