G7: Пагроза размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі непрымальная

Краіны «Вялікай сямёркі» (G7) назвалі непрымальнай магчымасць Расіі размясціць у Беларусі ядзерную зброю. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўнікоў МЗС краін, якія ўваходзяць у «сямёрку».

18.04.2023 / 07:19

Парад у Маскве, 2019 год. Фота: kremlin.ru

«У дадатак да асуджэння заявы прэзідэнта Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, міністры замежных спраў G7 пацвердзілі непрымальнасць безадказнай ядзернай рыторыкі Расіі», — гаворыцца ў паведамленні кіраўнікоў МЗС.

Міністр замежных спраў Японіі Ёсімаса Хаясі асудзіў магчымасць размясціць ядзерную зброю ў Беларусі, бо гэта «яшчэ больш узмоцніць напружанасць сітуацыі» ва Украіне.

Акрамя гэтага, краіны G7 будуць трымаць расійскія актывы заблакаванымі датуль, пакуль не завершыцца канфлікт ва Украіне. Кіраўнікі МЗС дадалі, што санкцыі супраць Масквы будуць больш жорсткімі, а кантроль за іх выкананнем будзе ажыццяўляцца пільней. У прыватнасці, G7 не дазволіць трэцім краінам «падрываць» дзеючыя абмежаванні.

25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў аб планах размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Паводле яго слоў, 1 ліпеня краіны завершаць будаўніцтва сховішча для такой зброі на тэрыторыі Беларусі. Пуцін заявіў, што зброю Беларусі Расія не перадасць, але размесціць на тэрыторыі краіны.

Чытайце таксама:

У Беларусі можа з'явіцца і стратэгічная ядзерная зброя — Хрэнін

Беларускія вайскоўцы прайшлі падрыхтоўку па спецыяльным прымяненні штурмавікоў Су-25

«З дапамогай «ядзернай дубінкі» Пуцін хоча паказаць усяму свету, што імперыя вярнулася»

Nashaniva.com