Прэзідэнтам Чарнагорыі абраны Якаў Мілатавіч. Ён перамог Міла Джуканавіча, які кіраваў краінай больш за 30 гадоў
Пасля другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Чарнагорыі перамогу атрымаў былы міністр эканомікі Якаў Мілатавіч. Такім чынам, краіну больш не будзе ўзначальваць яго сапернік — дзейны прэзідэнт Міла Джуканавіч, які з невялікімі перапынкамі кіраваў Чарнагорыяй з 1991 года, піша BBC.
03.04.2023 / 09:08
Па даных Цэнтра па маніторынгу і даследаванням (CEMI), Мілатавіч атрымаў больш за 60% галасоў.
37-гадовы Мілатавіч зʼяўляецца адным з заснавальнікаў правацэнтрысцкага руху «Еўропа цяпер» і займае пасаду намесніка яго лідара.
У перадвыбарныя абяцанні Мілатавіча ўваходзіла барацьба з карупцыяй, паляпшэнне ўзроўню жыцця і курс на ўступленне Чарнагорыі ў ЕС.
Пры гэтым, як перадае карэспандэнт Бі-бі-сі на Балканах, яго падтрымліваюць партыі, блізкія да Сербіі, Расіі і праваслаўнай царквы.
У нядзелю вечарам Джуканавіч прызнаў паражэнне і павіншаваў свайго саперніка з перамогай.
Па даных CEMI, яўка выбаршчыкаў склала каля 70%. Чакаецца, што дзяржаўная выбарчая камісія абʼявіць афіцыйныя вынікі ў найбліжэйшыя дні пасля таго, як будуць разгледжаныя ўсе скаргі на парушэнні падчас галасавання, калі такія будуць пададзеныя.
За час сваёй палітычнай карʼеры Джуканавіч прывёў Чарнагорыю да сяброўства ў НАТА ў 2017 годзе, а таксама да статусу кандыдата на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну Чарнагорыя далучылася да санкцый, уведзеных ЕС супраць Крамля, і выслала некалькі расійскіх дыпламатаў. Расія ўключыла Чарнагорыю ў лік недружалюбных краін.
Пры гэтым палітычныя супернікі неаднаразова абвінавачвалі Джуканавіча і яго партыю ў карупцыі, сувязях з арганізаванай злачыннасцю і ў тым, што ён кіруе рэспублікай, як сваёй асабістай вотчынай. Усе гэтыя абвінавачанні ён заўсёды адмаўляў.
Падчас перадвыбарнай кампаніі Джуканавіч таксама ставіў пад пытанне здольнасць Мілатавіча прывесці Чарнагорыю ў ЕС і казаў, што ён можа быць падвергнуты ўплыву прасербскіх сіл.
Чытайце таксама:
У Фінляндыі прайшлі парламенцкія выбары. Прэм'ерка Сана Марын сыдзе з пасады