Беларускага трэнера прызналі найлепшым у чэмпіянаце Кіпра
Гэта Аляксей Шпілеўскі, які ўзначальвае кіпрскі «Арыс», які належыць беларусу.
19.05.2023 / 11:39
Аляксея Шпілеўскага прызналі найлепшым па выніках галасавання футбалістаў лігі, пішацца на афіцыйнай старонцы клуба.
Аляксей — сын вядомага футбольнага агента Мікалая Шпілеўскага. Нарадзіўся ў Мінску ў 1988 годзе, разам з бацькамі эміграваў у Нямеччыну. Гуляў за моладзевую каманду «Штутгарта». У 2006-м траўмаваў спіну і скончыў кар'еру гульца. У 2011 годзе атрымаў трэнерскую ліцэнзію. Трэніраваў спачатку дзіцячыя і юнацкія каманды.
У канцы чэрвеня 2018 года ўзначаліў трэнерскі штаб «Дынама Брэст», але ў жніўні з-за канфлікту і непаразумення з кіраўніцтвам пакінуў клуб. У лістападзе 2018 года стаў галоўным трэнерам казахстанскага «Кайрата», з якім у 2020 годзе выйграў залатыя медалі.
У чэрвені 2021 года Шпілеўскі вярнуўся ў Нямеччыну, каб узначаліць клуб другога дывізіёна «Эрцгэбіргэ», аднак праз некалькі тураў быў звольнены з-за кепскіх вынікаў. У лютым 2022 года ўзначаліў лімасольскі «Арыс», якім валодае беларус Уладзімір Фёдараў. У мінулым сезоне клуб фінішаваў чацвёртым. А сёлета клуб ідзе на першым месцы ў чэмпіянаце. За сваю 90-гадовую гісторыю «Арыс» ні разу не быў чэмпіёнам краіны.
За клуб гуляе двое беларусаў, Яўген Яблонскі і Арцём Шуманскі, а піяр-менеджарам з'яўляецца беларускі журналіст Аляксей Дазорцаў.
Чытайце таксама:
Асаблівы. Жазэ Маўрынью двойчы за два сезоны вывеў «Рому» ў еўракубкавы фінал
«Манчэстэр Сіці» разграміў «Рэал» і выйшаў у фінал Лігі чэмпіёнаў
FIFA прадставіла лагатып чэмпіянату свету па футболе 2026 года. І ён вельмі дзіўны