Фільтр для вады, на стварэнне якога натхнілі абарыгены
Гісторыя фільтра для вады Ecofiltro, які сёння вырабляецца ў прамысловых маштабах, пачалася ў Гватэмале ў 1980-х гадах. Мэтай яго распрацоўкі было забяспечыць пітной вадой ўсе рэгіёны краіны.
08.05.2023 / 20:43
Фільтр для вады Ecofiltro. Фота: ecofiltroeurope.com
Навуковец з Інстытута прамысловых даследаванняў і тэхналогій Цэнтральнай Амерыкі Фернанда Мазарыегас (Fernando Mazariegos) працаваў над праектам для Міжамерыканскага банка развіцця. Яго задачай было знайсці эфектыўны, экалагічны і эканамічны спосаб ачысткі для таго, каб забяспечыць доступ усіх ахвотных да пітной вады.
У пошуку рашэння яму дапамог жыццёвы вопыт мясцовага насельніцтва. Пасля стварэння і выпрабавання некалькіх прататыпаў быў распрацаваны варыянт, які цяпер вядомы пад маркай Ecofiltro.
У сучаснай распрацоўцы выкарыстоўваецца блок фільтрацыі, які ўяўляе сабой «кампазітны» матэрыял, утвораны з трох натуральных матэрыялаў: гліны, пілавіння і калоіднага срэбра.
Гліна стварае мікраскапічныя каналы ва ўнутраных сценках блока фільтрацыі і затрымлівае ўсе забруджвальныя рэчывы, якія існуюць у вадзе, у тым ліку цвёрдыя часціцы, бактэрыі і паразітаў.
Пілавінне ў працэсе ператвараецца ў актываваны вугаль, які пазбаўляе ад непрыемнага паху, смаку і мутнасці вады незалежна ад яе паходжання (ручай, рака, калодзеж або возера).
Калоіднае срэбра наносіцца на паверхню керамічнага фільтра пасля яго праходжання праз печ. Гэта натуральны бактэрыцыд, які выкарыстоўваецца ва ўсім свеце для ачысткі вады і не мае пабочных эфектаў. Слой срэбра працуе як другі ахоўны пласт, які нейтралізуе забруджаныя рэчывы.
Чыстая вада збіраецца ў эмаліраваную пасудзіну, з якой затым падаецца праз кран.
Першапачаткова кампанія вырабляла фільтры для выкарыстання ў прамысловых і камерцыйных мэтах. У 2000 годзе была заснаваная некамерцыйная арганізацыя, якая ў 2009 годзе запусціла праграму «Social Business Model», якая накіраваная на барацьбу з праблемай доступу да чыстай вады ў розных краінах.
Яна заснаваная на ідэі сацыяльнага прадпрымальніцтва, якая прадугледжвае камбінацыю камерцыйнай дзейнасці і сацыяльнай місіі. На практыцы гэта значыць продаж прадукту з прыбыткам, які выкарыстоўваецца для пашырэння доступу да чыстай вады ў бедных і аддаленых раёнах.
Фільтр прадаецца ў развітых краінах (там яго кошт даходзіць да 180 еўра), а грошы ад продажу накіроўваюцца на выраб і пастаўку Ecofiltro па зніжаных коштах ці бясплатна ў раёны, якія адчуваюць праблемы з доступам да пітной вады.
Прынцып працы Ecofiltro заснаваны на простым і эфектыўным метадзе фільтрацыі, які робіць яго даступным для выкарыстання ў розных умовах.
Фільтр прыдатны для шматразовага выкарыстання. Вытворцы рэкамендуюць яго чысціць раз на шэсць месяцаў. Тэрмін службы аднаго фільтруючага кампанента складае два гады.
Ён таксама экалагічна бяспечны, бо не выкарыстоўвае хімічныя рэчывы для ачысткі, і можа быць выкарыстаны ў якасці альтэрнатывы бутыляванай вадзе, што змяншае колькасць выкінутых пластыкавых бутэлек.
Чытайце яшчэ:
Металы, бактэрыі і рэшткі пластыку. Вось чаму лепей не піць вады ў бутэльках
Тры рэцэпты, як пазбавіцца смуроду з ракавіны
Створаны графенавы фільтр, які можа ачысціць нават марскую ваду