Беларуская IT-сфера працягвае страчваць штомесяц больш чым па 800 чалавек
У першыя два месяцы 2023 года ў беларускім IT працягваецца тэндэнцыя адтоку спецыялістаў, якая назіралася амаль увесь 2022 год. За студзень і люты, паводле афіцыйнай статыстыкі, з кампаній сектара «Інфармацыя і сувязь» звольніліся 3423 чалавекі. Чысты адток кадраў з беларускага IT у 2023 годзе — 800+ чалавек на месяц, піша Office Life.
03.04.2023 / 20:50
Адначасова за студзень і люты 2023 года пры звольненых 3423 супрацоўніках было прынята на працу ў IT-сектары ўсяго 1737 спецыялістаў. На дадаткова створаныя працоўныя месцы працаўладкавана за два месяцы 226 чалавек.
Такім чынам, чысты адток кадраў з беларускага IT у студзені склаў 847 чалавек, у лютым — 839 чалавек. За два месяцы — мінус 1 686 работнікаў.
Для параўнання: за студзень-люты 2022 года ў Беларусі ў сектары «Інфармацыя і сувязь» было прынята на працу 3483 чалавекі, звольнена — толькі 2967 чалавек. Гэта значыць, яшчэ год таму быў чысты прыток кадраў у айцішку, але тэндэнцыя кардынальна змянілася пасля 24 лютага мінулага года.
За ўвесь мінулы год чысты адток спецыялістаў з кампаній сектара «Інфармацыя і сувязь» у Беларусі склаў каля 17 тыс. чалавек.
Чытайце таксама:
«Айцішнікі не бунтуюць, ну і хрэн з імі». Лібер пра Янчэўскага, Баграцова і Добкіна