У Гомелі заўтра пачынаецца суд над журналістам і краязнаўцам Яўгенам Меркісам
Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
10.05.2023 / 12:34
Яўген Меркіс. Фота: сацыяльныя сеткі
Гомельскі абласны суд 11 мая пачне разгляд крымінальнай справы журналіста-фрылансера і краязнаўца Яўгена Меркіса. Яго абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), нагадвае «Вясна».
Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Аляксей Хлышчанкоў.
Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года ў Гомелі. Па месцы жыхарства быў праведзены ператрус. Да суда журналіст быў змешчаны ў СІЗА № 3 Гомеля.
Меркіс асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых «дармаедаў» у 2017 годзе. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за сваю журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.
Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю.
Вядома таксама, што Яўгена Меркіса ў СІЗА-3 змяшчалі на чацвёра сутак у карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся.
Чытайце таксама:
Перастаў працаваць краязнаўчы сайт, які ствараў палітвязень Яўген Меркіс