Расія дэнансуе Дамову аб звычайных узброеных сілах у Еўропе
Расія дэнансуе Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), паведаміла агенцтва «РІА-Навіны» са спасылкай на адпаведнае распараджэнне.
10.05.2023 / 15:54
Фота ілюстрацыйнае
Дамова аб звычайных узбраеннях у Еўропе была падпісаная ў Парыжы ў 1990 годзе прадстаўнікамі 16 дзяржаў, тагачасных членаў НАТА, і шасці ўдзельнікаў Арганізацыі Варшаўскай дамовы, а ў 1999 годзе на саміце АБСЕ ў Стамбуле быў падпісаны абноўлены варыянт пагаднення.
Бестэрміновая дамова мела на мэце стварэнне сістэмы для абмежавання колькасці звычайных узбраенняў: танкаў, баявых браніраваных машын, артылерыйскіх гармат, баявых самалётаў і ўдарных верталётаў.
Адаптаваную дамову ратыфікавала толькі чатыры краіны: Расія, Беларусь, Казахстан і Украіна, — хоць дакумент падпісалі прадстаўнікі трыццаці дзяржаў.
У 2007 годзе Расія абвясціла аб мараторыі на выкананне ўмоў пагаднення «да таго часу, пакуль краіны НАТА не ратыфікуюць пагадненне аб адаптацыі і не пачнуць добрасумленна выконваць гэты дакумент».
У 2015 годзе Расія таксама прыпыніла свой удзел у пасяджэннях сумеснай кансультатыўнай групы па ДЗУСЕ, завяршыўшы такім чынам працэс прыпынення свайго сяброўства ў дамове, але чыста юрыдычна працягвала заставацца ў ёй. З таго часу інтарэсы Расіі ў гэтай групе прадстаўляла Беларусь.
Глядзіце таксама:
Расія сёння ўдарыла па цэнтры Херсона
Расійскія гастралёры інсцэніруюць антыўкраінскія мітынгі ў Еўропе — Le Monde