Святар Кухта ў «Жыцці-маліне» расказаў пра асаблівасці мітрапаліта Веніяміна, кантраст двух патрыярхаў і сваю працу ў ІТ
Ці можа быць дараванне Лукашэнку? А таксама пра грошы для царквы і для епіскапа, мітрапаліта Веніяміна і Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея, і чаму прыбралі мітрапаліта Паўла, расказаў святар Аляксандр Кухта ў чарговым выпуску ютуб-канала «Жыццё-маліна».
14.05.2023 / 09:12
Святар Аляксандр Кухта ў часе інтэрв'ю. Скрыншот відэа ютуб-канала «Жыццё-маліна»
Ці Лукашэнка — кандыдат у пекла?
На такое пытанне святар адразу заўважыў, што ён не Госпад і не вырашае, хто выратуецца, а хто не. Трэба таксама памятаць, што хрысціянства — гэта рэлігія не справядлівасці, а любові і ўсёдаравання. Айцец Аляксандр нагадвае, што ў Евангеллі Госпад кажа:
«Грэх і блюзнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям» (Евангелле ад Мацвея 12:31).
Пытанне ў тым, што гэта азначае.
Айцец Аляксандр тлумачыць, што такое адбываецца, калі падзеі пераварочваюцца з ног на галаву. Калі зло называецца дабром, а дабро — злом. Мір называюць вайною. «І вось гэта і ёсць блюзнерства супраць Святога Духа. Калі ты пераварочваеш карціну свету. Гаворыш, што мір — гэта вайна.
І вось гэта не даруецца. І вось тут у выпадку з Лукашэнкам у мяне пытанне. Слухаючы яго прапагандыстаў, нейкія яго выступленні, я разумею, што тая рэальнасць, якую ён будуе, гэта тая рэальнасць, у якой адбываецца зневажанне праўды. Адбываецца тое самае блюзнерства супраць Святога Духа. І мы памятаем Евангелле, дзе сказана, што гэта не будзе даравана».
Навошта Лукашэнка бывае ў царкве
Зварот Лукашэнкі да Царквы святар тлумачыць палітычнымі прычынамі. «Царква — глыбінная сіла, якую можна і хочацца выкарыстаць і праз яе атрымаць нейкую сакральную легітымнасць. Калі яна іншым шляхам не атрымана, то яна як бы павінна быць зверху, ад Бога.
Ён прыязджае ў храм і выкарыстоўвае яго як трыбуну для сваіх палітычных выступаў. Увесь гэты антураж павінен працаваць на тое, каб усе бачылі, што Царква з ім. Але па факце гэта проста выкарыстанне рэлігіі ў сваіх мэтах».
Святар лічыць, што гэта здзек з рэлігіі, з беларускага хрысціянства, трагедыя якога ў тым, што ўсе рэлігійныя арганізацыі Беларусі, якія існуюць легальна, усе залежныя ад дзяржавы.
«Яны ўсе знаходзяцца на павадку ў дзяржавы. Пасля 2020-га года ён стаў максімальна кароткі. Трэба рваць гэты павадок, калі мы хочам гаварыць пра Хрыста, які ёсць Свабода».
Ці верыць Лукашэнка ў Бога
На думку айца Аляксандра, як і ўсе людзі, Лукашэнка «адчувае, што там нешта ёсць. У яго з гэтай нагоды ёсць дзірка, якая баліць. І ён спрабуе яе закрыць. Але робіць гэта вельмі простым спосабам. Па сутнасці, магіяй. Ён шукае вельмі простыя алгарытмы кшталту: я пацалаваўся з мітрапалітам, ён са мной цалуецца, значыць усё нармальна. Гэта не ёсць рэлігіяй».
Ці магчыма дараванне за гвалт
Адносна даравання тым, хто ўчыніў гвалт супраць іншага, святар заўважае, што дараванне магчымае. Але ён больш бы звяртаў увагу не на тое, наколькі чалавек пакаяўся ва ўчыненым, а на тое, наколькі ён змяніўся: «Ты зразумеў, усвядоміў, змяніўся і больш да гэтага не вернешся. І па магчымасці ты загладзіш памылкі мінулага. Гэта і ёсць пакаянне».
Такі падыход хрысціянства не можа падабацца тым, хто пацярпеў у 2020-м годзе. Але, як адзначае айцец Аляксандр, «хрысціянства — нязручная рэлігія».
Чаму пайшоў у валанцёрскі лагер пад Акрэсціна
Аляксандр Кухта згадвае, што пад сценамі Акрэсціна ён апынуўся на трэці дзень пасля выбараў. «Праходзяць выбары. Тры дні абсалютнага хаосу, калі ніхто нічога не разумее. Усім вельмі страшна.
І я разумею, што гэта хіба што тое месца, дзе можа знайсці сваё выкарыстанне святар. Таму што гэта месца, дзе людзям балюча, і, магчыма, я змагу прыняць на сябе ўдар і проста нейкім чынам яго аблегчыць. Быць тым самым опіумам для народу. У сэнсе опіум як абязбольвальны сродак. Тады прыйшло разуменне, што гэты стыхійны лагер пад Акрэсціна — прынцыпова важнае месца.
Падчас вайны ў нас, па ідэі, ёсць правілы і законы вайны. Яны прапісаны ў міжнародных дакументах. Ёсць зоны, якія не павінны цярпець ад баявых дзеянняў. У першую чаргу, гэта шпіталі.
І вось Акрэсціна, калі гаварыць пра падзеі 2020 года як пра своеасаблівую вайну, гэта той самы «пункт міру», той самы шпіталь, які не павінен цярпець ад ніякага агню. Я палюбіў гэта месца, зразумеў, што яго трэба абараняць, нягледзячы ні на што».
Святар згадвае, што калі людзі ішлі з цэнтра горада пад сцены Акрэсціна, ён з валанцёрамі вельмі баяўся, што выйдзе АМАП і пачне збіваць людзей і заадно знясе лагер, і лагер не будзе мець магчымасці вярнуцца. Таму яны пайшлі насустрач і папрасілі зрабіць так, каб лагер не пацярпеў. «Лагер — гэта зона, свабодная ад баявых дзеянняў».
Пра ўдзел у паніхідзе па Раману Бандарэнку і размову з мітрапалітам
Святар згадвае, што памятае шок, які ахапіў усіх, калі памёр Раман.
У той дзень, калі стала вядома пра смерць, святар знайшоў кантакт яго сястры, напісаў ёй і прапанаваў служыць службу. На наступны дзень была невялікая служба ў «двары Перамен». Затым разам з айцом Уладзіславам яны служылі памінальную службу. Пазней са святаром размаўляў мітрапаліт Веніямін.
«Ён прыняў мой аргумент, што я выконваў свой абавязак святара. Я быў святаром у тым месцы, дзе людзям балюча, там, дзе людзі хацелі бачыць святара, там, дзе святар павінен быць. Ён гэта пачуў, — згадвае святар і дадае:
Ёсць такая фраза: царква па-за палітыкай. Яна выкарыстоўваецца для таго, каб заткнуць раты непажаданым. Хадзіць на Усебеларускі народны сход — гэта, зразумела, «мы па-за палітыкай». Цалавацца з чыноўнікамі, фатаграфавацца з імі — гэта па-за палітыкай. А як толькі святар называе зло злом, дабро дабром, гэта ўжо ўсё — «ты навошта ў палітыку палез».
Параўнанне двух патрыярхаў
Святар лічыць, што фігура Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея па маштабах большая за фігуру патрыярха Кірыла:
«Да патрыярха Кірыла няма доступу пасля афіцыйнай сустрэчы. Там ёсць ахова, пратакол. Патрыярх Кірыл — гэта фантомны вобраз, на які ты паглядзеў здалёк, а дакранацца рукамі нельга. У яго няма чалавечнасці. Няма жыцця. Хрысціянскай любові».
Айцец Аляксандр дзеліцца сваімі ўражаннямі ад прэс-канферэнцыі Канстанцінопальскага патрыярха па выніках візіту ў Літву: «У яго выдатная англійская мова. Ён гаворыць вельмі проста і зразумела. Пасля сарака хвілін выступлення ён сказаў, што мы можам падысці, калі маем нейкія пытанні, прапановы, і што ён прывёз усім падарункі ў сувязі з візітам у Літву. Гэта былі крыжыкі, пацеркі, абразкі».
Пра грошы Царквы і грошы для епіскапа
Айцец Аляксандр тлумачыць, што няма вызначанага для ўсіх святароў узроўню заробку. Ён залежыць ад канкрэтнага прыхода. Грошы, якія паступаюць, размяркоўваюцца на гаспадарчыя патрэбы, заробак настаяцеля і святароў, хору, рэалізацыю сацыяльных праектаў ці дапамогу прыхаджанам, якія маюць патрэбу.
Да думку святара, час вялікіх грошай для Царквы прыпаў на 1990-я — пачатак 2000-х, калі яна адбудоўвалася пасля 70-ці гадоў забароны. Цяпер яна такіх грошай не мае. Ён называе тры крыніцы даходу: свечкі і грошы прыхаджан, бізнэс (спонсары), вялікія праекты з удзелам дзяржавы.
Айцец Аляксандр адзначае, што праблема Праваслаўнай царквы ў тым, што ў яе вельмі непразрыстыя фінансы. Настаяцель храма ў Беларусі сёння мае магчымасць сам вырашаць, куды накіроўваць атрыманыя ад прыхаджан грошы: на гаспадарчыя работы, місіянерскую дзейнасць, дабрачыннасць. А можа купіць сабе «Мерсэдэс».
І ў прынцыпе, адзначае святар, адсачыць гэтыя грошы амаль немагчыма. Спробы ўвесці прыходскую дэмакратыю, дзе сродкамі распараджалася б прыходская рада, у Беларусі вельмі рэдкія. І гэта прыватныя ініцыятывы святароў на месцах.
Акрамя таго, праблема непразрыстых фінансаў, на думку айца Аляксандра, у тым, што прыходы нейкую фіксаваную суму перыядычна плацяць у епархію.
Святар адзначае: «Царкоўная сістэма падобная да феадальнай. Мой епіскап — мой феадал. Неабходна сябраваць з епіскапам. Няма сістэмы абароны ад епіскапа. Я павінен яму падабацца. Таму ў нас склалася вельмі ганебная практыка даваць епіскапу грошы ў канвертах, калі ён прыязджае.
Так было з мітрапалітам Паўлам. Прыязджае нейкі картэж, адбываецца ўрачыстая служба. Для людзей усё вельмі прыгожа. У той час таемна настаяцель дае мітрапаліту Паўлу канверт з грашыма з удзячнасцю, што той прыехаў».
Але святар згадвае і іншы прыклад, калі мітрапаліт Веніямін прыязджаў у адзін з храмаў у Мінску на вуліцы Матусевіча і даваў грошы, таму што храму яны былі неабходныя. Храм займаецца людзьмі са слабым зрокам. Да 20-га года той храм карміў бяздомных.
Праца ў ІТ
Па словах Аляксандра Кухты, каб ён не пайшоў вучыцца ў семінарыю, то, як і яго сябры па Ліцэі БДУ, стаў бы праграмістам:
«У мяне заўсёды быў нейкі боль, мне хацелася пражыць альтэрнатыўную версію сябе. Мне хацелася пахадзіць у офіс, папрацаваць у ІТ. І ў 2018 годзе я працаваў на адну кантору, якая абслугоўвала крыптасістэмы. Я атрымаў гэты досвед. Пражыў гэтае жыццё і зразумеў, што жыццё свабоднага мастака, святара мне падабаецца намнога больш».
Аднак айцец Аляксандр зноў вярнуўся ў сферу ІТ у 2021 годзе. Але з іншых прычын:
«Гэта была гісторыя абсалютнага выгарання пасля 20-га года. Мяне канчаткова дабіла гісторыя з Ігарам Лосікам. Яна выпаліла ўсё. Я разумеў, што, як святар, я на доўгі час не здольны даць нічога і мне неабходна была зона бяспекі. Гэта была спроба схавацца.
Я працягваў па выхадных служыць у храме, а пяць дзён на тыдзень хадзіў у офіс. Вайна ва Украіне ўсё змяніла, і я звольніўся. Я зразумеў, што адышоў ад шоку выгарання папярэдняга года, і зразумеў, што не змагу сябе паважаць, калі не выступлю супраць вайны. Таму, каб не падстаўляць кантору, я сышоў».
Пра мітрапаліта Веніяміна
На думку святара, мітрапаліт Веніямін — ідэальны манах. «Магчыма, яго трагедыя ў тым, што добры манах стаў епіскапам. Гэта розныя ролі. Епіскап — адміністратар, манах — адзіночка, які жыве адзін і думае толькі пра сябе і пра Бога».
Айцец Аляксандр пацвярджае распаўсюджаны погляд на мітрапаліта Веніяміна як на малітоўнага чалавека і аскета:
«Ён да сёння, нягледзячы на тое, што мітрапаліт і тэхнічна можа вырашыць усе свае праблемы з фінансамі і жыллём, жыве ў Мінскім епархіяльным упраўленні ці ездзіць у свой манастыр у Ляды. Там у яго домік з перабудаванай лазні. І ездзіць ён на старой машыне, на якой ездзілі мітрапаліты да яго ўжо гадоў дзесяць.
Яму ўсё роўна, як выглядае гэта машына. Адваротны бок усёй гэтай гісторыі ў тым, што ён не ведае, як працуюць грошы. Ён не вельмі разумее, дзе і як іх браць. Як уладкавана жыццё звычайных людзей. Таму што ён манах».
Святар думае, што як чалавек мітрапаліт Веніямін харошы і класны як манах. «Але не кожны харошы чалавек здольны быць харошым епіскапам. Таму што быць епіскапам — значыць несці адказнасць за вялікую арганізацыю і быць пракладкаю паміж ціскам грамадства і дзяржаваю. На гэта патрэбен талент. У яго гэтага няма.
Таму праект «мітрапаліт Веніямін» атрымаўся ідэальны для ўлад, а для Царквы ў цэлым — правальны»,
— мяркуе айцец Аляксандр.
Айцец Аляксандр заўважае:
«Калі б ён стаў мітрапалітам у, напрыклад, годзе 2013-м, магчыма, гэта быў бы залаты час для Царквы, таму што ў яго ёсць вельмі добрая якасць. Ён практычна не душыць, умее пачуць і слухаць, не знішчаць нейкія ініцыятывы, нават калі ён іх не разумее.
Праблема ў тым, што ён стаў мітрапалітам пасля выбараў 2020-га года. У Беларусі дзяржава з рэлігіі хоча зрабіць падпорку для ўласнай легітымнасці.
І ў гэтым сэнсе, на мой погляд, трагедыя мітрапаліта Веніяміна ў тым, што ён не ацаніў сваіх сіл, не ацаніў часу і не здолеў выставіць бар’ер паміж сабою і дзяржаваю. І па сутнасці, здаўся дзяржаве».
Чаму прыбралі мітрапаліта Паўла
Айцец Кухта падкрэслівае, што версію пра тое, што мітрапаліта Паўла прыбралі з-за таго, што ён падтрымаў пратэсты, нельга пацвердзіць.
«Ніхто не ведае, за што яго прыбралі. Але версія такая ёсць. Скандал з яго прыбіраннем адбыўся ў першыя дні пратэстаў. Была ідэя служыць малебны на плошчы каля Кафедральнага сабора аб захаванні міру і спыненні гвалту.
Я памятаю, як на чацвёрты ці пяты дзень мітрапаліт Павел заходзіў у сабор. Яго спынілі людзі, пачалі прасіць арганізаваць службы. У тым ліку людзі пыталіся, як так выйшла, што ён першы павіншаваў Аляксандра Лукашэнку.
Ён не хацеў прасіць прабачэння, але сказаў нешта кшталту: «Калі вам ад гэтага балюча, то прабачце мне, калі ласка». Гэта не было прабачэнне на ўсю краіны. Тым не менш, журналісты гэта разнеслі, як быццам ён адклікае сваё віншаванне назад. І пасля гэтага ў яго, як мне здаецца, пачаліся праблемы», — дзеліцца сваімі назіраннямі святар.
Стаўленне да Святланы Ціханоўскай
Аляксандр Кухта пакрэслівае, што яму не падабаецца крытыка Ціханоўскай:
«Мы спрабуем прымусіць чалавека рабіць подзвігі. Яна і так іх робіць. І за гэта ёй вялікі дзякуй. Яна і так пайшла шляхам, па якім ніхто іншы не пайшоў. Гэта па-першае. Па-другое, лепшае, што кожны з нас можа зрабіць, гэта зрабіць сам. А не чакаць, пакуль нехта прыйдзе зверху і ўсё гэта нам зробіць. А мы, можа быць, пойдзем».
Пра слова «хрысціянская» ў назве партыі Зянона Пазняка
Святар адзначае, калі ў назве нейкай палітычнай партыі ўзнікае слова «хрысціянская», то ён напружваецца, бо бачыць у гэтым спробу, як і ў выпадку з Лукашэнкам (толькі наадварот), абаперці сваю легітымнасць на Царкву. Айцец Аляксандр заклікае:
«Хопіць выкарыстоўваць Царкву ў якасці інструмента. Царква незалежная, самабытная. Яна гаворыць пра Хрыста, а не выкарыстоўваецца ўсякімі палітыкамі, каб прасунуць нейкую сваю ідэю. Нават самую правільную. Царква не для гэтага».
На думку святара, гэта шкодзіць у канечным выніку як палітыкам, так і Царкве.
Чытайце яшчэ:
БПЦ забараніла служыць святарам Георгію Рою і Аляксандру Кухце