Журавіны сапраўды дапамагаюць пры інфекцыях, але не ўсім
Журавіны даўно вядомыя ў якасці народнага сродку для прафілактыкі і лячэння інфекцый мочапалавых шляхоў. Цяпер навукоўцы гэта пацвердзілі, але з пэўнымі ўдакладненнямі.
01.05.2023 / 23:09
Фота: Wikimedia Commons
Новае даследаванне знайшло дастаткова доказаў, якія пацвярджаюць уплыў выкарыстання прадуктаў на аснове журавін на прафілактыку ІМП у жанчын з паўторнымі інфекцыямі, дзяцей і людзей з павышанай рызыкай ІМП (напрыклад, пацыентаў, якія праходзілі прамянёвую тэрапію з нагоды такіх захворванняў, як рак мачавога пузыра). У той жа час не было знойдзена падобных важкіх доказаў эфекту журавін для пажылых людзей і цяжарных.
Журавіны даўно вядомыя ў якасці народнага сродку для прафілактыкі і лячэння ІМП. Ягады багатыя на злучэнні, якія маюць назву праантацыяніды і могуць прыгнятаць рост бактэрый, часта адказных за ІМП, асабліва кішачнай палачкі. Але доказы карысці журавін дагэтуль былі неадназначнымі, бо станоўчыя даследаванні часта фінансаваліся кампаніямі, якія прадаюць прадукты з журавін.
Cochrane Library, якая праводзіла даследаванне — гэта брытанская даследчая арганізацыя, якая карыстаецца павагай за ўсебаковыя агляды даных клінічных выпрабаванняў, звязаных з важнымі тэмамі аховы здароўя. Арганізацыя перыядычна вывучала, ці могуць журавіны прадухіліць ІМП. У апошнім аналізе на гэтую тэму даследчыкі вывучылі 50 даследаванняў з удзелам амаль 9000 удзельнікаў.
Аднак новы агляд не з'яўляецца поўным поспехам для гэтай версіі, адзначае Gizmodo. Аўтары не знайшлі дастаткова дакладных доказаў, якія пацвярджалі б карысць выкарыстання ягад для прафілактыкі ІМП у трох пэўных групах: пажылых людзей, цяжарных жанчын і людзей з нервова-мышачнай дысфункцыяй мачавога пузыра і/або яго няпоўным апаражненнем. Таксама не было дастаткова даных, каб вызначыць, лепш ці горш уплываюць журавіны на прафілактыку ІМП, чым антыбіётыкі або прабіётыкі.
Нягледзячы на гэта, высновы могуць змяніць меркаванне многіх людзей, якія скептычна ставяцца да гаючых сіл журавін. Прынамсі, здаецца, няма асаблівай шкоды ад таго, каб паспрабаваць іх ужываць, калі вы належыце да групы павышанай рызыкі развіцця ІМП. Па словах аўтараў, самым распаўсюджаным пабочным эфектам, пра які паведамлялася ў гэтых выпрабаваннях, быў боль у жываце.
У канцэнтратах журавінавага соку часта шмат цукру, таму піць шмат соку не рэкамендуецца. Зрэшты, сокі або журавінавыя таблеткі з нізкім утрыманнем цукру дапамогуць пазбегнуць гэтай праблемы. З іншага боку, аўтары таксама кажуць, што неабходныя дадатковыя даследаванні, каб высветліць аптымальную дозу для прафілактыкі ІМП і пацвердзіць, хто атрымае найбольшую карысць ад яе прыёму.
Чытайце таксама:
Рыбацкія боты да пояса і трактары, што плаваюць у вадзе. Як збіраюць журавіны на Палессі
У Столінскім раёне пачалі вырабляць рэзаныя журавіны з этыкеткай на палескім дыялекце
Што рабіць, калі вы на святы пераелі, перапілі ці недаспалі? Тры простыя парады ад медыка