Мая Санду: Расія хоча выкарыстоўваць Малдову гэтак жа, як і Беларусь
Прэзідэнт Малдовы Мая Санду заявіла, што Расія хоча выкарыстоўваць яе краіну супраць Украіны гэтак жа, як Крэмль выкарыстоўвае Беларусь. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда».
30.03.2023 / 16:56
Мая Санду. Фота Aurel Obreja / AP
Санду заявіла, што Расія спрабуе падарваць, зрынуць уладу ў Кішынёве, а ў малдаўскіх уладаў ёсць доказы такіх дзеянняў.
«Зразумела, што Расія спрабуе ўсталяваць у Кішынёве прарасійскую ўладу, каб выкарыстоўваць Малдову супраць Украіны, як гэта адбываецца, напрыклад, у выпадку з Беларуссю», — сказала малдоўская прэзідэнтка.
Яна нагадала пра нядаўнюю заяву прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна адносна намеру размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю.
«Менавіта гэта Расія хоча зрабіць і ў выпадку з Малдовай. Аднак сёння ў Малдове ёсць незалежная ўлада, абраная яе грамадзянамі, якая працуе на карысць грамадзян і Малдовы, таму яе нельга выкарыстоўваць так, як выкарыстоўвала б прарасійскае кіраўніцтва», — заявіла Санду.
Раней Малдова заклікала ЕС накласці санкцыі на алігархаў, якія, з яе слоў, супрацоўнічаюць з Расіяй у распальванні гвалту і звяржэнні ўрада. Пасля гэтага некалькі міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза — у прыватнасці, Францыі і Эстоніі — падтрымалі заклік Кішынёва.
Заява Малдовы з'явілася на фоне раскрытага плана Крамля па дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, які прадугледжваў кантроль над палітычнай сферай, энергетычны шантаж, а таксама ўзмацненне напружанасці ў Прыднястроўі. Афіцыйна Масква адмаўляе «план дэстабілізацыі Малдовы», заявіўшы, што гэта «абсалютна беспадстаўныя» заявы.
Чытайце таксама:
Дзяржаўнай мовай Малдовы замест малдаўскай стала румынская