«Калі вы зайшлі сюды, то вы знаўца якасці і камфорту». МУС адкрыў краму, у якой прадаюцца рэчы, створаныя ў калоніях
Цэны ў ёй здзіўляюць, асабліва ў параўнанні з заробкамі вязняў.
19.04.2023 / 20:24
Знешні выгляд сайта крамы «еДИН»
У дзяржаўных СМІ з'явіліся анонсы адкрыцця крамы, у якой будуць прадавацца рэчы, створаныя ў калоніях, — у тым ліку палітвязнямі. «Калі вы зайшлі сюды, то вы знаўца якасці і камфорту», — вітае апісанне на сайце крамы. Адкрыццё плануюць 20 красавіка.
Валодае даменам і крамай дзяржаўнае прадпрыемства «Единица». Яно знаходзіцца каля лячэбна-працоўнага прафілакторыя №6 у Дзяржынску і займаецца рэалізацыяй тавараў, створаных у няволі. «Шоурум» крамы адкрыюць у вёсцы Рабінаўка Дзяржынскага раёна, якая за 40 кіламетраў ад Мінска і за пару кіламетраў ад Дзяржынска. У 2022 годзе ў вёсцы жылі 9 чалавек.
Крама абяцае вельмі нізкія цэны, але насамрэч тавары там каштуюць столькі ж, колькі ад нетурэмных вытворцаў. Да прыкладу, вось такая лаўка з сасны прадаецца за 423 рублі.
Лаўка Banc coffre, якая абыдзецца ў 423 рублі
Зробленая яна ў 20-й калоніі ў Мазырскім раёне. Цяпер там утрымліваюць не менш за пяць палітвязняў, сярод якіх Ціхан Осіпаў і Сяргей Ярашэвіч.
Прадукцыя 20-й калоніі таксама ідзе на экспарт у Расію пад брэндам фабрыкі «Чарадзейная сасна». Прычым на сайце кампаніі няма аніякіх згадак пра тое, што мэблю робяць зняволеныя. У Расіі такая лаўка-куфар каштуе ад 450 да 600 рублёў.
У Расію экспартуюцца і іншыя тавары, створаныя зняволенымі. Прычым некаторыя з іх каштуюць нават танней. Да прыкладу, гэты стэлаж патаннеў пры «пераездзе» ў Маскву на 100 рублёў. Зноў на сайце няма інфармацыі пра тое, што мэбля створаная зняволенымі, а калонію сарамліва называюць «дзяржаўнае прадпрыемства з Беларусі».
Скрыншот сайта, які прадае беларускую мэблю ў Расію і сайта «еДИН»
А вось гэты набор бялізны, створаны ў гомельскай жаночай калоніі №4 (цяпер там не менш за 85 палітвязынак), каштуе нават болей, чым аналагічны па мадэлі ўзбекскі.
Скрыншот сайта «еДИН» і аднаго з сайтаў, які прадае адзенне
А боты вытворчасці ПК-17, у якой сёння ўтрымліваюць не менш як 74 палітвязняў, каштуюць столькі ж, колькі і боты звычайных фірмаў.
Скрыншот сайта «еДИН» і сайтаў, якія прадаюць абутак для турызму і актыўнага адпачынку
Пры гэтым людзі, якія працуюць у калоніях, атрымліваюць капейкі, фактычна можна сказаць, што ім не плацяць нічога. Да прыкладу, адзін з былых вязняў ПК-17 выслаў нам сваю даведку пра заробак — за месяц ягоная сярэдняя зарплата склала каля 2 рублёў. Наталля Хершэ пісала ў лістах, што за адзін з месяцаў ёй налічылі 6,66 рубля.
Некаторыя іншыя былыя вязні зараблялі больш, але апытаныя намі не пераадольвалі планку ў 30 рублёў за 24-дзённы працоўны месяц. То-бок, за працу, часта з адным выхадным, не ўлічваючы абавязковых гаспадарчых работ, чалавек атрымлівае літаральна капейкі.
Чытайце таксама:
«Атрымала заробак — 6,66 рубля за месяц». Якія ўмовы ў калоніях, дзе сядзяць палітвязні