Грамадства33

«Для каго ты тут малюешся?» — «Для сябе». Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская расказала, як гэта —жанчыне сачыць за сабой у катоўнях

Журналістка Вольга Класкоўская адбыла ў зняволенні 791 дзень. За гэты час яе двойчы судзілі паводле палітычных крымінальных спраў, яна прайшла праз 10 этапаў і адбыла ў ШІЗА і ПКТ агулам амаль пяць месяцаў. Але пры гэтым сустрэла сяброў, змяніла знешнасць і не згубіла веру ў беларусаў і перамогу. «Вясна» спыталася ў Вольгі, як жанчыны даглядаюць за сабой у зняволенні, але ў адказ пачула пра цяжкае змаганне жанчын з сістэмай.

 Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская пасля вызвалення

Вольга знаходзіцца на волі ўжо амаль чатыры месяцы. Яна была вымушаная з'ехаць з Беларусі, а цяпер аднаўляе здароўе і вяртаецца да працы.

У зняволенні яна ўтрымлівалася з 14 кастрычніка 2020 года. Спачатку яе абвінавачвалі ў «перакрыцці руху транспарту». Вольгу прызналі вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзілі да двух гадоў калоніі. У студзені 2022 года Вольгу зноў асудзілі. Гэтым разам за каментарый у адрас брэсцкага міліцыянта (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

Пасля затрымання і першага суда ціск на Вольгу не спыніўся: яе неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА, а потым змясцілі ў ПКТ і завялі чарговую крымінальную справу. За ўвесь час у зняволенні яе двойчы адпраўлялі ў гомельскую калонію, дзе яна правяла агулам амаль паўтара года.

Вольга Класкоўская і Наталля Хершэ былі першымі палітзняволенымі жанчынамі, якія трапілі ў папраўчую калонію №4.

«Ты павінен быць шэрай масай, не павінен усміхацца»

«У калоніі створаныя такія ўмовы, каб забіць у табе жанчыну, тваю прагу даглядаць сябе, бо ўсведамленне таго, што ты добра выглядаеш, уздымае настрой, а радавацца там ты не павінен. Ты павінен быць шэрай масай, не павінен усміхацца, бо, як шмат хто з супрацоўнікаў казаў, «у турме павінна быць голадна, холадна і сыра», бо «зэк мусіць пакутаваць». І вельмі часта ўсмешкі жанчын, палітзняволеных асабліва, выклікалі раздражненне ў людзей у пагонах. Мне асабіста рабіліся заўвагі з гэтай нагоды і неаднойчы.

Гэтыя скоцкія ўмовы — усё гэта вельмі прадумана, каб цалкам выбіць глебу з-пад ног, каб чалавек згубіў сваю ідэнтычнасць, зламаўся, упаў духам. Усё зроблена, каб паралізаваць тваю волю, каб вынішчыць думкі пра які-кольвек супраціў. Каб ты адчуваў сябе слабым, непаўнавартасным, бездапаможным, вінаватым, бо такімі людзьмі лягчэй кіраваць і маніпуляваць, іх лягчэй кантраляваць», — каментуе Вольга «выпраўленчую» сістэму гомельскай калоніі.

«Амаль адразу з аўтазака я трапіла ў санчастку з моцным крывацёкам»

Доўгі час пасля арышту Вольга не карысталася касметыкай, бо было не да гэтага праз цяжкі эмацыйны стан, праблемы са здароўем, а таксама праз тое, што яе часта ўтрымлівалі ў ШІЗА.

«На самым пачатку зняволення на Акрэсціна, жодзінскім СІЗА, Валадарцы, а пасля ўжо і гомельская калонія, нягледзячы на тое, што я вельмі люблю касметыку, вельмі люблю парфуму, усе гэтыя жаночыя штучкі, я абсалютна не карысталася касметыкай — толькі, бадай, падчас суда па першай крымінальнай справе.

Пасля затрымання ты знаходзішся нейкі перыяд у спецыфічным эмацыйным стане, падсвядома адмаўляешся прызнаваць факт абмежавання волі, факт такіх кардынальных зменаў у тваім жыцці, табе падаецца, што гэта ўсё дурны сон і хутка ўсё скончыцца…

Таму першы час пытанні касметыкі і догляду сябе адыходзілі на другі план. Я нават пра гэтыя рэчы не задумвалася, калі шчыра, у тыя моманты.

Калі я заехала ў гомельскую калонію, амаль адразу з аўтазака я трапіла ў санчастку з моцным крывацёкам, які адкрыўся ў мяне яшчэ да этапу, і там я праляжала амаль месяц пад кропельніцамі. Там таксама было не да касметыкі.

Калі я выйшла з санчасткі, напружанне ва ўзаемаадносінах з адміністрацыяй стала яшчэ больш заўважным: большую частку часу я праводзіла ў ШІЗА і ПКТ, агулам гэта каля 5 месяцаў, дэкаратыўнай касметыкай там карыстацца нельга, табе яе туды папросту не перадаюць».

Пра важнасць рабіць макіяж перад судом: «Невербальна паведаміць, што з намі ўсё акей»

«На Валадарцы, дзе я знаходзілся з лістапада 2020 па сакавік 2021 года ў межах першай крымінальнай справы, касметыкай я не карысталася, не было жадання. Але на суд я паехала з макіяжам, дзяўчаты мне накруцілі валасы на касічкі. Было важна ў гэты дзень выглядаць па-асабліваму, каб у першую чаргу сваякам і паплечнікам паказаць, што нас гэтыя страшныя і цяжкія ўмовы не ламаюць, што мы не ўпалі духам, бо на словах гэта перадаць не можам падчас судовага пасяджэння, але сваім знешнім выглядам можам даслаць такі мэсэдж і невербальна паведаміць, што з намі ўсё акей, і каб за нас не хваляваліся».

«Гэта таксама закратаваная прастора, але я адчувала сябе больш вольнай», — пра этап у СІЗА Брэста

«Я пачала штодзённа карыстацца касметыкай, а таксама рабіць фрызуру, укладку валасоў, калі мяне этапавалі ў СІЗА-7 — тады мяне абвінавацілі па новай крымінальнай справе і з ШІЗА гомельскай калоніі перавялі ў Брэст. Гэта быў лістапад 2021 года. Я прыехала ў Брэст і адразу адчула палёгку, што я выехала з гомельскай калоніі, дзе мне не было чым дыхаць. Неяк узбадрылася, змяніўшы абстаноўку пасля бясконцых ШІЗА і адчула, што хачу нейкага абнаўлення, новага іміджу. Пачала карыстацца касметыкай кожны дзень.

Тым больш у брэсцкім СІЗА не было абмежаванняў на памыўку галавы, была цёплая вада, што мяне здзівіла і ўразіла. І можна было мыць хоць па 10 разоў на дзень — такая раскоша пасля калоніі. Нібыта гэта таксама закратаваная прастора, але я адчувала сябе больш вольнай і нібы нейкі цяжар з плеч зваліўся.

Хаця, здавалася б, дзіўна, бо ўсё ж такі гэта СІЗА і новая крымінальная справа, але я з вялікай палёгкай выязджала на гэты этап і адносна лёгка яго ды ўсе іншыя, звязаныя з ім акалічнасці, перанесла.

Амаль кожны дзень я мыла валасы, а дзяўчаткі накручвалі мае валасы на касічкі. Выдаваўся таксама пінцэт і нейкія прылады для манікюру.

У брэсцкі СІЗА можна было перадаваць амаль што любую касметыку. Маці мне передала і хайлатар, і румяны, розныя тушы, алоўкі. І я разумела, што мяне зноў асудзяць і давядзецца ехаць у калонію, таму я папрасіла маці, каб яна мне з запасам перадала касметыкі і іншых сродкаў гігіены: розных геляў для душу, крэмаў для цела з прыемнымі водарамі. І ўсю гэтую касметыку супрацоўнікі прапусцілі пры заездзе. І мне шмат чаго хапіла да канца тэрміну».

«Мы адчувалі, і зрабілі выснову, што прыйдзецца сядзець увесь тэрмін» 

Былая палітзняволеная згадвае, што адны з першых жанчын, асуджаных па палітычных справах, доўгі час верылі, што хутка іх усіх вызваляць, але з часам прыходзіла разуменне, што тэрміны ім прыйдзецца сядзець да канца:

«І з таго моманту, як я пачала карыстацца касметыкай у брэсцкім СІЗА, я не страціла звычкі карыстацца касметыкай кожны дзень і рабіла ўкладку валасоў. Для мяне гэта было важна. Такія змены перш за ўсё былі звязаныя з тым, што я змяніла абстаноўку і псіхалагічна нашмат лепш пачувалася ў следчым ізалятары, чым у калоніі.

Пры гэтым доўгі час мяне ў СІЗА ўсюды вадзілі ў кайданках, у тым ліку надзявалі іх у камеры падчас ранішніх і вечаровых праверак, бо адміністрацыя гомельскай калоніі пастфактум уляпіла мне яшчэ адну катэгорыю прафуліку — «схільная да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і праяваў агрэсіі», — а гэта прадугледжвае кайданкі усюды па-за межамі калоніі. Але я не перажывала асабліва з гэтай нагоды, толькі першы час. Новая атмасфера, новая абстаноўка, новае асэнсаванне рэчаіснасці, новы тэрмін — чаму б тады і не новы імідж? Захацелася нейкіх знешніх пераменаў.

Адбылося гэта яшчэ і таму, што з цягам часу да мяне прыйшло асэнсаванне таго, што давядзецца сядзець увесь тэрмін, плюс той, што па новай справе я атрымала. Бо на пачатку палітвязні «першай хвалі» амаль што ўсе спадзяваліся, што мы не будзем сядзець усе тэрміны і значна раней выйдзем на волю.

Але праз час, улічваючы палітычна-грамадскую сітуацыю ў краіне і тое, што рэпрэсіі толькі ўзмацняліся, мы адчувалі, і зрабілі выснову, што прыйдзецца сядзець увесь тэрмін. Надзеі мы, вядома, не гублялі, але асэнсавалі, што трэба так ці інакш змірыцца з абставінамі, прыняць гэтую рэчаіснасць, а таксама прыняць і ўсвядоміць той факт, што жыццё ў любым выпадку працягваецца за кратамі, а мы ўсё роўна застаемся жанчынамі і ніякая сістэма нашую жаноцкасць і жыццярадаснасць зацерці не ў стане.

А калі я прыняла гэты факт, то больш спакойна да шмат якіх рэчаў пачала ставіцца. Увогуле стала больш спакойнай, больш вытрыманай і больш, як мне падаецца, мудрай. Добра, думаю, раз так, значыцца давядзецца неяк выжываць, прычым лепей гэта рабіць з добрым і пазітыўным настроем. Раз не выпускаюць, то буду фарбавацца».

«Удзячная, бо сустрэла шмат палітвязняў»

Паводле Вольгі, этапы — гэта не толькі пра стрэс і хваляванні. Гэта ў тым ліку новыя знаёмствы падчас пераездаў.

«Калі я выехала з калоніі ў лістападзе 2021 года па новай крымінальнай справе, мяне за гэты час правезлі праз некалькі следчых ізалятараў. Часам цягам сутак адразу два этапы было, паспаць увогуле не было магчымасці. У мяне ўвогуле было за час адседкі 10 ці болей этапаў: гэта і жодзінскі СІЗА, і гомельскі ізалятар (так званая «перасыльная камера»), баранавіцкі СІЗА два разы, «Валадарка» тры разы, брэсцкі СІЗА, экспертыза ў Навінках, у якой я адмовілася браць удзел, бо лічу гэта праявай карнай псіхіатрыі.

Нягледзячы на тое, што этап — гэта заўсёды стрэс, бо ты і з вялікімі торбамі едзеш, і ўсюды «шмон», ты ўвесь час заязджаеш— выязджаеш, халодныя аўтазакі, якія не ацяпляюцца, транзітныя камеры, распранаешся ўсюды, трусы здымаеш пры «шмонах» (калі гэта адбывалася пад відэакамерамі, ад такіх «працэдур» я адмаўлялася).

Нягледзячы ні на што, я вельмі спакойна перанесла ўсе гэтыя этапы. Я, наадварот, удзячная Следчаму камітэту за бліскуча сфабрыкаваную крымінальную справу, бо дзякуючы гэтаму павароту лёсу, я сустрэла шмат палітвязняў, я сустракала іх усюды: падчас кожнага этапу і знаходжання ў ізалятарах, у аўтазаках, «сталыпіне» [так зняволеныя называюць цягнік для этапу], у камерах СІЗА, звычайных ці транзітных. Сустракала не толькі дзяўчат, але і нашых хлопцаў. Столькі трагедый, зламаных лёсаў, чалавечай драмы! Яны самі пра ўсё распавядуць, калі прыйдзе час…

Падчас этапу я ўвесь час была ў белай масцы, на якую быў нанесены чырвоным фламасцерам беларускі арнамент — гэта дзяўчынка-палітзняволеная з Валадаркі мне такі падарунак зрабіла. І таму нашы, калі мы з імі перасякаліся падчас этапаў, беспамылкова мяне адразу вылічвалі па гэтай масцы і між намі імгненна ўзнікаў кантакт. Нават калі гэта быў усяго толькі кароценькі пераезд у аўтазаку, мы паспявалі перакінуцца парай слоў з палітвязнямі і паспець сказаць галоўнае. А галоўнае — гэта тое, што мы разам і што нам баліць адзін за аднаго. І што ўсё было недарэмна. Вельмі шмат у мяне з'явілася выдатных сяброў, якіх я вельмі люблю, цаню, і з кім мы да гэтага часу ў вельмі цёплых адносінах.

І ў эмацыйным плане я вельмі добра сябе адчувала, нягледзячы на тое, што дадатковы тэрмін атрымала. Сустрэчы і знаёмствы з палітвязнямі, з блізкімі па духу людзьмі — усё гэта надало мне шмат дадатковых сілаў, пазітыўнага настрою, жадання больш даглядаць сябе.

У часе адседак у ШІЗА і ПКТ я заўважна пачала губляць вагу. Шматлікія этапаванні, адсутнасць нармальнага харчавання і страта апетыту, стрэс, вядома, у выніку прывялі да таго, што я згубіла даволі шмат вагі — больш за 15 кілаграмаў. Не маю нічога супраць гэткіх зменаў, я пачуваюся значна камфортней з новай вагой, але, канешне, такую дыету нікому не раю.

Апроч гэтага, праз моцны крывацёк і як наступства нізкі гемаглабін у мяне дужа трэсліся рукі, і калі я пайшла ў сталовую з атрадам, я не змагла есці суп, рукі дрыжэлі так, што я не магла трымаць у іх лыжку. З часам я проста пачала яго піць з талеркі, калі можна назваць, канешне, талеркай гэтае алюмінівае прыстасаванне».

Пратэст чырвонай памадай і «змова» з Марыяй Калеснікавай

«Падчас «каляднага туру па Беларусі», а таксама па вяртанні ў гомельскую калонію ў сакавіку 2022 года я пачала карыстацца даволі яркімі памадамі.

Большасць супрацоўнікаў калоніі гэта заўважыла, як і ў цэлым змену іміджу, некаторыя з іх нават рабілі кампліменты, пыталіся, чаму я так змянілася. Казалі, маўляў, бачыш, турма пайшла табе на карысць, расквітнела. А я ў адказ жартавала: «Новы тэрмін — новы імідж».

У мяне на вуснах часта была чырвоная памада і шмат супрацоўнікаў калоніі вельмі падазрона на мяне глядзелі. І спыталі: «Што гэта значыць?» У сэнсе «што»? Вясна!

«Дык трэба вусны зялёнай памадай пафарбаваць пад колер нашай формы камуфляжнай», — такі быў адказ.

А іншыя аператыўнікі і адзін з кіраўнікоў калоніі мне адкрыта сказалі, што ім гэта не падабаецца, і навошта гэта я раблю. Ці то я капірую Калеснікаву, ці гэта я такую акцыю пратэсту вырашыла зладзіць, каб пазлаваць людзей у пагонах. Маўляў, у знак салідарнасці з Калеснікавай. І адміністрацыя насамрэч разглядала мой макіяж з чырвонай памадай як пэўную змову.

Некаторыя супрацоўнікі калоніі рабілі кампліменты. Але

ідэалогія пенітэнцыярнай сістэмы і ўвогуле аўтарытарнай сістэмы пабудаваная на падаўленні, здушэнні асобы і асабістасці. Таму выказаць нейкі камплімент і адабрэнне зэку, асабліва палітзэку, азначае прызнаць нейкім чынам, што чалавек у целагрэйцы чагосьці варты. Няважна, ці гэта знешняга віду датычыцца, ці чагосьці яшчэ.

А такога хай сабе завуаляванага адабрэння, лагоднага стаўлення супрацоўнікі ў сёняшняй рэчаіснасці сабе дазволіць не могуць. Хаця гэта зноў жа іх выбар. Кожны сам яго робіць і кожны сам нясе свой крыж. Але гэта тэма асобнай, вялікай гутаркі.

Калі мы знаходзіліся ў сітуацыі сам-насам, нейкія добрыя словы, праявы чалавечнасці мелі месца быць нашмат часцей, чым калі супрацоўнікі калоніі былі аточаныя іншымі супрацоўнікамі, тым больш кіроўнай вярхушкай. Бывала, што і людзі з кіраўніцтва выказвалі мне нейкія кампліменты датычна знешняга выгляду, але даволі часта тут жа ў іх унутры абуджаўся такі «ўнутраны мент», які перамагаў лепшыя чалавечыя якасці і пачынаў блакаваць іх праяву — зэку ж на зоне павінна быць кепска, асабліва «экстрэмісту». Таму казалі звычайна так: «Хорошо выглядишь. Вот видишь, как хорошо в тюрьме. А вы все врете, что мы вас тут пытаем, издеваемся. Да, и ты это… ну… давай, короче… прекращай с этой красной помадой…»

Пазычыла ў каляжанкі падводку для вачэй — гэты сур'ёзны «крымінал»

«Пры канцы адседкі я нават трапіла на камісію па пакаранні, як я гэта называю, за жаданне добра выглядаць. Пазычыла ў каляжанкі падводку для вачэй — гэты сур'ёзны «крымінал». Адразу ж атрадныя стукачы данеслі да вушэй адміністрацыі, прыйшоў супрацоўнік рэжымнага аддзелу, залез у маю касметычку, вывернуў усё яе змесціва на шконку, знайшоў нібыта чужую падводку, прылюдна пачаў мяне прыніжаць і ў выніку склаў на мяне рапарт за «адчужэнне-прысваенне». Я выдатна разумею, што рэч тут не ў падводцы і не ў тым, што я нібыта штосьці такім чынам парушыла (гэта ўвогуле смеху вартае), гэта жаданне асадзіць мяне за іншыя рэчы, прынізіць, адбіць ахвоту выглядаць добра і трымацца незалежна.

На камісіі па пакаранні начальнік калоніі запытаўся ў мяне: «Для каго ты тут фарбуешся?»

«Для сябе», — абсалютна шчыра адказала я».

«Толькі ўявіце сабе: рапарт за тое, што ты мыешся»

«У атрадзе душ адзін амаль што на 100 чалавек… і чарга туды займаецца загадзя. І калі ты туды трапіш, то трэба ўсё вельмі хутка рабіць, а пасля на мокрае цела зноў нацягваць гэтую нязручную форму. Гэта вялікі стрэс і цябе ўвесь час падганяюць, усе крычаць, сварацца. Дарэчы, паводле турэмных правілаў, ты не маеш права карыстацца душам у атрадзе раней за 21:30, толькі калі аб'яўленая ўжо праз «мацюгальнік» «падрыхтоўка да адбою». У 21:30 дзяжурны па ўмывальніках ужо пачынае прыбіраць душ і санвузел. Дык калі тады мыцца? На свой страх і рызыку мы мыліся ў іншы час — вольны ад працы, але за гэта можа быць рапарт. Толькі ўявіце сабе: рапарт за тое, што ты мыешся.

Альбо яшчэ сітуацыя. Улетку ўвечары (калі праца ў другую змену) з забруджанага цэху фабрыкі прыходзяць каля ста потных і брудных жанчын. У цябе літаральна 25 хвілін, каб улезці ў чаргу ва ўмывальнікі і прыбіральню і хаця б нейкія часткі цела абмыць — гэта кашмарна. Калі ж мы працавалі ў першую змену, то ў вольны час пасля працы спрабавалі залазіць у душ.

Але ў любы момант маглі прыйсці начальніцы атрадаў, кабінеты якіх месцяцца ў нашых бараках, і сарваць шторы з душавой кабінкі. І чалавек стаіць папросту аголены і мусіць даваць тлумачэнні, чаму ён карыстаецца душам. Праз такое пекла праходзілі і нашы палітзняволеныя, і іншыя асуджаныя. У лепшым выпадку супрацоўнікі проста зробяць вусную заўвагу, а ў горшым — могуць даць нарад ці рапарт».

«Чатыры ўнітазы на 100 чалавек» 

«Я часам з раніцы не паспавяла схадзіць у прыбіральню, бо ў нас было чатыры ўнітазы на 100 чалавек. І часу вельмі мала: а 6-й падымаешся, а ў 6:25 ужо мусіш пастроіцца на сняданне. Да гэтага трэба заправіць ложак з вельмі маразматычнымі патрабаваннямі — коўдру мы мусілі запраўляць у прасціну ў выглядзе канверта і пры гэтым адлегласці паміж вугламі канверта мусяць адпавядаць пэўным сантыметрам, а шырыня запраўленай у прасціну коўдры, тая яе частка, што бачна пасярэдзіне, мусіць быць памеру з запалкавы карабок. А яшчэ ж трэба апрануцца і ў прыбіральню схадзіць, а там чарга. Усюды чэргі і ўсе злыя з раніцы.

Трапіць у прыбіральню не заўсёды атрымлівалася і праз гэта вельмі часта балеў жывот, бо чалавек пасля ночы павінен схадзіць у туалет, гэта натуральна, але часта такой магчымасці не было. Таму ў прыбіральню я звычайна хадзіла ўжо на фабрыцы.

А яшчэ ж кубачак кавы хочацца выпіць перад пачаткам шалёнага дня, але гэта таксама як пашчасціць. Пазней я пачала ўвечары рабіць каву і ставіць у тумбачку, каб выпіць раніцай. Але па правілах такое не вітаецца, таму я рызыкавала і магла за гэта рапарт атрымаць. А яшчэ памыцца і пачысціць зубы, расчасаць валасы.

Калі гэта зімовы перыяд, то трэба яшчэ касцюм (пінжак і спадніца страшэнна нязручныя), блузу, целагрэйку апрануць, хустку зімовую закруціць (хаця ў некаторых дзяўчат былі шапкі — гэта спрошчвала задачу), боты нацягнуць. За гэтыя 25 хвілін ты на мяжы таго, каб звар'яцець. Як гэта ўсё паспець? Але з часам я неяк прыстасавалася, хоць і праз моцны стрэс і нават знаходзіла магчымасць, працуючы ў першую змену, каб зрабіць макіяж і прычоску.

Мыцца я не паспявала, таму мылася з раніцы міцэлярнай вадой, што захоўвалася ў мяне ў тумбачцы. Зубы чысціла пасля працы.

У плане макіяжу больш за ўсё часу забіралі бровы і мяне гэта часамі вельмі раздражняла. Бо гэтага часу не было. Праз нейкі час пасля арышту мае бровы пачалі сівець і выпадаць. І атрымлівалася, што іх амаль не было відаць на твары, яны былі вельмі рэдкія і збольшага сівыя. Таму я старалася неяк надаць ім дадатковую форму і колеры.

У СІЗА з нанясеннем макіяжу было прасцей, бо ў цябе там вельмі шмат вольнага часу, чаго не скажаш пра калонію, там яго амаль што няма. Ну і праца ў першую змену і гэтыя 25 хвілін на ўсе зборы — так сабе задавальненне. Макіяж заўсёды халтурны атрымліваўся, але, зрэшты, як ёсць, што зробіш — з гэтага і сыходзіла, і старалася не накручваць сябе. Не заўсёды, вядома, атрымлівалася».

Пра стан валасоў і пазногцяў ад умоваў у зняволенні

Вольга адзначае, што дрэнныя ўмовы, створаныя адміністрацыяй, вельмі дрэнна адбіваюцца на стане валасоў, скуры і пазногцяў:

«Праз адсутнасць збалансаванага харчавання, недахоп вітамінаў, а таксама хранічны стрэс (шмат хто з нас сутыкаецца з ім), валасы робяцца ломкімі і тусклымі. Шмат у каго валасы пачынаюць выпадаць. На так званую лазню, што раз на тыдзень, даецца катастрафічна мала часу — каля 15 хвілін, а за гэты час трэба ж яшчэ паспець распрануцца і апрануцца. Добра памыцца не паспяваеш. Проста размазваеш па сабе бруд, так бы мовіць. Шампунь не вымываецца. І на стане валасоў усе гэта вельмі адбіваецца.

Тое самае адбываецца і з пазногцямі. Лакамі карыстацца нельга, перадаваць таксама. Шчыпчыкі адмысловыя таксама нельга перадаваць, пілачкі вельмі прымітыўныя, бо металічныя нельга. Нажнічкамі ў калоніі таксама нельга карыстацца, толькі кліпсерамі. Таму, канешне, прывесці ў парадак пазногці з такім «наборам» інструментаў вельмі цяжка. А ў цябе бясконцыя дзяжурствы, ты лупіш бульбу, мыеш падлогу хлараванай вадой. Нават калі ты робіш гэта ў пальчатках, то ўсё роўна гэта вельмі моцна адбіваецца на стане пазногцяў і рук. Яны робяцца вельмі шурпатыя, з завусеніцамі.

І гэта, канешне, здзек — не даваць памыць валасы жанчыне. І ўвогуле магчымасці нармальна памыцца. Мы ж амаль ўвесь час у галаўным ўборы, галава пацее, асабліва калі браць лета. Галава ўвесь час чэшацца, валасы ўвесь час забруджаныя, з'яўляецца перхаць.

Што цікава, па правілах унутранага распарадку (ПУР) зняволеныя павінны выглядаць ахайна. Але якім чынам гэта можна зрабіць, калі нам не створана для гэтага адпаведных умоў? Вядома, мы самі імкнемся гэта рабіць, для сябе ў першую чаргу, ПУР тут ні пры чым. Але за твае спробы выглядаць ахайна цябе яшчэ могуць і пакараць. Цэнтр Еўропы. 21 стагоддзе. Ну не сярэднявечча?».

Пра лайфхакі па доглядзе за сабой у абмежаваных умовах

«Калі мяне арыштавалі, я была бландзінкаю. Падчас адседкі фарбаваць валасы такой моцнай фарбай нельга, яна нідзе не прадаецца і перадаваць таксама нельга. Таму спачатку выглядала гэта ўсё жахліва: палова галавы — цёмная, палова — белая. Але ў гомельскай калоніі была магчымасць трапіць у цырульню, і што мяне здзівіла, гэта было бясплатна. Там самыя простыя паслугі і трапіць туды можна не так часта, але тым не менш я цешылася, калі атрымала такую магчымасць.

Валасы мне абціналі бруднымі. У цырульні іх не мылі і не дазвалялі табе самому гэта зрабіць, хаця там і ракавіна была, і цёплая вада.

Падчас гэтага візіту я састрыгла частку асветленых валасоў і ў выніку цалкам аднавіла свой натуральны колер. Мне спадабалася. Мне так больш пасуе, як мне падаецца, плюс валасы выглядаюць больш здаровымі. Адзінае, ў мяне вельмі шмат сівых валасоў з'явілася, асабліва апошнія месяцы напярэдадні вызвалення. Таму вызваліўшыся, я іх затаніравала натуральнай фарбай і зрабіла лёгкі контурынг.

Як мне падаецца, мне не дужа пасуюць выпрастаныя валасы, я іх часта падкручваю, у тым ліку рабіла гэта і за кратамі. Бігудзі, плойка, фен — такой раскошы ў нас не было, таму валасы на ноч змочвала ў вадзе і з дапамогай звычайных гумак для валасоў рабіла такія «барашкі». На раніцу трэба было яшчэ паспець іх зняць. Таксама мне падказалі зняволеныя дзяўчаты і я круцілася на шкарпэтку — валасы спіраллю закручваюцца вакол шкарпэткі. А калі быў час, то я або дзяўчаты круцілі валасы на касічкі.

Замест парфумы мы выкарыстоўвалі гель для душу: пэўную колькасць гелю расціралі ў далонях і пасля наносілі гэта на вопратку. Калі гель з даволі моцным водарам, то доўгі час адчуваўся прыемны шлейф. Адзіны мінус, калі на вуліцы быў дождж, асабліва калі я была ў целагрэйцы, то яна пачынала пеніцца, пачыналі вылазіць мыльныя бурбалкі.

Пэўны час у калоніі ў атаварцы прадаваўся парфумаваны спрэй беларускай вытворчасці. Я часам таксама яго набывала, але ў мяне быў ліміт на атаварку амаль з самага пачатку адседкі, бо амаль што адразу мяне прызналі «злосным парушальнікам рэжыму» — гэта толькі дзве базавыя на месяц. А паколькі мяне часта пазбаўлялі пасылак, то былі іншыя патрэбы, на якія трэба было выдаткоўваць гэтую суму. Таму спрэй, нягледзячы на ўсё жаданне, я часта не магла сабе дазволіць. Карысталася падручнымі сродкамі, як і іншыя нашы дзяўчаткі — гелем для душу, цвёрдым дэзэдарантам за вушамі мазала. З часам парфумаваныя спрэі з атаваркі ўвогуле прыбралі».

Адныя майткі на ўвесь тэрмін ШІЗА

«У ШІЗА увогуле няма ніякай магчымасці карыстацца касметыкай. Бо там пры сабе можна мець толькі туалетную паперу, зубную шчотку, пасту, ручнік і мыла. Калі мы прымаем у ШІЗА душ, а гэта раз на тыдзень, то можна папрасіць, каб з атраду прынеслі шампунь і мачалку — але гэта выдаецца толькі на час, калі ты прымаеш душ. То-бок магчымасці карыстацца касметыкай у ШІЗА няма. Там нават не было люстэрка і гарачай вады, што рабіла немагчымымі элементарныя гігіенічныя інтымныя жаночыя працэдуры. Вельмі-вельмі рэдка, і тое пасля адпаведных зваротаў, выдавалася пластыкавая бутэлька з цёплай вадой. Але гэта ўсё было вельмі нязручна і нерэгулярна. 

І камеры ШІЗА абсталяваны відэкамерамі, і ўвесь час могуць глядзець у вочка і ніякай асабістай прасторы. Таму нават калі ты выпрасіш гэтую бутэльку, ты так абмываешся, што больш атрымліваеш стрэс, чым нейкія станоўчыя эмоцыі. Аднойчы я правяла запар 30 сутак у ШІЗА і за ўвесь гэты час мне не далі расчоску для валасоў.

Пра які догляд за сабой можна казаць, калі нават майткі ў ШІЗА ты можаш мець толькі адныя. У маім выпадку было так. І толькі калі пачаўся чарговы моцны крывацёк, мне дазволілі перадаць у камеру яшчэ адну пару ніжняй бялізны.

Папраць, асабліва там, таксама нельга, бо сушыць на батарэі забаронена, можна атрымаць рапарт. Маўляў, праць і сушыцца (апошняе на вуліцы) можна толькі ў «пральны дзень» — нядзелю. Я прала ніжнюю бялізну і ў камеры на свой страх і рызыку, і ў душавой. У камеры пасля вешала майткі на батарэю і закрывала сабой, каб гэтае відовішча не праглядалася праз відэакамеру».

«Выдавалі бутэльку з цёплай вадой»

«Самы цяжкі момант падчас адседкі, калі гаворка ідзе пра дагляд за сабой — гэта ШІЗА, канешне. Пінцэт там нельга было мець і карыстацца ім нават часова. Немагчыма было дэпіляцыю зрабіць, пазногці абрэзаць. І я добра памятаю момант, калі я выйшла пасля 30 сутак, а ты ж яшчэ калі сядзіш у ШІЗА, то не маеш права хадзіць у атаварку і атрымліваць з дома пасылкі, і ў мяне якраз скончыўся шампунь ужо напрыканцы тэрміну ў ШІЗА і толькі мыла кавалачак застаўся. І прыйшлося мыць валасы мылам. Яны сталі яшчэ больш забруджанымі і тлустымі. Добра памятаю свой знешні выгляд па вызваленні з ШІЗА: пазногці доўгія-доўгія, аж закручвацца пачалі, валасы — як вата, бровы — запушчаныя, пад пахамі невядома што… Адчувала сябе першабытным чалавекам.

У ПКТ, дзе я правяла тры месяцы, было трошкі лягчэй у плане догляду за сабой. Дэкаратыўную касметыку, на жаль, ніякую нельга было мець. Але там было люстэрка, мне дазволілі ўзяць у камеру расчоску, крэм для твару, шампунь, гель для душу. На жаль, пінцэтам і пілачкай для пазногцяў таксама нельга было карыстацца. Але ўсё роўна, у параўнанні з ШІЗА, трошкі больш было магчымасцяў мець чалавечае аблічча. Душ таксама толькі раз на тыдзень, вада халодная, але дазвалялася ўжо мець нейкія заколкі для валасоў, таму рабіла нават нейкія прычоскі, асабліва калі валасы былі ўжо забруджаныя. Часамі я мыла валасы халоднай вадой, але старалася рабіць гэта рэдка, бо магла мець праз гэта непрыемнасці.

У атрадзе для мыцця галавы ёсць адмысловы дзень. У ПКТ толькі халодная вада, але часамі ўвечары там выдавалі бутэльку з цёплай вадой і калі яна была вялікая, то я старалася размяркоўваць яе: палову бутэлькі на гігіенічныя працэдуры, а палову на мыццё галавы. Заўсёды стрэсавала, каб ніхто не заўважыў, што я мыю валасы не ў банны дзень.

Што тычыцца дэпіляцыі, то ў калоніі можна карыстацца аднаразовым лязом. Гэта танна, але не вельмі добра для жаночай скуры. Улічваючы, што час памыўкі заўсёды абмежаваны і нас падганяюць, мы, вядома, увесь час рэзаліся».

Што можна перадаваць жанчынам у месцы зняволення, а што — не

Вольга дала некалькі парадаў для сваякоў зняволеных жанчын, якія збіраюць ім перадачы:

«Я б параіла перадаваць шампуні, гелі для душу і крэмы для цела, якія дазволеныя ў месцы зняволення, з максімальна стойкім водарам. Наколькі я ведаю, напярэдадні майго вызвалення ў снежні 2022 году парфумаваныя гелі і крэмы ўжо не дазвалялі перадаваць, але часта падобныя рэчы залежаць ад настрою кантралёраў, могуць быць і выключэнні. Прыемныя водары — гэта тое, чаго нам там вельмі не хапае. Усюды пах потных целаў, потнага абутку, хлоркі і турмы…

Можна перадаваць дзіцячы крэм для скуры, бальзам для валасоў, бальзам для вуснаў. Цвёрдыя дэзікі — таксама вельмі важная рэч. Я для сябе адкрыла мужчынскія дэзадаранты «Old Spice» і ўвесь тэрмін імі карысталася. Яны не пакідаюць белых плямаў і ёсць з салодкім водарам.

Для твару можна перадаваць розныя крэмы. Адзінае, што нельга перадаваць — крэм для скуры вакол вачэй. У СІЗА можна было перадаваць, а ў калоніі — не. Але ёсць крэм адразу для твару і вакол вачэй, два ў адным, так бы мовіць.

Маскі, скрабы і ласьёны перадаваць нельга ў гомельскую калонію. Але штосьці з гэтага можна набыць у атаварцы. Часта мы выкарыстоўвалі кававую гушчу, гэта вельмі добры прыродны скраб, някепска ачышчае скуру. У СІЗА я рабіла пілінг звычайнай содай (у каланійскай краме сода чамусьці не прадавалася і перадаваць яе было нельга).

Адседка з пякельнымі побытавымі ўмовамі, вядома, не найлепшым чынам адбіваецца і на стане скуры. Як і ў цэлым на здароўі. Скура твару робіцца порыстай, з'яўляюцца маршчынкі, якія б у звычайным жыцці ў цябе, магчыма, не ў такой колькасці з'явіліся і не так хутка.

У калоніі дэкаратыўная касметыка забароненая для перадачы: ні пасылкай, ні дробным пакетам, ні рэжымнай перадачай. Можна толькі ў атаварцы набываць. Там выбар невялікі і не самай добрай якасці, але як ёсць. Усё беларускай вытворчасці. Там ёсць шампуні, гелі, мыла, розныя крэмы. Дэкаратыўная касметыка хоць па адной адзінцы заўсёды маецца: пудра, танальны крэм, падводка для броваў, памады — у тым ліку чырвоныя. Але гэта ўсё на аматара, бо вытворчасць беларуская. Не заўсёды ёсць, што патрэбна. Бывае прыходзіш, завоз быў і можна штосьці выраць, а бывае што вельмі сціплы выбар».

«Унутраная прыгажосць — гэта самае вызначальнае, што ёсць у чалавека»

«Асобна я б хацела адзначыць, што не макіяж і прычоска ў чалавеку галоўнае. І гэтая наша з вамі размова ў тым ліку — гэта нават не пра касметыку ўвогуле. Унутраны свет чалавека, яго маральныя якасці і каштоўнасці, тое, што ў яго ўнутры — вось што галоўнае. Не бывае знешняй прыгажосці без прыгажосці ўнутранай. 

Усе нашыя палітзняволеныя дзяўчыны і жанчыны — яны ўсе як адна прыгажуні. І незалежна ад таго, з касметыкай яны ці не. Яны заўсёды прыгожыя, заўсёды ўзнёслыя, у іх адухоўленыя твары, разумныя вочы, годная асанка, высока паднятая галава, шчырая, сціплая, сумнаватая ўсмешка. Такія людзі адразу выдзяляюцца з натоўпу.

І нават калі ты яшчэ не ведаеш чалавека асабіста, толькі ўбачыў яго мімаходам, на адлегласці, але ты адразу разумееш, што гэта блізкі табе па духу чалавек, твой аднадумца, ты яго безпамылкова вылічваеш і адчуваеш. Нашыя жанчыны-палітвязні прыгожыя ў любой вопратцы, з любой прычоскай, пры любым макіяжы або без яго, бо ўнутраная прыгажосць — гэта самае вызначальнае, што ёсць у чалавека.

У такога чалавека заўсёды свецяцца вочы, бо ўнутранае святло, шчырасць і цеплыня праяўляюцца менавіта ў вачах і ніякая турэмная роба не забярэ святло і цеплыню. Хай вочы і не нафарбаваныя, а часам мо і стомленыя ці заплаканыя — але яны ўсё роўна самыя прыгожыя, яны свецяцца, яны жывыя і ў іх такая бяздонная глыбіня!

Усім сваім сяброўкам-палітвязынкам і ўвогуле ўсім палітвязням жадаю як мага хутчэй вярнуцца дахаты, сваякам палітвязняў жадаю моцы і вытрымкі, усіх моцна абдымаю. І, калі ласка, ніколі не губляйце надзеі і веры! Гэтая цемра не назаўсёды!».

Каментары3

  • Вика
    04.04.2023
    Ольге низкий поклон и уважение за стойкость и борьбу!
    Беларусь будет вольнай!
  • Студент
    04.04.2023
    [Рэд. выдалена]
  • беларуска
    06.04.2023
    да сьлёзаў. пакуль чытала артыкул, нават забылася, што я на волі. як жа добра, што я не сядзела...

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне8

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка прыляцеў у Ісламабад. Горад з усіх бакоў акружаны пратэстоўцамі19

У чатырох дамах Мінска ўвялі каранцін. Што такое?

Генпракуратура абяцае не караць аўтара роліка ў тыктоку, калі «экстрэмісцкі» рэсурс выкарыстае гэта відэа2

Кітайцы вырабілі рэальны самалёт-невідзімку. Гэта можа мець наступствы для балансу сілаў15

Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» і сказаў пра «завісанне» сваіх паўмільярда даляраў3

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі14

Стрыжак: Улады рыхтуюць правакацыі з удзелам рэпрэсаваных, скіраваныя на зніжэнне даверу да «Байсола»10

«Смурод невыносны». У доме ў цэнтры Барысава прарвала каналізацыю — два гады таму там быў капітальны рамонт4

Што хаваецца за «смелымі пытаннямі» студэнтаў Лукашэнку?22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне8

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →