Падрыў расійскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах ажыццявілі беларусы — Азараў
Кіраўнік Bypol Аляксандр Азараў пацвердзіў «Нашай Ніве», што да дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах датычныя беларускія падпольшчыкі.
26.02.2023 / 21:06
Аэрадром Мачулішчы. Фота: Мінабароны
Раней «Байпол» паведаміў, што вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі самалёт ДРЛВ А-50 быў падарваны ў двух месцах. У выніку двух выбухаў пацярпелі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджаная авіёніка і радыёлакацыйная антэна.
Усяго такіх самалётаў у Расіі, сапраўдных і няспраўных, дзевяць. ДРЛВ А-50 выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Байпола»
Нагадаем, ранкам каля 9-й раніцы на аэрадроме «Мачулішчы» былі чутныя два выбухі. Пасля гэтага там назіраецца актыўнасць сілавікоў. Аўтамабілістаў у ваколіцах спынялі, каб праверыць. Мачулішчы нейкі час патруляваў верталёт.
Здарэнне пацвердзіў і расійскі ваенкар і прапагандыст Сямён Пегаў (WarGonzo).
«Хутчэй за ўсё гаворка ідзе аб нападах беспілотнікаў на ваенную інфраструктуру, на якой могуць быць разгорнутыя ў тым ліку аб'екты расійскіх ПКС. Крыніцы параўноўваюць гэтую атаку з інцыдэнтамі ў Саратаве», — заяўляе ён.
А-50 — гэта вельмі каштоўны самалёт, ён ажыццяўляе дальнюю разведку. Усяго, спраўных і няспраўных, такіх самалётаў у Расіі дзевяць. Кошт аднаго такога самалёта — 330 мільёнаў даляраў.
Калі вы ведаеце больш пра тое, што здарылася на аэрадроме Мачулішчы, які выкарыстоўваюць расійскія войскі, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў тэлеграм, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me.
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).