У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніюш

У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве. Хто аддаў загад на яго ліквідацыю, пакуль невядома, паведамляе «Радыё Рацыя».

30.03.2023 / 12:46

Пра дэмантаж помніка паведаміў унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш, які даслаў фота месца, дзе стаяў помнік.

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніюш. Фота: «Радыё Рацыя»

Яшчэ ўчора з'явілася інфармацыя, што помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак уначы помнік знік.

Ларыса Геніюш — выбітная беларуская паэтка, якая да канца жыцця не прыняла савецкага грамадзянства, захоўвала грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе кніга «Споведзь» — шчымлівыя ўспаміны пра жыццё і савецкае зняволенне — у 1980-я і 1990-я былі бэстсэлерам.

Жыхары Зэльвы паставілі ёй помнік каля царквы з блаславення тагачаснага мітрапаліта Філарэта, бо Геніюш, сярод іншага, у часы ганенняў на рэлігію была адной з апораў мясцовай праваслаўнай грамады.

Помнік патрабавала ліквідаваць прарасійская актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава. Хоць спярша Зэльвенскі райвыканкам адмовіў, помнік усё ж дэмантавалі.

Чытайце таксама:

«Заяву на ўсялякі выпадак я напісала». Прарасійскія актывісткі абмеркавалі, як лацінка і «Наша Ніва» сапсавалі ім жыццё

«Я хачу бачыць рускую мову, а не пшэцкую лацінку». Бухгалтарка з райцэнтра змагаецца супраць беларускай лацінкі

«Ці варта пэцкацца, папулярызуючы гэтую грамадзянку?» Частка прапагандыстаў пайшла вайной на Бондараву

Nashaniva.com