Здароўе33

Што рабіць, калі вы на святы пераелі, перапілі ці недаспалі? Тры простыя парады ад медыка

Новы год — тая яшчэ нагрузка для арганізма: каларыйныя стравы, алкаголь ды бяссонная ноч. Як гэта перажыць так, каб не нашкодзіць здароўю? Пра гэта «Нашай Ніве» расказвае Фёдар Сумкін, былы беларускі фельчар, а цяпер парамедык адной з бальніц у польскім Слупску.

Фота: pixabay.com

Як можна падрыхтавацца да застолля

Калі вы маеце хранічныя хваробы страўніка, печані або жоўцевага пузыра, лепш быць умераным у ежы.

«У святы пацыенты звычайна гэтым грэбуюць і налягаюць на маянэз, каларыйныя салаты і іншыя стравы, якія ім есці нельга. Свята — гэта не нагода расслабіцца, памятаем пра дыету, каб не атрымаць абвастрэнне сваіх хваробаў. Нашы людзі заўсёды думаюць, што раптам ім пашчасціць, але не пашчасціць.

Таму асноўны акцэнт павінен быць на тым, каб у святы не даваць сабе слабіну, і гэта датычыцца не толькі ежы, але і ўжывання алкаголю. Потым усе гэтыя людзі, хто перабраў у святы, запаўняюць бальніцы, таму ў медыцыне святы востра адчуваюцца. Калі заплюшчыць вочы, па патоку пацыентаў і іх дыягназах заўсёды бачна, што нядаўна было свята».

Яшчэ многія прывыклі галадаць 31 снежня, маўляў, «не чапай, гэта на Новы год». А потым пасля бою курантаў наядаюцца за ўвесь дзень. Гэта не здорава — ежу варта дазіраваць. Калі проста набіць жывот, то не атрымаеш задавальнення ад ежы — толькі дыскамфорт пасля.

Фёдар Сумкін. Фота: асабісты архіў

Скажам і аб пратэрміноўцы. Сумкін заклікае: выкідайце салаты, якія ўсю ноч прастаялі на стале, і іншыя скорапсавальныя рэчы. Вельмі шмат харчовых атручванняў якраз звязаныя з маянэзнымі салатамі, якія пастаялі на цёплым стале, а потым іх даелі праз тыдзень пасля свята. Таму або гатуем так, каб не заставалася лішняга, або выкідаем тое, што засталося, ці раздаём.

Што рабіць, калі…

… пераеў?

Лепш за ўсё не дапусціць пераядання. Можна есці ўсё, але няшмат.

Калі чалавек пераеў, то магічнай таблеткі, каб выпіў і адпусціла, няма. Ёсць толькі таблеткі накшталт панкрэаціну або мезіму, якія трохі палягчаюць страваванне. Іх лепш прыняць перад тым, як прыйсці на вечарыну, дзе, як вам здаецца, вы можаце пераесці.

… перапіў?

У любой кампаніі, кажа Сумкін, трэба разумець, што, калі нехта перапіў, астатнія павінны засцерагчы яго ад дрэнных наступстваў. Варта пакласці яго на бок, таму што калі пакінуць чалавека на спіне і забыць пра яго, можа пачацца рвота, і чалавек ёй можа захлынуцца. Перыядычна правяраем, як сябе адчувае чалавек, бо нельга яго пакідаць аднаго на доўгі час, і калі бачым, што чалавеку робіцца горш, выклікаем медыкаў.

Калі чалавек выпіў столькі, што ўжо ні на што не рэагуе, магчыма, яму таксама спатрэбіцца дапамога медыкаў, бо гэта сур’ёзны стан. У дыягназе так і пішуць — вострая алкагольная інтаксікацыя.

Так што кладзём чалавека на бок і поім яго вадой.

«Раніцай даём яму шмат мінеральнай вады, лепш без газу, морс ці кампот, то-бок як мага больш вадкасці, можна зварыць курыны булён ці іншы добры суп. З часам усе таксіны выйдуць разам з мачой», — расказвае парамедык.

Яшчэ вельмі важна не саджаць чалавека і не дазваляць яму сядзець на кукішках, бо тады можа ўзнікнуць сіндром працяглага здушэння і можна застацца без ног. Былі выпадкі, калі п’яныя людзі садзіліся на кукішкі і засыналі, і ў іх парушалася кровазабеспячэнне канцавін, даводзілася ампутаваць ногі. 

Не трэба пахмяляцца, хаця шмат хто гэта і раіць. Так вы проста зробіце ваш стан яшчэ больш нестабільным. Як і ў выпадку з ежай, няма магічнай таблеткі, якая адразу зробіць вас здаровым.

Медык перасцерагае: «Трэба больш асэнсавана ставіцца да свайго здароўя і да святаў, бо некаторыя рэчы лепш за ўсё і танней за ўсё перадухіліць, чым лячыць. Хопіць адной п’янай вечарыны, каб назаўсёды сапсаваць сабе жыццё. Цяпер на вуліцы холадна, і калі пасля нейкай тусоўкі заснуць недзе на лаве, гэта можа скончыцца пераахаладжэннем і запаленнем лёгкіх, і наступствы ад гэтага могуць пераследваць цябе ўсё жыццё, а звязаныя яны будуць з адзінай гулянкай, дзе ты не падумаў і напіўся».

… недаспаў? 

Тут проста: трэба знайсці прамежак часу і адпачыць, выспацца. Няма спосабу інакш аднавіць свае сілы, чалавеку патрэбны сон, здаровы і рэгулярны.

Таму заварваем добрую гарбату, прымаем гарачую ванну і спім як мае быць.

Энергетыкі і кава могуць дапамагчы, але, папярэджвае парамедык, яны працуюць толькі тады, калі ў арганізма ёсць рэсурсы.

«Хаця, калі пачытаць склад энергетыку, у ім нашмат менш кафеіну, чым у добрым кубку нармальнай кавы ці гарбаты, таму кава ці гарбата павінны даць больш сіл.

Энергетыкі ж працуюць, бо там ёсць цукар, трохі кафеіну і іншыя дадаткі, але ўсё гэта можна замяніць на іншыя прадукты, тую жа салодкую гарбату. Не разменьвайцеся на таннае. Набудзьце добрую каву ці гарбату, і гэта спрацуе гэтак жа».

Напэўна, з энергетыкамі яшчэ рэч ў тым, што яны дзейнічаюць за кошт плацэба. Таму, мяркуе Фёдар, калі папіць вады і даць сабе ўстаноўку, што яна цябе ўзбадзёрыць, напэўна, так яно для некаторых і будзе.

Сумкін заўважае, што лепш не змешваць энергетыкі з алкаголем. Кафеін і алкаголь пашыраюць сасуды, таму адно рэчыва ўзмацняе дзеянне другога. Зразумела, што мы адчуваем ад гэтага эфект.

Калі ў цябе сесія ці нейкі дэдлайн і ты адзін раз выпіў энергетык, гэта можа спрацаваць, але не на пастаяннай аснове. Рана ці позна ў арганізма скончыцца энергія, бо ў кожнага ёсць свой рэсурс працаздольнасці.

«Таму, калі паставіць піццё энергетыкаў на паток, гэта — прамая дарожка да тахікардый, інсультаў і інфарктаў. Людзі думаюць, што калі ім 30 гадоў, гэта іх не закране, але ж усе такія хваробы за апошні час памаладзелі», — перасцерагае медык.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Як наблізіць традыцыйныя святочныя стравы да правіл здаровага харчавання. Тлумачыць дыетолаг

Аліўе, крабавая салата і селядзец «пад футрам»… ​Што самае шкоднае за навагоднім сталом і як з ім змагацца?

Каўбасы, сыры, грашовыя сертыфікаты. Што паклалі работнікам заводаў у навагоднія падарункі

Каментары3

  • Дидан ноцах! Жыве Беларусь!
    30.12.2022
    Что делать, если вы на праздники переели, перепили или недоспали? Три простых совета от медика - с этим ясно.
    Есть совет проще и эффективнее: посмотреть, если найдете где - выступление новогоднее Вовки или Сашки - вас вытошнит так, что ещё и похудеете. Правда есть побочный эффект - экран телевизора потом придется вытирать.

    Ноу-хау: наша семья ранее специально смотрела выступления луки, повесив на угол телевизора черную ленту. Тогда это выглядит позитивно.
  • ..
    30.12.2022
    той самы блогер Сумкін, каторы эфіры з келіхам піва вёў?
  • Чытач НН
    30.12.2022
    Што рабіць, калі перапіў не таго і пераспаў ня з той?
    Праблевацца.

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →