«Грошы ўтрымаем з адпускных». Беларускім настаўнікам прапаноўваюць пуцёўкі ў акупаваны Крым
У адной са школ Наваполацка настаўнікаў індывідуальна выклікаюць да дырэктара і настойліва прапануюць набыць пуцёўкі ў Крым.
02.05.2023 / 13:52
Крым. Фота: Nikolay Vorobyev / Unsplash
Прычым, як вядома «Нашай Ніве», абяцаюць, што грошы за пуцёўкі потым утрымаюць з адпускных і нават кампенсуюць 30% іх кошту.
Такія прапановы настаўнікам адбываюцца на фоне заяў украінцаў аб хуткім контрнаступе, адным з кірункаў якога можа быць і Крым. Інструкцыі, як дзейнічаць у выпадку ваенных дзеянняў, да прапановы не выдаюцца.
Ад самага пачатку акупацыі паўвыспы ля берагавой лініі пачалі расці гатэлі. Іх колькасць дасягнула амаль паўсотні. А гэта каля чатырох тысяч месцаў. Да гэтага трэба дадаць яшчэ афіцыйна зарэгістраваныя 364 аб'екты, у якіх таксама размяшчаюць турыстаў. Да таго ж і колькасць пляжаў вырасла з 260 да 455.
Колькі каштуе пуцёўка ў Крым? Згодна з прэйскурантам на сайтах турагенцтваў, 14 начэй у маі-чэрвені абыдзецца ад 130 да 550 даляраў у залежнасці ад разраду гатэля. Сярэдні кошт пуцёўкі з пераездам, пражываннем у гатэлі з трохразовым харчаваннем будзе складаць прыкладна 230 даляраў.
Для параўнання: толькі пяць дзён у звычайным двухпакаёвым нумары айчыннага адносна таннага санаторыя «Нарач» абыдзецца беларусам у 242 даляры.
Пуцёўкі ў Крым для беларусаў таннейшыя, чым для расіян.
Чытайце таксама:
Гэта элемент падрыхтоўкі да маштабнага наступлення УСУ — Гумянюк аб падрыве нафтабазы ў Крыме
У Крыме збіраюцца да лета наладзіць чыгуначнае злучэнне з Беларуссю