Дуэт «Красная зелень» распаўся 

Дуэт опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук і блогера Андрэя Павука ўзнік як рэакцыя на беларускі сюр. Працавалі музыкі ў жанры палітычнай сатыры.

25.02.2023 / 18:07

Андрэй Павук пацвердзіў «Нашай Ніве», што гурт больш не існуе. Па якіх прычынах ён распаўся, музыкі не каментуюць. 

Сярод яркіх песень дуэта — «Азаронак», «Толька Матолька», «Арыя Іуды», «Звінят і лязгают танкі», «Галіна» і шмат іншых. Аўтар тэкстаў — Андрэй Павук.

Учора Маргарыта Ляўчук разам з Паўлам Ліберам выпусціла песню «Мурка», дуэт назвалі «Недазаконаў».

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выступала ў розных еўрапейскіх тэатрах. Яна ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. Тады ж сышла з працы ў Нацыянальным тэатры оперы і балета. 

Цяпер Маргарыта жыве ў Вільні і, апроч як з класічнай музыкай, таксама працуе з палітычнай сатырай, адкрыта і правакацыйна крытыкуе дыктатуру ў краіне.

У 2021 годзе супраць Ляўчук распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).

Андрэй Павук — актывіст і блогер, стваральнік ютуб-канала «Рудабельская паказуха», на якім у тым ліку публікуе свае тэлефонныя размовы з чыноўнікамі.

На Павука раней завялі крымінальныя справы за «публічную абразу работніка пракуратуры горада Мінска» і «разгалошванне звестак аб прыватным жыцці і персанальных даных памочніка пракурора».

У маі 2022-га сілавікі зладзілі ператрус у кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі.

Нядаўна супраць блогера распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Чытайце таксама: 

Прадалі карціну, якую Маргарыта Ляўчук намалявала валасамі. Грошы пойдуць родным Алеся Пушкіна

«А прысяжныя ў вас хто?» Што за відэа, пасля якога на блогера Павука завялі новую крыміналку

Андрэй Павук — пра вопыт дыверсій, «Красную Зелень», развод і тое, чаму ён за Пазняка

Nashaniva.com