Судзіць былога журналіста, гісторыка і краязнаўца будзе Гомельскі абласны суд — менавіта туды пракуратура перадала матэрыялы справы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Дата пачатку суда пакуль невядомая.
Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года, абвінаваціўшы паводле арт. 361-4 КК Беларусі — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». У чым канкрэтна выявілася «садзейнічанне», не паведамляюць дагэтуль. Пасля затрымання па месцы жыхарства журналіста адбыўся ператрус з выняццем носьбітаў інфармацыі. Ператрусы праведзеныя былі таксама па месцы жыхарства бацькі Яўгена, а таксама ў ягоных сяброў.
Ад верасня 2022 года Яўген утрымліваецца ў гомельскім СІЗА № 3. Сёлета ў сакавіку пасля заканчэння следства ён меў кароткатэрміновую сустрэчу з роднымі. На здароўе не скардзіўся, хоць прастудных захворванняў не абмінуў. У снежні пабываў у карцары нібыта за тое, што не пагаліўся.
Да затрымання Меркіс ужо шмат месяцаў не працаваў журналістам. Журналісцкую дзейнасць яму давялося пакінуць з прычыны таго, што шэраг незалежных СМІ, у тым ліку і тыя, з якімі ён супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў».
Як гісторык паводле адукацыі, Яўген засяродзіўся на краязнаўстве. Атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Таксама ён валодае і англійскай мовай, у СІЗА спрабаваў вывучыць яшчэ і французскую, але, наколькі вядома, меў цяжкасці з атрыманнем падручнікаў.
Яўгену Меркісу пагражае ад двух да шасці гадоў зняволення.
Каментары